Выбрать главу

- Што, я? - кажа юны Айцэн i ўвесь праменiцца ад шчасьця за гонар, якi яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.

- Так, ты, - кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае i Лютэра й Мэланхтона, абодвух iх, адзiн аднаму iм сказаць ужо няма чаго, але калi яны выбiраюцца на публiку, якая разьзяўляе рот на кожную iхнюю мудрасьць, тады ўжо iх прарывае, i яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, i, такiм чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.

Да вялiкай гадзiны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шлiцам каптан з чорным шаўковым падбоем i нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блiшчалi; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калi гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваiх гамбургскiх i як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калi раптам сам Лютэр дабраславiць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафii, а пазьней, можа, i да супэрiнтэндэнтуры. А Маргрыт толькi сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвiцы, i пытаецца, ужо цi не на запiткi да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькi да нявесты нябеснай.

Пасьля яны зьбiраюцца за вялiкiм сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й iншыя госьцi, каторыя i з жонкамi, у каго яны былi ў наяўнасьцi. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнiя промнi дня ў круглых шыбiнах вокан; ужо гараць сьвечкi й кiдаюць мiгатлiвае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушылiся зданi; але гэта толькi ад скразьняку з кухнi, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзiне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Iсус за апошняю паскай, сядзiць доктар Марцiнус, узвалiўшы на кулакi магутную галаву, i скоса пазiрае на застольле; толькi калi ягонае вока, здаровае, якiм ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, якi ўсьмешлiва сядзiць за нiжнiм краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомнiць, што нiяк яму не даецца.

Але калi ўносяць рыбу, вывараную i пад смакавiтай полiўкай, ён адкiдае нядобрыя думкi, захмараны лоб яго разьвiдняецца, i ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць i яе цудоўнасьць, кажучы:

- Скiньце толькi вокам, як прыгожа iкрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калi самчык б'е хвастом i сее малокi ў ваду, iх прымае паненка. Скiньце толькi вокам на птушак, як далiкатна прыгожа праходзiць у iх такi ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкi ў гнязьдзечка, садзiцца на iх, i вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткi; зiрнiце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!

- I усё гэта на карысьць i выгоду людцам, - дадае наш магiстр Мэланхтон, як напiсана, чалавек павiнен валадарыць над рыбамi марскiмi, над птушкамi нябеснымi, над зьвярамi польнымi й над ўсiм, што па зямлi поўзае.

- I над самiм сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - I павiнны чалавекi адзiн аднаму выпякаць вочы, i ўцiнаць рукi, i сячы, i калоць, i расьцягваць, i ламаць хрыбты, i калесаваць, i ўсякага роду гвалты чынiць. Аман.

Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцiнус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, i думае сабе: адно, калi такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампанii, i зусiм iншае, калi перад вучонымi мужамi, i ён цiха кажа Лёйхтэнтрагеру:

- Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнiкаў Марцiнуса Лютэра й Пiлiпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзiн крок наблiзiмся да царства божага.

Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваiх лёгкiх, нават з хрыбетнiкам, дый пытаецца:

- Хто вы будзеце, малады чалавек?

I пакуль фраў Катарына налiвае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялiзны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павiнна й сюды сягаць пiўное права й справядлiвасьць, юны Айцэн паведамляе, заiкаючыся ад шчасьця, хто ён такi будзе, адкуль сам будзе, i якiя ў яго планы й замахi, а доктар Лютэр схiляецца да Мэланхтона й кажа таму:

- Зьмецьце яго сабе, магiстр Пiлiп, гэты пойдзе сваёй дарогай i далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але i яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.

Хто iншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такiх слоў доктара Лютэра; ды не такi Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, i на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, i ён чуе пакеплiвы сьмех сябра й як той кажа:

- Цi ж ня выступiлi вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самi, цi дасягнулi вы гэтага? Альбо ж цi ня сталася так, што вы спалохалiся й адступiлiся i замiрылiся з магутамi сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлi ў сьвет, i што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусiм ня думае?

Тут падымаецца доктар Марцiнус Лютэр i стаiць ва ўсёй сваёй густацялеснасьцi, i ўсе за сталом як бы крыху ўцiскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, якi добра засвоiў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоiцца за свой посьпех, якi ён з такiм дбаньнем здабыў. I ён зьбiраецца з духам i кажа свайму настаўнiку Мэланхтону, цi праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагi ў чалавека; адно без аднаго суцэльнае кульганьне.

Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыi, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькi апошняй кропачкi над i, i ён дадае, што калi начальствы пабожныя, менавiта такiя, якiя караюць i не даюць ходу эпiкурэйскiм казаням, балвахвалству, iлжывым прысягам, д'ябальскiм хаўрусам i вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзецi царквы.

Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафiксавана на Лёйхтэнтрагеры, якi з усьмешкай пацягвае фраў-Катарынiна пiва, i кажа яму:

- Хто б вы такi нi былi, вы шчыкнулi мяне за сэрца. Бо калi б я, пачынаючы пiсаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзi божае слова й супрацiвяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й нiколi не асьмелiўся б нападаць на папу i ўсе ягоныя парадкi. Я думаў, людзi грашылi толькi праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць i не забаранялi сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпiлi, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.

Пасьля чаго зноў садзiцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнiя цяпер ужо як сьлед замоўклi, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так i не зразумелi й дае працяг:

- Рэдка калi робяцца добрыя справы з мудрасьцi й асьцярожлiвасьцi, хутчэй са сьляпой адвагi й збочваньня з дарогi. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, i хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.

Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.

- I хаосу таму краю ня вiдаць, - кажа ён, нiбы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылi, непадалёк ад Вiтэнбэрга.

Юны Айцэн прыгадвае начныя крокi ў пустым пакоi ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, але гэта было даўно, i доктар Марцiнус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбiваецца незадаволенасьць: чаму ён нiчога ня ведае пра такiя рэчы, чаму спатрэбiлася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносiць яму навiну, i наколькi яна верагодная?

Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму i якi ён зь сябе? I Мэланхтон кажа:

- Жыдоў усюды пропадзь, i ўсе яны падобныя адзiн на аднаго, як яйка на яйка, калi б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылi б.

Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:

- У яго да ступака быў прыбiты цьвiкамi крыж, пяць цьвiкоў на кожнай назе.

Гэта ўжо пераконвае Пiлiпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхiлку да лiтары й параграфа, у яго чульлiвае сэрца, i ён уяўляе сабе, як яно павiнна быць, калi нехта зь цьвiкамi ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, i апрача таго ён ведае, што прыйдуць благiя часы, калi той Жыд акажацца.