Выбрать главу

І з таго часу мы падаем, Люцыпар і я і астатнія, з шостага дня зь недзе-каля трэцяй гадзіны, бо Бог у гневе Сваім адвёў ад нас правіцу Сваю, у якой мы былі сабраныя, а Адаму даў узьляцець у рай на вогненнай калясьніцы, а лісьлівыя анёлы паперад ім сьпявалі хвалу, сэрафімы сьвяцілі яго, хэрувімы дабраслаўлялі яго.

І ўжо-такі неўзабаве пашкадуе, кажа Люцыпар, як што не бяз марнасьці адпрэчвае нас, не бяз шкоды сабе. Яму патрэбнае наша НЕ, як сьвятлу цемра. Але я буду гібець у глыбінях, у прасторах гэенны, і ўсё будзе павалютку й спакваля зьбірацца да мяне, бо адно цягне за сабою другое, а што прыйшло з праху, прахам жа й абернецца й не забавіцца доўга. І пры гэтых словах ён распасьцірае рукі і ў лёце ахінае мяне амаль пяшчотліва. Ах, кажу я, але ж спадзяваньне было такое вялікае, і мне шкада намогаў і клопату. Сьвет такі прыгожы! Чалавек такі прыгожы! Каб жа ж ты ня меў большага клопату! ЁН адкідае цябе, а ты яшчэ й енчыш па Ім, Яго працы шкадуючы.

Усё паддаецца пераменам, кажу я.

Але гэта так стамляе, кажа ён.

І з гэтым мы рассталіся, і ён паляцеў сваёй дарогаю, а я, Агасфэр, што азначае амаль як і любасны, сваёю.

Разьдзел другі. У якім юны Айцэн у «Лебедзях» у Лейпцыгу сяго-таго даведваецца пра бег часу й знаходзіць сабе спадарожніка, які дастаецца яму на ўсё жыцьцё

Мусіць, ёсьць нешта звышнатуральнае ў сустрэчы двух чалавек, калі адзін загадзя ведае, што гэта дзеля жыцьця альбо, прынамсі, дзеля значнай часткі яго, а другі адчувае, што прыйшоў нехта, хто спатрэбіцца яму.

Пры гэтым ніхто ня можа сказаць з поўным правам, што юны гер Паўлюс фон Айцэн, які якраз у дарозе да Вітэнбэрга й спыніўся ў Лейпцыгу ў «Лебедзях», такі тонка адчувальны альбо ўвогуле двухаблічны. Хутчэй надварот. Хоць у яго яшчэ на шчоках пушок, але ва ўсім ім ёсьць нешта закарэлае, так, быццам ён ніколі ня мроіў вясёленькімі штучкамі, якімі замаладзь звычайна набітая галава ў нашага брата. Пры тым гэта ня мусова толькі высокалётныя думкі альбо прыгожыя фантазіі, якія абрываюцца з уваходам у гасьцёўню незнаёмага, а цьвярозыя развагі й разьлікі наконт колькі ж бо тое перападзе яму са спадчыны цётачкі з Аўгсбурга, якой ён па даручэньні свайго гамбургскага бацькі, купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць, якраз рабіў візытацыю.

Незнаёмы разгледзеўся ў душным памяшканьні, у якім над галавой вечна стаіць дух поту й часныку, а гамана гасьцей утварае роўны густы шум, падобны да шуму вады, калі яна падае згары з высокага скальля, толькі вуху менш прыемны. Вось ён накульгам падыходзіць да маладога гера фон Айцэна й кажа:

— Пахвалёны вам божа, геру студыёзус, ці добра вам маецца, — падсоўвае зэдлік і садзіцца поплеч.

Памянёны фон Айцэн, хоць, праўда, недаверліва й тут жа скасіўшы вокам на мяшэчак, які ён насіў на нацельным паяску, адразу кеміць, што нялёгка яму адкараскацца ад гэтага падсуседа, пасоўваецца крышачку ўбок і кажа, як што той назваў яго «студыёзусам»:

— Альбо ж я вас ведаю?

— Такі ўжо ў мяне твар, — кажа той, — аж людзі думаюць, кожан зь іх ужо недзе бачыў мяне, такі, ведаеце, сусьветнастандартны твар, з носам і ротам, поўным зубоў, ня зусім, праўда, добрых, з вачыма й вушамі, з усім што належыцца, і з чорнай бародкаю. — І, гаворачы, надзімае ноздры, крывіць губы, паказваючы зубы, два-тры з каторых пачарнелыя, і зіркае вачмі, і паскубвае спачатку за вуха, пасьля бародку, і пасьміхаецца, але неяк бяз радасьці, нейкай яму проста ўласьцівай усьмешкай.

Юны Айцэн сочыць за жвавай гульнёй на твары суседа, але бачыць і неяк дзіўна скасабочаную сьпіну й дэфармаваную нагу й думае: не, я ўсё-такі ня ведаю яго, бо дзе ж такога забудзеш, такі западае ў памяць; аднак застаецца нейкая і рэшта з таго, што ў Франкфурце называюць дэжавю (deja vu), і ён дзіўна занепакойваецца, асабліва калі незнаёмы кажа:

— Бачу, вы кіруеце ў Вітэнбэрг, гэта якраз пасуе мне, бо як рыхтык і я ж туды.