— Дык вам і з бацькавага й з матчынага боку ліхая долечка прыпала, — ня стрымліваецца юны Айцэн, а сам сабе думае, — няшмат людзкага можа выйсьці з гэтага хлопца пры такой долі, а ўголас кажа:
— Але ж, як там яно было ў вас далей?
Той, як бы ўспалошваецца зь нейкіх сваіх успамінаў, і ягоны ўздрыг перадаецца каню, ён пускаецца ў галоп, і юнаму Айцэну прыходзіцца доўга ўлягаць сьледам, пакуль ён нарэшце не дастаецца да працягу гісторыі, да таго яе месца якраз, калі гаротніца маці, нядужая і зьнясіленая, прыносіць дзіця ў Саксонію, у горад Вітэнбэрг, там яна ў бозе спачыла, а доктар Антон Фрыз і яго добрая жонка Эльзбэта прымаюць малое, якое, усімі кінутае й забытае, яшчэ ня ўмела гаварыць, а толькі лепятала й на цэлае горла крычала, у свой сірацінец.
— За што ім ад шчыраты сэрца дзякую, — дадае Лёйхтэнтрагер, — хоць за ўсё жыцьцё я ім так і не зрабіў нічога людзкага; я ня быў ім дзіця радасьці, я быў сам сабе наўме, хаваў у сабе ўсё, што думаў, і дзе іншыя казалі, што, во! так яно ёсьць і так яно было спрадвеку, і гэта добра, там я пытаўся, а чаму? і гэтым самым бянтэжыў усіх і за тое шмат калі даставаў па храпах.
— Але ж бывае й так, — гарачыцца юны Айцэн, — калі добры хрысьціянін не павінен пытацца, чаму.
— Калі б чалавек ня пытаўся, чаму, — кажа прыяцель, — мы і сёньня сядзелі б у раі. Калі б ня собіла Еве дапытацца, чаму ёй забаронена пакаштаваць яблык.
— Найперш, — адказвае Айцэн, — яна была дурная баба, а там — гэта ж зьмей нашаптаў ёй. Аслані нас божа ад такіх зьмеяў.
— А я вось разумею таго зьмея, — кажа той. — Зьмей-такі бачыў, што бог спадобіў чалавека дзьвюма рукамі для працы й галавою для мысьленьня, а навошта яму ўсё гэта прычындальле ў раі? Урэшце, яно было б у яго адвінчана, як усё, што ня мае ўжытку й скарыстаньня, і што ж бы тады, геру студыёзус, сталася з тым божым падабенствам?
Юны Айцэн ня ўпэўнены, пакепвае зь яго прыяцель, а ці не, і ён рашае вярнуцца назад на цьвёрды грунт і таму паўтарае тое, чым настаўляў яго ў дарогу пастар Эпінус у Гамбургу: што менавіта ж бо толькі вера шчасьціць чалавека, а ня веда. На што, каб ужо зноў ня ўблытвацца ў дыспут, у якім і па вушах дастаць можна, запрашае таго распавядацца далей.
І той расказвае, як усё было пры сьмерці яго прыёмнага бацькі, доктара Фрыза, як ён паклікаў яго да сябе й сказаў:
— Сыне мой, а я заўсёды меў цябе за сына, хоць у дом мой ты трапіў гаротнейшы за знайдыша, згаладалы, зьдзічэлы як кара божая, і мая шчасная жонка й я кармілі цябе з волі Хрыста, сыне мой, з гэтым я перадаю табе як спадчынную долю тваёй кроўнай маці й твайго законнага бацькі тое, што твая маці насіла пры сабе, калі была знойдзена мёртвая, гэта не якая там каштоўнасьць, больш дзеля сантыменту — item, хустачка, вылінялая, зь дзьвюма цёмнымі плямамі крыві, я сам дасьледаваў іх прыроду, і гэта адбітак крывавых вачніц твайго бацькі; item, срэбраная манэта, з выявай галавы рымскага кесара на ёй; і нарэшце, кавалак пэргаманту з габрэйскімі пісьмёнамі і з паметай на ім рукою твайго бацькі пра тое, што манэта, як і пэргамант атрыманы ад аднаго старога жыда, які быў разам зь ім перадмяцежнымі днямі. Пасьля чаго прыёмны бацька даверліва перадаў яму ўсё гэта й неўзабаве пасьля спачыў у міры; а ён, Лёйхтэнтрагер, «начны вартаўнік», паклаў усе гэтыя тры рэчы ў скураную торбачку й носіць яе з таго часу заўсёды пры сабе, як свайго роду талісман-кудмень.
І калі Айцэн чуе пра жыда, які быў пры бацьку прыяцеля, яму адразу згадваюцца Вечны Жыд і начныя крокі ў суседнім пустым пакоі, а таксама словы таго другога, калі ён сказаў, што шукае нейкага жыда й таму прыйшоў у Лейпцыг, і хоць яму крышачку несамавіта на душы, а ўсё ж пад'юджвае цікаўнасьць, і ён кажа, што носіць на грудзях асьвечаны крыжык, які яму дала яго дарагая мама й які ён паказаў бы Лёйхтэнтрагеру, калі гэты наўзаем пакажа яму свой амулет.
Той падае яму з каня і ляпае юнага Айцэна па плячы, аж гэты ўздрыгвае, і кажа яму, што, калі яму хопіць сілы глядзець на д'ябальскую рэч, дык будзь ласка. І як што якраз насьпела даць коням выпасу, яны спыняюцца, пускаюць коні на мураўку, а самі садзяцца на два пянькі, прыяцель лезе запазуху па сваю торбачку й паказвае Айцэну спачатку манэту, добра захаваную, можна разгледзець кожную лаўровую лісьцінку на галаве ў кесара, а пасьля хустачку зь дзьвюма рудымі плямамі й нарэшце абрывак пэргаманту.