Выбрать главу

Машына забуксавала ў гразі. Ён пераключыў скорасць. Матор захліпаўся ад натугі. У кабіне зрабілася горача. Чуць выскачылі з лужы на драўляны насціл грэблі. Зноў затрэсла, падкінула. Зноў загалёкалі хлопцы, завішчалі дзяўчаты. Ім весела. Вясна, падарожжа і... ніякіх турбот...

I тады ён сказаў ціха-ціха:

— Я люблю...

Быццам вельмі моцнага, п’янкога і незвычайна салодкага віна каўтнула я. Закружылася галава і захацелася смяяцца. Але я маўчала, аддаўшы вочы дарозе.

Ён паўтарыў гучней:

— Люблю...— і як бы задыхнуўся і яшчэ ніжэй схіліўся над рулём.

Я маўчала. Ён паклікаў нясмела, вінавата:

— Міхаліна Казіміраўна...

Я павярнулася, падарыла яму ўсю цеплыню вачэй сваіх і сказала сур’ёзна, з трапятаннем:

— I я... і я...

Тады ён засмяяўся. I я таксама. Напэўна абаім нам зрабілася вельмі хораша. Лёгка і проста. Аб тым, што нас чакала наперадзе, мы, безумоўна, тады не думалі. Мы нібы перадужалі цяжкую перашкоду, якая раздзяляла, і цяпер зблізіліся, зрадніліся. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце, пра самыя патаемныя і самыя інтымныя рэчы, як могуць гаварыць толькі вельмі блізкія людзі.

Машына выскачыла з гразі на сухую дарогу. Скончыўся малады лісцвянік — алешнік ды асіннік, і пачаўся стары бор — рэдкія сосны адна ў адну, аблітыя сонцам.

Хлопцы гукнулі «ўра!» Мне здалося, што гэта яны нам, нашаму прызнанню, радасці. I я зноў засмяялася. I ён, Саша, засмяяўся. Але, Саша... Я тут жа ўпершыню гэтак звярнулася да яго. Атрымалася натуральна, быццам не завуч сядзеў побач, а мой малы Сашка. Яго гэта так кранула, што ён на нейкі міг забыўся на руль, схапіў руку маю, пацягнуў, каб пацалаваць.

— Міхаська...

Машыну павяло ў бок, на сосны. Ён паспеў крута выраўняць яе.

Ап’янелыя ад вясны, бору, траскі і гэткіх віражоў, раўлі ад захаплення хлопцы. А мы, супакоіўшыся нарэшце, пачалі гутарыць проста, па-дамашняму, пра ўсялякія прыемныя дробязі: пра вучняў, пра настаўнікаў... Толькі двух чалавек не ўспаміналі: Генадзя і Любу. Мы без змовы забыліся на іх. Свет для нас дваіх існаваў без усяго таго, што магло быць перашкодай нашаму каханню, нашай душэўнай блізкасці.

Ніякага нафтавага фантана мы не ўбачылі. Шчыліну даўно заткнулі. Засталіся рэшткі буравога абсталявання, масляністыя плямы на пяску ды... заспаны і сярдзіты дзед-вартаўнік, які чамусьці трымаў у сакрэце, як ваенную тайну, куды перабраліся геолагі. Вучняў такая карціна засмуціла, але нас з Сашам ніколькі. Нам нават ад гэтага было весела, што фантана няма. Ды і ці быў ён? Ці было ўсё іншае да гэтага дня?

Каб паездка не была дарэмнай, Алег Барысавіч прапанаваў з’ездзіць на Прыпяць — паглядзець разліў. Мы падтрымалі з радасцю. Яшчэ б! Мы паехалі б хоць на край свету, бо ў кабіне былі двое, як у космасе, ніхто не замінаў нам, і ніхто нічога благога не мог падумаць.

Дабраліся да Прыпяці. Дарога была нялёгкая. Але нам, чым даўжэй, тым лепш. Выехалі на пясчаны пагорак, з якога адкрыўся абшар залітага вадой лугу. Вучні кінуліся па касагоры ўніз да вады. I Алег Барысавіч. А мы засталіся. Мы стаялі за машынай, нябачныя. I ён абняў і пачаў цалаваць мяне. Горача... Казаў ласкавыя, непатрэбныя словы. I я цалавала яго і казала такія ж словы. Аднак у нейкі міг мне зрабілася сорамна, што мы вось так цалуемся, хаваючыся за машынай. I, здаецца, упершыню я падумала пра Генадзя, пра майго маленькага Сашку. Вырваўшыся з абдымкаў, я пайшла за вучнямі. Твар гарэў, і, напэўна, ад пацалункаў прыпухлі вусны. Я баялася набліжацца да вучняў. Яны клікалі мяне, а я рабіла выгляд, што не чую, і ішла ўбок па сухім грудзе, што далёка, можа, да самай Прыпяці, жаўцеў пяском пасярод мора іскрыстай вады.

Назад мы ехалі моўчкі, як вінаватыя. I трэба сказаць, я была

ўдзячна яму за гэтае маўчанне. Яно таксама збліжала нас: аднолькавыя перажыванні, пачуцці... На паўдарозе Аляксандр Дзямідавіч даў весці машыну дзесяцікласніку Валодзю Багуну, а сам палез у кузаў. I гэта таксама было тактоўна і хораша. Размова з вучнем, простая, немнагаслоўная (хлопец трохі бянтэжыўся), неяк супакоіла, адвяла ад думак пра маё каханне, пра тое, чым яно можа скончыцца.