Але дома мне стала страшна. Антаніна Аркадзеўна была добрая, клапатлівая. Нагрэла вады, прыгатавала святочную вячэру. Генадзь кпіў. Ён яшчэ раней выказваўся скептычна пра гэтую нашу паездку і цяпер быў задаволены, што мы нічога не ўбачылі. Лашчыўся Сашка. I я сказала сабе: «Усё! Нічога не было і нічога не будзе! Усё застанецца ў маім сэрцы, назаўсёды пахаванае».
Але паклікаў ён — і я на ўсё забылася, на ўсе свае зарокі. Ён шапнуў мне ў школьным калідоры:
— Міхаська, я чакаю цябе сёння за рэчкай, у бярэзніку.
I я пабегла, як васьмікласніца на першае спатканне, — са страхам, з нецярплівым трапятаннем, з радасцю і болем.
Потым мы сустракаліся колькі разоў, вось так хаваючыся ў дальніх пералесках. Хованкі такія не абражалі — была ў іх рамантыка і рызыка. Навокал красавала вясна, лясы поўніліся каханнем. I мы адарваліся ад зямлі і ўзляцелі ў неба. Здарылася тое, што непазбежна павінна было здарыцца, калі двое, не юныя ўжо, вось так кахаюць. Пасля хвілін салодкага ап’янення прыйшла цвярозасць. Яшчэ лежачы на яго гарачай руцэ, я без страху, без панікі, без расчаравання і раскаяння, але вельмі сур’ёзна, як ніколі раней, падумала:
«Бясконца так прадаўжацца не можа. Раней ці пазней нас выкрыюць. I што тады?»
Я спытала ў яго:
— Саша, а што далей?
Ён не адказаў адразу. Маўчаў доўга. Я здагадалася, што ён думае пра тое ж самае і, можа, нават больш пакутліва, больш сур’ёзна. I мне чамусьці зрабілася сумна і балюча. Я сказала:
— Давай з’едзем куды-небудзь. Я вазьму свайго Сашку...
Ён устрапянуўся.
— А я?..
Не даказаў, не выказаў усяго... Але гэта і непатрэбна было. Хіба не зразумела, што ён гэтак жа думаў пра сваіх дзяцей? I як я не магла пакінуць свайго Сашку, так і ён не мог пакінуць сваіх Дзімку і Гальку. Не любіць жонку, пакахаў другую... Але для яго гэтае каханне — не радасць, а трагедыя. Не той ён чалавек, каб лёгка ўсё пакінуць, на ўсіх забыцца, дзеля дзяцей ён гатовы несці свой крыж да скону жыцця.
Другая жанчына магла б папракнуць: «Навошта ж ты спакусіў мяне?» Я не кінула ні слова папроку. Завошта? За тое, што даў мне хоць кароткую радасць? Наадварот, я, здаецца, пакахала Сашу за гэтую яго чалавечую слабасць яшчэ мацней. I сябе не ўпікала, не карала. Што адбылося — таго не вернеш. Але не думаць пра тое, што чакала і мяне і яго, не магла. Сказала:
— Тады нам не трэба сустракацца... Я не магу так. Саша, мілы, зразумей, не магу вось так хавацца, хлусіць. Я ўсё жыццё пражыла сумленна. Баюся я, што не вытрымаю і ва ўсім прызнаюся Генадзю. Што тады будзе?..
Ён зноў доўга не адказваў. Моўчкі глядзеў на неба, дзе загараліся зоркі.
«Няма яе, зоркі нашага шчасця»,— сумна думала я.
— Мне будзе цяжка. Мне вельмі нялёгка ад Любінай любві,— ён уздыхнуў і тут жа быццам спалохаўся жонкі: — Не, я нічога дрэннага пра яе не кажу. Яна цудоўная маці, гаспадыня...
Я перапыніла яго, сказала:
— I мне будзе цяжка.
— Я разумею цябе,— з болем адказаў ён.
— I я разумею цябе, Саша. А таму няхай наша каханне застанецца такім у нашых сэрцах, яго ніхто не забрудзіць. На большае ў нас не хапае мужнасці...
— Не хапае,— сумна згадзіўся ён.— У мяне не хапае.
— Ведай, Саша, родны мой: я кахаю на ўсё жыццё. Пакліч — і я прыйду. Але не сюды! А цяпер — усё! — і я імкліва паднялася.
Ён спрабаваў затрымаць — я не спынілася.
Расплата прыйшла не адразу — тыдні праз два пасля гэтага апошняга нашага спаткання. Відаць, той, хто высачыў нас, меў нейкае сумленне і доўга вагаўся, не адважваўся ўнесці разлад у дзве настаўніцкія сям’і. Але ўрэшце ўсё-такі спакусіўся. Кажуць, што высачыў нас калгасны брыгадзір, сам п’янюга і бабнік. Для мяне гэтыя два тыдні, можа, былі самыя пакутлівыя ў жыцці. Я як бы развітвалася з каханым назаўсёды, развітвалася доўга, пакутліва: кожны дзень бачыла яго і кожны дзень адчувала, як мы паволі аддаляемся адно ад аднаго, каб ніколі не быць разам, ніколі не зведаць радасці гарачых абдымкаў, пацалункаў, блізкасці. Адначасова карала сябе за здраду Генадзю, з якім лёс і наш сын парадніў на ўсё жыццё. Кажуць, пакахаўшы другога, жанчына пачынае ненавідзець мужа, які звязвае яе. Не, я да Генадзя не адчувала ні нянавісці, ні агіды. Я проста шкадавала яго. I сябе. Разоў колькі парывалася прызнацца яму. Спыняў мяне не столькі страх — што пасля будзе са мной? — колькі думка пра тое, што адбудзецца ў сям’і яго, Аляксандра Дзямідавіча. Люба, з яе няўрымслівай бесцырымоннасцю і грубасцю,— гэтыя якасці яе раней падабаліся і смяшылі — цяпер стаяла перада мной страшнай зданню адплаты. Я халадзела ад аднае думкі пра «Гром-бабу». Гэта было як прадчуванне.