— Мамка.
— Пакладзі сына! Мой сын! — крычаў Генадзь.
Зноў яго адхіліла маці, сярдзіта загадала:
— Не крычы! Спалохаеш дзіця,— і спакойна папрасіла: — Не гарачыся, Міхаліна. Раніца за вечар мудрэйшая. Хіба мала месца ў гэтым доме? Не трэба гарачыцца, дзеці. У жыцці ўсё бывае. Трэба разабрацца спакойна.
Я паківала галавой: не, не магу. I яна, старая разумная жанчына, сумна адступіла, каб прапусціць мяне да дзвярэй.
Я пайшла да нашай нянькі — да цёткі Уліты, удавы, жанчыны, па-вясковаму разуменню, дзікаватай: не па-сялянску няўвішнай, павольнай, аскетычнай у сваіх патрэбах, але надзвычайна акуратнай і чыстай. У сяле так яе і называлі — Уліта Чыстая. Я спачатку нават думала, што прозвішча ў яе такое. За чысціню Антаніна Аркадзеўна і ўпрасіла яе, каб яна паняньчыла Сашку. А пасля адзінокая жанчына так палюбіла нашага хлопчыка, што, калі і не трэба было, у выхадныя дні, улетку, усё адно наведвалася па колькі разоў на дзень.
Уліта ўжо спала, але нашаму з Сашкам позняму прыходу не здзівілася. Яшчэ адна яе асаблівасць: нічога яе не здзіўляла, і нічога і нікога яна не баялася. Я думаю, што ў гэтай малапісьменнай жанчыны выхавана найвышэйшая культура пачуццяў, да якой большасць з нас яшчэ не дарасла.
— Пасварыліся? — спытала яна так, быццам сварка ў нашай сям’і была звыклай з’явай. А гэта ж не так, мы ніколі не сварыліся. Здаралася, што Генадзь бурчэў, я ўспыхвала, як запалка, але заўсёды побач была разважлівая, разумная Антаніна Аркадзеўна.
Я не адказала Уліце. Што я магла адказаць у той міг? Яна сказала, укладваючыся на падлозе, бо ложак адступіла нам з Сашкам:
— Нічога, памірыцеся. Мілыя сварацца — толькі цешацца. Твой,— Уліта ўсім казала «ты»,— хоць ціхі, а мой нябожчык, бывала, з кулакамі лез. А нічога — жылі.
Вось тады мне захацелася заплакаць. Усю бяссонную ноч я бязлітасна карала сябе: чаму я не такая, як іншыя жанчыны? Пэўна, я брыдкая, разбэшчаная эгаістка. Не думаю пра блізкіх сваіх, разбіваю жыццё Генадзю, які так упэўнены, што ашчаслівіў мяне, жаніўшыся... А галоўнае — Сашка. Яго, маленькага, які нічога не разумее, адрываю ад бацькоўскай ласкі, ад бабулі, якая так хораша ўмее выхоўваць... Пакутлівая гэта была ноч. Першая такая і не апошняя.
А ўзышло сонца — і я неяк нечакана і дзіўна супакоілася. Быццам абтрэсла з сябе ўсё, адагнала, як дурны сон, напілася ранішняй расы і... распусцілася, як бутон, заззяла маладосцю і бадзёрасцю. О, гэтыя пераўтварэнні і павароты ў маёй душы — да чаго яны давядуць!..
Пайшла ў школу, як нічога не было. I зусім не баялася сустрэцца з Генадзем, з ім — Сашам. I што яны сустрэнуцца — таксама не баялася. Але яны не прыйшлі — ні той, ні той... Аляксандр Дзямідавіч тыдзень не хадзіў — захварэў. Пасля з’явіўся з пабляднелымі сінякамі і загаіўшыміся драпінамі.
Я ўвайшла ў настаўніцкую і адразу ўбачыла па тварах сваіх калег, па іх настрою, што Люба папрацавала як мае быць, што яна і не думала нават, каб хоць крыху стаіць ад людзей сваю драму, наадварот, раззваніла па ўсім сяле, паскардзілася дырэктару, сакратару партарганізацыі, а неўзабаве я даведалася — і вышэй: у райана, у райком. Яна не мела і кроплі літасці не толькі да мяне, але і да свайго мужа, да сваёй уласнасці, якую хацела такім чынам утрымаць, зберагчы.
Настаўнікі былі ашаломлены, што я прыйшла вось такая, па-святочнаму адзетая, прыгожая, амаль вясёлая. Магчыма, гэта была мая памылка. Іх шакіравала. Яны не ведалі, як на мяне глядзедь, што казаць, нават мае лепшыя сяброўкі — Роза Абрамаўна і Мая. Адзін Павел Адамавіч, наш дзівак «Анікум», безумоўна, на злосць усім, быў са мной, як ніколі раней, добры, ласкавы, жартаваў. Не, не толькі на злосць. У яго свае перакананні, якія ён пасля выказваў мне...
Усе астатнія настаўнікі трывожыліся, што няма Аляксандра Дзямідавіча. Ён — старшыня камісіі. Ішлі экзамены. У восьмых і адзінаццатым. А дзесятыя яшчэ займаліся.
Я пайшла ў дзесяты «Б», мой любімы клас, з якога большасць нашых акцёраў. Пайшла да званка, бо ўрока ў той дзень майго не было. Захацелася паглядзець: ведаюць вучні? Ведалі. I, мабыць, абмяркоўвалі гэтую сенсацыю, бо ўсе былі ў класе і збянтэжыліся, калі я ўвайшла. Не чакалі. Я не думала казаць ім што-небудзь. А тут не вытрымала. Сказала:
— Я ведаю, што вы чулі і яшчэ пачуеце, і праўду і плёткі. Плётак будзе больш, як заўсёды пры такіх гісторыях. Вы ўжо дарослыя людзі, і мне хочацца, каб вы ўмелі разабрацца і зразумець без абывацельскіх забабонаў... Ведайце адно, адну праўду ва ўсім гэтым: я кахаю Аляксандра Дзямідавіча.
Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Я падумала, што паводжу сябе не зусім натуральна, тэатральна неяк, пэўна, ад нервовай узбуджанасці. Ці не лепш мне схавацца, як Генадзю, і не выходзіць з маленькай і чысценькай хаты, пакуль не ўтаймуюцца етрасці? Але вельмі хацелася пабачыць Сашу. Як адчувае сябе ён? Няхай бы хоць адным позіркам падбадзёрыў сваю гаротную каханую! Больш мне нічога не трэба ад яго.