У тую раніцу звычайнага будняга дня з’явілася ў мяне дзіўнае жаданне: надзець сваё найлепшае плацце і тую кофтачку, якую падаравала Антаніна Аркадзеўна. Кофтачку гэтую я вельмі берагла і надзявала толькі ў самыя ўрачыстыя святы, бо другой такой кофтачкі не было нідзе — яе звязала свякруха сама і звязала так, што жанчыны ахалі, калі ўпершыню бачылі гэты белы цуд з чорнай і чырвонай акаймоўкай; вочы ў іх загараліся зайздрасцю. Жонка сакратара райкома знарок прыязджала і прасіла Антаніну Аркадзеўну, каб тая звязала такую кофтачку ёй. Я была пры іх размове. Антаніна Аркадзеўна зачырванелася, разгубілася.
«Што вы, што вы, галубка. У мяне ўжо сляпыя вочы. Ды і звязаць так можна толькі раз у жыцці».
Сакратарысе, відаць, стала няёмка, што патурбавала такой недарэчнай просьбай заслужаную настаўніцу, і яна хуценька развіталася.
О, як мне было радасна чуць і назіраць гэта! Помню, я не ўтрымалася, абняла свякруху, пацалавала ў шчаку, хоць увогуле да такіх пяшчотаў не прывучана і не люблю іх. «Якая вы слаўная, Антаніна Аркадзеўна! Як я люблю вас!»
Яна ласкава адхіліла мяне, сказала:
— Не такая я добрая. Вучні лічаць мяне злоснай. Як бы ў цябе не было, як у таго Сашкі. Ён кажа: «Бабуська, я вельмі-вельмі люблю цябе». А праз хвіліну: «Баба, ты — бяка, не буду цябе любіць».
Сашка — мой сын, яму тры гадкі.
Але я люблю яе, сваю свякруху. I цяпер нават. Паважаю. Яна — разумны чалавек і сапраўдны педагог. Аднак не скажу, што ва ўсіх нашых адносінах была поўная шчырасць. Я трошкі баялася яе, бо адчувала, што пры ўсёй надзвычайнай дабраце і ласкавасці яна ставілася да мяне неяк насцярожліва, быццам таксама баялася, што я магу зрабіць нейкую непрыемнасць, калі не ёй самой, то Генадзю. Калі яна праўда баялася, то, як бачыце, недарэмна, было ў яе чуццё.
Надзець плацце, я адчувала, можна без тлумачэнняў. Генадзь напэўна ўвогуле не прыкмеціць: ён абыякавы і да свайго ўласнага ўбрання і да майго. Свякруха далікатна прамаўчыць. Мала што можа прыйсці ў галаву маладой жанчыне! Няхай пакрасуецца, калі ёй так захацелася. Але кофтачка... Тут не стрымаецца ўжо муж. Спытае. Бо кофтачку гэтую — матчын падарунак яго жонцы ў дзень вяселля — ён таксама бярог раўніва. I што я адкажу? Не магла ж я сказаць, што заўсёды, з малых год, з нецярплівасцю чакала сустрэчы з кожным новым чалавекам. Праўда, заўсёды мне здавалася, што новы чалавек прынясе нейкую новую радасць, яшчэ чуць больш падыме заслону, за якой — дзівосны, казачны свет. Відаць, гэта ў мяне ад таго, што я расла ў лесе, але на чыгунцы. Бацька мой быў пуцявы абходчык. Будачнік, як у нас кажуць.
Міма будкі штодня праносіліся цягнікі, у вокнах пасажырскіх мільгалі твары, з тамбураў таварных прыветліва махалі кандуктары. Але людзі гэтыя ніколі не маглі зайсці ў нашу будку. А мне так хацелася малой, каб хоць раз цягнік спыніўся і ўсе пасажыры, многа-многа людзей, зайшлі да нас у госці. О, якое б гэта было свята, здавалася мне! Колькі цікавага яны маглі б расказаць, паездзіўшы па свеце. У нашу будку ўвогуле рэдка хто заходзіў, яна была сярод пушчы, далёка ад вёсак. Наведваліся толькі суседзі — будачнікі, ляснік, зрэдку паляўнічыя, і ўлетку, калі збіралі чарніцы, у святочныя дні забіраліся ў такую далеч жанчыны. Яны такі праўда прыносілі радасць — незвычайныя расказы пра вясковыя прыгоды і здарэнні, якія здаваліся мне самымі цікавымі казкамі. У інстытуце, у гарадскім мнагалюддзі гэтае нецярплівае чаканне новых людзей, вядома, было прыглушана. А тут, у сельскай школе, яно зноў з’явілася.
Аднак... што пра мяне маглі б падумаць і муж і свякруха, каб я прызналася, што адзецца па-святочнаму мне захацелася таму, што сёння ў школе ўпершыню з’явіцца новы завуч, які толькі ўчора вечарам прыехаў з другога раёна.
Паводзіла я сябе ў тую раніцу, відаць, незвычайна. Можа, залішне была ўвішнай. Ці, можа, нечакана задумвалася, бывае са мной такое, зноў-такі пэўна ад ляснога маленства, ад чыгункі, на якой я магла нерухома стаяць гадзінамі і глядзець, як над нагрэтым насыпам плывуць хвалі мроіва, як скачуць праз рэйкі «зайчыкі», ці слухаць, як гудуць правады. Між іншым, гэтак жа, як хацелася, каб у будку прыйшлі новыя людзі, так мне хацелася ведаць усе словы, якія бягуць па дратах.
Мы селі снедаць. Антаніна Аркадзеўна не любіла неарганізаванасці, паспешлівасці, «перакусаў на хаду», як гэта робяць многія нашы калегі. Мы снедалі, абедалі, вячэралі грунтоўна, можна сказаць, урачыста, у зале — самым большым і светлым пакоі, за добрым сталом, засланым белым льняным настольнікам, з поўнымі прыборамі.
Я, як толькі выходзіла са спальні і казала свякрусе, якая ўставала раней: «Добрай раніцы, мама», — ужо здагадвалася, чый дзень яна рабіла — свой ці мой. Маіх дзён было менш, часам тыдзень і больш я была ў хатняй працы толькі добраахвотнай памочніцай. Але калі ўжо Антаніна Аркадзеўна вырашала, што дзень павінен быць мой, то давала мне поўную самастойнасць, сама нават не заглядвала на кухню... Я павінна была згатаваць снеданне, падаць на стол, прыбраць... У свае дні яна ніколі не прасіла дапамогі, хоць, праўда, рэдка адмаўлялася ад яе. Так яна прывучала нявестку да парадку, выхоўвала акуратную гаспадыню, добрую жонку свайму сыну. Я ж была дзікая, лясная. Мяне інстытут не вельмі «абгабляваў». Не вучылі ж нас там смачна гатаваць, прыгожа стол сервіраваць і культурна прыслужваць... мужу. Між іншым, мне доўга здавалася, што Генадзь яшчэ больш «сукаваты», чым я, што ён абыякавы да ўсяго гэтага педантычнага парадку, які завяла і падтрымлівала маці, што ён, як малое дзіця: дзе ні ступіць — зробіць беспарадак. Я не аднойчы думала пра свякруху: «Усіх яна ўмее выхоўваць, нават мяне так хутка «прыцёрла» да свайго густу і ладу, а ўласнага сына не здолела выхаваць».