Выбрать главу

Ад нечаканасці Аўсянік войкнуў, як малы. Я злосна тыцнула кулаком у яго блішчастую фізіяномію. Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла костачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Ён не супраціўляўся, не закрычаў, не ўдарыў у адказ, не схапіў за рукі, каб стрымаць. Засланіўшыся рукамі, адступаў да дзвярэй. Адчыніў іх спіною і толькі тады, калі апынуўся ў калідоры, страшны, з перакошаным, ажно нейкім фіялетавым, тварам, прахрыпеў:

— Ну, ты мяне папомніш!

Нікога ў жыцці я не біла, хіба малая зрэдку цягала за чупрыну брата, а ён мяне. А тут як успомню, з якой злосцю і... асалодай я дубасіла гэтага выпеставанага парсюка, робіцца смешна і страшна. За сябе страшна — што магу так біць чалавека.

Мабыць ад усяго разам — ад крыўды, абразы, ад біцця гэтага — сама, там жа, у кабінеце, істэрычна разрыдалася, ніколі ў мяне такой істэрыкі не было. Можа гадзіну раўла, білася, як у ліхаманцы, усё ніяк супакоіць сябе не магла.

Дні праз тры наш добры Андрэй Пятровіч з вінаватым выглядам даў мне прачытаць загад райана. Пераводзілі мяне не ў Затон, не, далей, у суседні раён, сельскагаспадарчая тэрыторыя якога далучана да нашага.

Я паехала ў райана. Па дарозе, як кажуць, завяла сябе. Таму да Аўсяніка ўскочыла з ходу, амаль адпіхнуўшы сакратарку, якая з нехарактэрнай для яе рашучасцю хацела загарадзіць дарогу: «У Леаніда Міхеевіча нарада».

Як ён разгубіўся спачатку, гаротны Леанід Міхеевіч, калі ўбачыў мяне! Ажно ў самой у мяне астыў ваяўнічы запал. У яго сапраўды сядзелі чалавекі тры ці чатыры незнаёмых мне людзей.

Я сказала:

— Калі вы зараз жа не адменіце свой загад, я пайду і раскажу пра ўсё ў райкоме і пракурору.

Ён збялеў, але на імгненне. Не паспела я перавесці дыханне, як ён тут жа, як чараўнік, пераўтварыўся. Куды дзеліся яго разгубленасць, спалох! Заклаў рукі за спіну, прыўзняўся на насочках — бог і цар! Паважны, спакойны. Відаць, добра рыхтаваўся да майго прыходу, збянтэжыла яго толькі нечаканасць. Сказаў добразычліва, з усмешкай:

— Жарчынская, вам не да твару шантаж. Такой жанчыне! Ваша гордасць выклікала павагу. Не ўніжайцеся да шантажу. Паверце: загад — не мая ініцыятыва. Такога загаду ад мяне патрабаваў партком. Пагаварыце з Васілём Іванавічам!

Адразу ён абяззброіў мяне. Я зразумела, што весці вайну з Аўсянікам няма сэнсу, што мой расказ пра яго паводзіны сапраўды будзе прынімацца за шантаж. А шантажыст — горш за даносчыка. Я сама ненавіджу такіх людзей.

Пайшла ў партком. Там я не магла зайсці да сакратара з ходу. Не райана... Я ніколі не вызначалася смеласцю перад старэйшымі па чыне. Ды і не было ў мяне дагэтуль прычын мець справу з высокім начальствам. Дэкан факультэта, дырэктар школы, завуч — не вышэй. На маё шчасце, яны былі чулыя, сардэчныя людзі. Аўсянік — першы такі на маім шляху. Ён адзін не мог разбурыць маю веру ў чалавечую дабрату.

У прыёмнай мяне трымалі доўга. Сакратарка, непрыгожая жанчына ў гадах, далажыўшы пра мяне, не вельмі прыветліва запрасіла сесці і чакаць. Пра мяне тут ведалі, пра маю гісторыю. Але, безумоўна, ніхто не ведаў, што тварылася ў маім сэрцы! Аўсянік пастараўся — даў характарыстыку, можа, і не вельмі благую па іншых пунктах, але такую, каб на выпадак чаго застрахавацца: маўляў, ад такой жанчыны ўсяго можна чакаць. Сакратарка выйшла і адразу ж у прыёмную, нібыта па справе, пачалі заглядваць работнікі парткома, усё больш маладыя інструктары. Аглядалі мяне, як нейкую славутасць. Гэта пачало абражаць. Як хваля, узнімалася абурэнне, і я пачала баяцца за самую сябе — не нарабіць бы глупства!

Адзін малады інструктар гучна сказаў за дзвярамі:

— Не дзіва. У такую і я закахаўся б.

Гэта мяне развесяліла і супакоіла.

Да сакратара прыйшоў старшыня райвыканкома (я ведала яго), прывітаўся і таксама з цікавасцю агледзеў: што за птушка такая заморская? Другім прайшоў з выгляду сярдзіты малады чалавек у цёмных акулярах. Ён не прывітаўся і, здаецца, не праявіў ніякай цікавасці. Неўзабаве туды ж, за абабітыя карычневым дэрмацінам дзверы, прашмыгнуў і Аўсянік, спружынячы на насочках, самаўпэўнены, ззяючы. Весела кіўнуў мне, як бы падбадзёрваючы: маўляў, не гаруй, Міхаліна!

Ён жа праз хвіліну і паклікаў мяне. Шырока адчыніў дзверы, як перад ганаровым госцем:

— Прашу вас, Міхаліна Казіміраўна.

Я ведала нашага сакратара Васіля Іванавіча даўно, гады два ўжо. Ён часта прыязджаў у калгас, не мінаў школы. Гэта падабалася настаўнікам. I сам ён падабаўся. Просты, вясёлы, інтэлігентны. Любіў пагаварыць з людзьмі. На яго даклады клуб бітком набіваўся.