На маё шчасце, завуча яшчэ не было. Яго чакалі. Пра яго гаварылі. I мяне зноў апанавала хваляванне. Я пачала яго чакаць з такой жа нецярплівасцю, як у маленстве чакала кожнага новага чалавека, і з тым жа прадчуваннем, што з ім прыйдзе штосьці незвычайнае, радаснае. Сэрца як бы рвалася яму насустрач: білася мацней і мацней. Гарэлі шчокі,
I вось адчыніліся дзверы...
Я трохі не ахнула. Не, не бойцеся, ніякай нечаканай сустрэчы не адбылося, бо ніякіх рамантычных гісторый у мяне ніколі раней не было. Я ўпершыню ўбачыла гэтага чалавека. Ён быў звычайны. Мужчына год трыццаці, хударлявы, стройны, з выразным, але не сказаць каб прыгожым, проста так — сімпатычным, як кажуць жанчыны, тварам. Сэрца маё ёкнула і сарвалася з месца ад таго, што здалося: даўно-даўно і вельмі добра ведаю гэтага чалавека. Ён — з маёй мары, з той, дзявочай, калі ўпершыню пачынаеш думаць пра таго, хто павінен прыйсці ў тваё жыццё, узяць за руку і павесці за сабой, стаць бацькам тваіх дзяцей, пачынаеш уяўляць яго і ствараеш вобраз выдуманага абранніка.
Ён быў такі — Аляксандр Дзямідавіч. 3 мары. Генадзь не такі. Генадзя мне падаравала звычайнае жыццё. Я не марыла пра яго нават пасля таго, калі мы пазнаёміліся на трэцім курсе і пачалі сустракацца, хадзіць у кіно, у тэатр, на вечары. Я люблю людзей увогуле, мне цікава з кожным чалавекам, і мне цікава было з ім, з Генадзем. I я пераканала сябе, што люблю яго. Хіба я ведала, якая яна любоў? Праўда, калі на пятым курсе ён прапанаваў выйсці за яго замуж, я была трохі разгубілася і завагалася, папрасіла даць мне падумаць. Але дзяўчаты, мае сяброўкі па курсе, крычалі ад захаплення, а можа, ад зайздрасці: «Ліна, ты радзілася ў сарочцы. Такі хлопец! Золата! 3 такой сям’і! Само шчасце ідзе да цябе. А ты яшчэ думаеш! Дурная!» Прыкладна гэтак жа напісалі мне маці і старэйшая сястра, жонка ляснічага: «Пашлюць у такую глухамань, як наша, дык ніякага жаніха не знойдзеш. За трактарыста выйдзеш».
Калі нарадзіўся Сашка, я зусім упэўнілася, што люблю Генадзя, што інакшага кахання не бывае, не бывае і інакшага шчасця, як маё, што мары мае тыя дзявочыя — з кніжак, з дваранскіх раманаў, а не ад нашага жыцця, дзе ўсё куды прасцей.
Ажно — не, выходзіць, не прасцей.
Ён, завуч наш новы, спыніўся каля дзвярэй, неяк асабліва ўсміхнуўся. Ці, можа, мне з тае хвіліны пачало здавацца, што ўсё ў яго асаблівае? Прывітаўся.
— Добрай раніцы, калегі.— I сказаў: — Будзем знаёміцца. Але не называйце сябе. Я хачу сам пазнаць кожнага з вас. Мне расказваў пра вас Андрэй Пятровіч і тыя, з кім я пазнаёміўся раней. Цікава, усіх пазнаю?
Гульня такая многім спадабалася. Маладзейшыя настаўніцы прыветліва засмяяліся, ажывіліся. I тут жа паважна змоўклі, калі завуч праз увесь доўгі пакой пайшоў да старэйшай сярод нас.
— Антаніна Аркадзеўна? Без пафасу скажу: я рады, што буду працаваць разам з вамі. Ведаю вас даўно, чытаў вашы артыкулы, больш таго — выкарыстоўваю вашы думкі ў сваёй будучай дысертацыі. Каюся. Добры дзень вам, мой старэйшы таварыш,— ён затрымаў яе руку ў сваёй, глядзеў у вочы, сапраўды радасна ўсміхаўся.
Антаніна Аркадзеўна запунцавелася, як дзяўчынка, і разгубілася — не ведала, што адказаць. Нават падзякаваць забылася.
Ад таго, што завуч падышоў да яе першай і заслужаная настаўніца так разгубілася,— усім зрабілася хораша.
А мне стала і радасна і...страшна. Праўда, мяне скаваў страх... Раптоўна. Як токам ударыла — і ўсю паралізавала.
Завуч павярнуўся да нашага «Анікума», які, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на гульню ў пазнаванне і, каб не траціць дарэмна час, праглядаў кантрольныя работы, ставіў дзяўчатам двойкі і тройкі, хлопцам — чацвёркі; пяцёрку атрымаць у яго было немагчыма. «На пяцёрку я сам фізіку не ведаю»,— адказваў ён на нашы папрокі.
— Павел Адамавіч?! — гэтак жа запытаў і сцвердзіў адначасова завуч.— Наш выдатны фізік. Самы прынцыповы чалавек. Таварышы расказвалі пра вас столькі добрага!
— Хлусіце вы! — выпаліў у адказ стары.— Нічога добрага пра мяне яны не маглі расказаць! Я не паненка, не трэба мне вашы кампліменты! Я вас буду цаніць па вашай рабоце, а не па расказах!..
Настаўніцы абурана загаманілі.
— Як вам не сорамна, Павел Адамавіч!
— Будзьце ж далікатным!
— Чаму вы думаеце, што пра вас маглі расказваць дрэннае?