Ды яшчэ хіба адно здарылася на другі дзень. Я надзела, ідучы ў школу, усё найлепшае. I кофтачку гэтую. Між іншым, у тую раніцу, здаецца, я прыкмеціла, што свякруха спалохалася. Мяне гэта толькі рассмяшыла і пацешыла.
Я трошкі была расчаравана, што ў настаўніцкую перад урокамі ён не з’явіўся, Аляксандр Дзямідавіч. Але потым была, як кажуць, узнагароджана. Мы сустрэліся ў калідоры пасля званка. Я ішла ў самы дальні клас. Відаць, ён не пазнаў мяне адразу, бо на твары яго адбілася здзіўленне: адкуль узялася яшчэ адна настаўніца? 3 усімі ж пазнаёміўся. А потым пазнаў — і яшчэ больш уразіўся. Збочыў, прытуліўся да сцяны, даючы дарогу, спыніўся.
Я сказала: «Дзень добры» і прайшла міма, але тут жа адчула, што ён стаіць і глядзіць услед. Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Я не ўтрымалася — аглянулася. Але, ён стаяў і глядзеў. Спалохаўся, як вучань, што робіць недазволенае. Сарваўся з месца, амаль уподбег кінуўся па калідоры да настаўніцкай. На перапынку я зазірнула ў расклад і ўбачыла, што ён мінуў клас, у якім быў яго ўрок.
Пасля я думала пра гэту нашу сустрэчу ў калідоры з гарэзлівай дзявочай весялосцю. А больш я ні пра што не думала. Праўда, мне проста было хораша, весела. Весела жылося, весела працавалася. I — далібог жа — за ўсе пяць месяцаў ні разу не з’яўлялася думка, што гэта — каханне і што яно можа разбурыць нашу сям’ю, зрабіць няшчасным Генадзя, Сашку, Антаніну Аркадзеўну... Адзін раз мне, праўда, стала страшна. Ляжала з мужам, ён цалаваў мяне, а я падумала пра яго, пра Аляксандра Дзямідавіча, захацелася, каб пацалаваў ён... Тады я спалохалася: што са мной робіцца? Можа цэлы дзень на душы брыдка было, быццам зрабіла штось дужа паганае, амаральнае... Ён жа жанаты, Аляксандр Дзямідавіч. Але. Мае двое дзяцей. Старэйшая дзяўчынка хадзіла ў першы клас, а хлопчыку ішоў усяго другі год. 3 жонкай яго, Любай, мы хутка пазнаёміліся. Сама яна за тыдзень з усімі перазнаёмілася — з настаўнікамі, з калгаснікамі, з упаўнаважанымі.
Я чула, як брыгадзір калгаса сказаў пра яе: «Баба-гром». Сапраўды, Люба адразу загрымела на ўсё наша вялікае сяло — на тысячу хат. Голас у яе быў басавіты, гучны. I сама яна мажная, дзябёлая, распаўнелая, вагою, напэўна, разы ў два цяжэйшая за свайго хударлявага мужа. Але з твару прывабная, такая бялявая, з амаль дзіцячымі блакітнымі вачамі і мяккімі лініямі, ніводнай жорсткай рысы. На твары яе як бы адбівалася паўнюткае шчасце, якое толькі можа мець жанчына.
Люба — заатэхнік. Адразу працаваць не пайшла, але ў праўленне калгаса з’явілася і рашуча сказала:
— Прывяду да ладу ў хаце, падгадую трохі Дзімку і прыйду да вас на ферму парадак наводзіць. А то парадку ў вас там малавата.
Старшыня мог пакрыўдзіцца, бо ферма лічылася лепшай у раёне. Але не пакрыўдзіўся. Далікатна адказаў, што заатэхнік у калгасе ёсць.
— Ведаю. Але ж яна — дзяўчына, несямейная. Ёй усё адно дзе рабіць. Мы з ёю дамовімся палюбоўна.
I ў праўленні неяк адразу пагадзіліся, што ў бліжэйшы час камандаваць фермай будзе гэтая «Баба-гром», што не ўзяць яе на працу будзе проста немагчыма.
Тыдні праз тры пасля прыезду «мадам Муліца» (так іранічна адазваўся Павел Адамавіч; ён адзін не прыняў запрашэння) наладзіла прыём. Гасцей гэтая жанчына ўмела прымаць. 3 размахам. Запрошаны былі ўсе настаўнікі і ўвесь актыў: старшыні калгаса, сельсавета, сельпо, урач, загадчык фермы, ляснічы. Набралася поўная хата. Гаспадыня ўсіх сустракала і праз пяць хвілін амаль усім казала «ты». Жанчынам дык пэўна ж усім. Здаецца, толькі з Антанінай Аркадзеўнай утрымалася ад такога панібрацтва.
Мне і «немцы» нашай Розе Абрамаўне Люба адразу загадала:
— Ах, якія вы інтэлігентанкі! Хоць дзьмухай на вас. Каторая вунь няхай надзене мой халат і злазіць у пограб, дастане сцюдзень. А другая пасвеціць. Памажыце. А то я запарылася. Яшчэ гэты пісюн з рук не злазіць,— і яна пяшчотна пацалавала хлопчыка.
Сталы ламаліся ад закускі — варанага і смажанага, сырога і печанага. А яна ўсё яшчэ выгружала з печы, з каморак, з шафаў — напоўненыя талеркі і міскі. Увішнаець яе здзіўляла. Завіхаючыся, яна не спускала з рук сына, з гонарам тлумачыла, што ён ні да каго, акрамя яе, не ідзе. Але відаць было, што ёй проста прыемна гэтак ва ўсіх ролях сваіх пакрасавацца перад гасцямі.
Такая яе бесцырымоннасць збянтэжыла Розу Абрамаўну. А мяне рассмяшыла. Мне спадабалася гэтая жанчына. Яе грубаватая прастата, натуральнасць. Яна нечым нагадвала маці маю. Мама таксама ўсім казала «ты» і п’яных будачнікаў сцёбала дубцом. I ніхто пасля на яе не крыўдзіўся.