Выбрать главу

Вось так мы рэпеціравалі. А ён, Аляксандр Дзямідавіч, сядзеў у зацененым куточку моўчкі і слухаў. Вучні, найбольш занятыя, пэўна і забыліся, што завуч прысутнічае, бо паводзілі сябе, як звычайна — шумна, незалежна. Адна я не забывалася. Не глядзела ў той бок, але кожны міг, кожную хвіліну, і тады, калі іграла сама, і тады, калі сядзела і сачыла за ігрой вучняў, адчувала яго позірк. Вочы яго як бы выпраменьвалі цяпло і ласкава, хораша гэтак, грэлі мяне.

Скончылася рэпетыцыя — ён не застаўся, неяк непрыкметна знік, пакуль мы слухалі разважанні нашага тэарэтыка Валодзі Кныша пра сістэму Станіслаўскага. Пасля Саша прызнаўся: баяўся, каб не прыйшлося застацца са мной адзін на адзін у пустой школе. За сябе баяўся.

Я распраналася ў настаўніцкай. Чамусьці затрымалася там, апранаючыся. А вучні спрачаліся ўсё яшчэ. Нарэшце, пачалі выходзіць. I я чую за дзвярамі ў калідоры голас Галі, дзесяцікласніцы, яна іграла Машу і, па-мойму, іграла лепш за ўсіх... Чортава лялька, што яна ляпнула! Цягнулі яз за язык!

— «Дзяўчаткі! Хлопчыкі! Аляксандр Дзямідавіч закаханы ў Міхаліну Казіміраўну. Далібог, клянуся!.. Як ён глядзеў на яе, каб вы пабачылі!»

Што са мной зрабілася! Я знямела і аслупянела. Ад нечаканасці. Ад радасці. I ад страху.

«Ён кахае! Кахае! Кахае! — спявала дурное жаночае сэрца.— Няўжо праўда кахае?» А розум аналізаваў, не даваў узляцець, адарвацца ад зямлі, да якой прывязвалі другія прыхільнасці, другія пачуцці і абавязкі.

Ужо зразумелі вучні. Разнясуць па сяле. А можа і настаўнікі таксама даўно ўжо зрабілі такое ж адкрыццё? 3 далікатнасці толькі маўчаць. Можа, таму падвоена ласкавай, добрай і ўважлівай стала Антаніна Аркадзеўна? Яна разумная і хітрая, у яе свой метад выхавання. А Генадзь, наадварот, з кожным днём становіцца больш раздражнёны. А што будзе, калі разнясецца плётка? Але ж я ні ў чым не вінаватая. Я ніводным рухам, ніводным позіркам не дала яму прычыны. Пяць месяцаў я да яго — як усе, і ён да мяне, як да ўсіх. I далей будзе так...

Не, далей не магло быць так. Праўду кажучы, я гэта зразумела тады, у пустой настаўніцкай. Я доўга там стаяла, бо раптам падумала, што ён чакае мяне недзе ў школьным двары, за майстэрняй ці за гаражом. I баялася выходзіць. Тады страх пераадолеў каханне, парыў душы. Але спакою мне ўжо не было. Я адчула гэта дома ў той жа вечар, і ў тую ж першую бяссонную ноч. 3 кім бы я ні гаварыла — з сынам, мужам, свякрухай, што б ні рабіла — думала пра яго. Думала штохвілінна. Баялася і чакала наступнага дня, каб хутчэй прыйсці ў школу і ўбачыць яго.

У школе, на шчасце, нічога не здарылася. Дзень прайшоў звычайна, як і тыя сто пяцьдзесят дзён дагэтуль. Толькі хіба Галя ды Люда сачылі на ўроку за мной з крыху залішняй дзявочай цікаўнасцю.

Але неўзабаве, перад самым Першым маем, здарылася такая нагода.

У суседнім раёне геолагі шукалі нафту. I пайшла гаворка, нават у газеце прамільгнула, што адна скважына дала фантан. Вучні загарэліся: з’ездзіць паглядзець! Нейкія сорак кіламетраў — гэта ж рукой падаць. Дырэктар доўга адбіваўся: вясна, дарога гразкая, машына старая... Але вучні хутка даведаліся ад шафёраў, што дарога нішто. Урэшце вырашылі ехаць. Выбралі па некалькі чалавек з класа — лепшых, бо машына адна. Узначальваць паездку павінен быў палітэхнізатар наш Іван Данілавіч. Ён жа — аўтамеханік — і павядзе машыну. Дагледзіць за вучнямі і расказаць ім, што трэба, пра нафту і пра ўсё іншае даручылі Алегу Барысавічу, нашаму маладому матэматыку, эрудзіту, «хадзячай энцыклапедыі», як мы называлі яго жартам, і мне, літаратару. Мяне, праўду кажучы, выбралі таму, што ў гэты дзень не было маіх урокаў: вы ж ведаеце, гадзіны на родную літаратуру скарачаюць з году ў год, хутка нам трэба будзе мяняць прадмет.