Логіка разважанняў Стануліна была, як кажуць, жалезная. Па-першае, лічыў ён, гэтыя два чалавекі не могуць не знаць адзін аднаго — электрык, які па дваццаць разоў на дні ўваходзіць і выходзіць з памяшкання, і стралок аховы, які нярэдка стаіць ля дзвярэй на варце. Па-другое, Ткачуку, як нікому, проста будзе звязвацца з Хацяновічам: гавары колькі хочаш, не хаваючыся, не азіраючыся. Нарэшце, сяброўства яго, Шабовіча, з такім жа нямецкім служкам, як і сам Чурсік, здыме ў паліцая ўсялякую падазронасць, і ён можа зусім развязаць язык.
Так яны апынуліся з Іванам у доме паліцая. Праўда, Ткачук меў сур’ёзны недахоп — быў нікуды не вартым карцёжнікам. Сваякі са спрытам шулераў ачышчалі іх кішэні ад марак. На Шабовіча ажно сверб напаў, ён сур’ёзна перажываў. Лаяў напарніка: недарэка, а яшчэ напрасіўся пайграць, навучыся спачатку. Ды табе што, цябе кормяць, а мне, бальнічнаму брату, хоць зубы на паліцу кладзі, хоць У хворых прасі, жабруй.
Задаволены Чурсік рагатаў на ўвесь дом. Можа, з-за яго шумнай радасці і не пачулі, як пад’ехала машына. Пачулі, як яны пастукалі. Таксама ціха, нязвыкла, без нахабнасці акупантаў — далікатна, як добрыя суседзі.
Хрысціна адчыніла ім і, прытуліўшыся да касяка, збялелая, моўчкі прастаяла на адным месцы.
Іх было чацвёра, трое ў форме СД, чацвёрты паліцэйскі — перакладчык. Ён, бадай, ветліва закамандаваў:
«Рукі, панове».
«Штурмфюрэры» абмацалі іх кішэні. Ні гарачыя тлумачэнні, хто яны ёсць, ні дакументы, якія кожны з іх спешліва прад’явіў, — пасведчанне паліцэйскага, рабочага ўправы, малодшага камандзіра самааховы, вячэрні аўсвайс фельчара, — ніяк не ўздзейнічалі. Афіцэр уважліва вывучыў іх і сунуў у сваю кішэню. Вобыск зрабілі кароткі, беглы, у бялізне не корпаліся, у грубку не заглядвалі.
«Прашу, панове, у машыну», — са здзеклівай ветлівасцю запрасіў перакладчык. Але калі яны паспрабавалі апрануцца, іх груба выштурхнулі на двор. «Шнель! Шнель!» Чамусьці аднаму Ткачуку дазволілі ўзяць шынель. А на дварэ лістапад, халодны дождж.
Уціснулі ў закрытую машыну, дзе сядзелі на падлозе іншыя арыштаваныя, чалавек пяць, на іх свяцілі ліхтарыкам з кабіны, адтуль праз акенца з кратамі тырчэла дула аўтамата. Афіцэры СД, відаць, селі ў «опель», што стаяў наперадзе гэтай спецыяльнай закратаванай машыны.
Незразумелы арышт, падумаў Шабовіч. Арыштавальнікаў нямнога, і большасць афіцэры, невядома, хто сядзіць у кабіне, за рулём і з аўтаматам, кукарда фуражкі і вочы свецяцца паверх праменя ліхтара, пагонаў не відаць. А што, калі паспрабаваць вырваць аўтамат? На дзевяць арыштаваных адзін вартавы, у нязручнай позе, відаць, стаіць на сядзенні на каленях. Застрэліць ён можа аднаго, двух, не больш. Не, відаць, ёсць нейкая страхоўка, ды і «опель», безумоўна, ідзе ўпрытык.
Дзіўны арышт. Загадкавы. Чаму ім такі гонар? Калі не лічыць цывільнага, акцыю праводзілі афіцэры СД, адзін з іх у званні роўным маёру. Дакументам не паверылі, хоць ва ўсіх іх пасведчанні сапраўдныя, без усялякай ліпы. Хто ж з іх у такой «пашане»? Не падобна, што ён, Шабовіч. I гаспадару нямнога аддавалі ўвагі. Больш — Хацяновічу. Чаму? Фігура ў падполлі? Па розуме і па рабоце падобна. Стась усміхнуўся думцы, што ён, магчыма, вербаваў аднаго з кіраўнікоў падполля. Але нельга выключаць і другі варыянт: Хацяновіч — агент СД, правакатар, даволі Шабовічу было адкрыта пагаварыць аб яго дапамозе нашым — і вось, калі ласка, маеш. Пры такой сітуацыі трэба сачыняць асаблівую легенду. Але наліха тады ім хапаць гэтак неадзетага гаспадара дома? Няхай Хацяновіч тайны агент і яго трэба скрыць, напусціць туману. А Чурсік жа служыць адкрыта, верна служыць, выслужваецца перад акупантамі — хлопцы выведалі, як ён паводзіць сябе ў паліцыі.
Пакуль машына кулялася па разбітых старажоўскіх вуліцах, Шабовіч «пракруціў» самыя «верагодныя» варыянты. Але ні адзін не заставаўся без пытанняў, не ўкладваўся ў схему, якую група выпрацавала. Яны сур’ёзна прадумалі, на чым кожны з іх можа засыпацца, як яго могуць арыштаваць, паводзіны і ў часе арышту, і на допыце. Станулін да занудлівасці ўнікліва прымушаў кожнага з іх сачыніць не адзін-два — дзесяткі варыянтаў; на кожных занятках разам з прыёмамі японскай барацьбы, разведкі, закладкі мін, азбукі Морзе, здавалі экзамены на «допыт» — на ўменне адказаць дасціпна, лёгка на любыя, самыя мудрагелістыя правакацыйныя пытанні. Ён, Шабовіч, спецыялізаваўся на прастачка, на дурня, тут ён ішоў на «выдатна», таму, маўляў, і стаў брат міласэрнай сястрой, што на мужчынскую ролю розуму не хапае.
Тыя, раней арыштаваныя, селі на падлогу самі — цяплей. Па баках меліся лаўкі, ды там жа — вокны, закратаваныя, але незапжлёныя, праз іх урываўся злосны скразняк.