Выбрать главу

Лягчэй за іншых быў адзеты гаспадар, па-хатняму, у вязанай безрукаўцы, пінжак маглі б дазволіць надзець, але, пэўна, са страху ён забыўся пра яго, і Хрысціна не падала ніякай напраткі. Таксама са страху, відаць.

Шабовіч прыгадаў, што, пакуль яны скідаліся ў «ачко», яна на кароткі час, на паўгадзіны, выходзіла да суседзяў, так і сказала мужу: «Я да Камарковых». Хто яны, гэтыя Камарковы? Спытаць у Чурсіка? Не. У паліцая сапраўды такі падазронасць, ён староніцца кожнага з іх, разоў колькі паўтарыў: «Падвялі вы мяне, ох, падвялі. Хто толькі?» Не, ён, Шабовіч, не можа паддавацца пачуццю падазронасці. Выхад гаспадыні не вяжацца з налётам СД. Скажы, калі ласка, які агент старажоўская баба! Ды тут тэлефона за вярсту не знойдзеш. Ды і навошта ім такая гульня? Калі кагось з іх ці ўсіх трох трэба было ўзяць, дык узялі б з бальніцы, з управы, з батальёна. Ніхто ж не хаваўся, усе легальныя, прозвішчы сапраўдныя, адзнакі маюць у пашпартах аб рэгістрацыі. Аднак чаму гэтак «замялі»? Во задача з трыма невядомымі. Калі гэта не «агульная чыстка», татальная, рашыць такую задачу будзе вельмі няпроста. Што з арганізацыяй? Ці ўцалеюць хлопцы? Шкада, калі вобыскам напалохаюць яго гаспадыню. Добрая бабуля пані Ярэна, польская арыстакратка, інтэрнацыяналістка, Міцкевіча чытае па-польску, Пушкіна па-руску, Гётэ па-нямецку, Купалу па-беларуску і захапляецца іх мудрасцю і мудрасцю народаў, што нарадзілі геніяў. Аднак жыла ў ілюзорным свеце — як на небе, а не на акрываўленай зямлі. Вайну ўяўляла такой, якой яна была тады, калі пані ў пятнаццатым уцякла ад немцаў з Беластока ў Мінск, дзе жыла сястра яе, а ў дваццатым вярталася назад пад сцягі адроджанай Польшчы, каб у трыццаць дзевятьш зноў прашпацыраваць пехатою чатырыста кіламетраў. Але быў налёт нейкай дзіўнай рамантыкі ў яе расказах пра сваё бежанства. I ўсе салдаты былі добрыя — і рускія, і польскія, і нямецкія. Рыцары. Ажно пакуль з месяц назад ён, Шабовіч, не прынёс газету паліцаяў «Беларусь», і ў ёй заклік, «шапка» над старонкай: «Забі жыда і ляха!» Пані не адразу нават паверыла, што такое маглі надрукаваць у сапраўднай газеце. «I гэта не адзін экземпляр? Тысячы?! I людзі чытаюць гэта? I маладыя хлопцы ў шынялях будуць ажыццяўляць гэта? Пан Станіслаў! Пан Станіслаў! Што ж гэта такое? Што ж гэта робіцца? Дзе бог? Дзе Езус?»

З вялікім страхам у душы жыве пасля гэтага пані Ярэна. Калі жандары СД наляцяць у яе дом і перавернуць камоды і пярыны, загоняць бабулю ў магілу заўчасна. «Пройдзе ўсё добра — выберуся з гэтай кватэры. Нельга старога чалавека ставіць пад удар», — падумаў Стась. Пройдзе… Пройдзе, але куды. На добрае спадзяванняў мала, вельмі мала.

Машына грукала па бруку.

Шабовіч глянуў у акенца. У начным змроку праплывалі невысокія будынкі, да іх — рукой падаць. Цесная вуліца. Няміга. Вязуць у турму? Не. Хутчэй — у СД, гэта амаль побач з турмой, у будынку медінстытута. Пра гэта, відаць, падумаў і Хацяновіч, бо на стогны зяця сказаў:

— Запасайся цярпеннем. Хутка нас патрашыць пачнуць.

— Каго? Я пры чым тут! Я ні пры чым! Я — лепшы паліцэйскі, — заскуголіў Чурсік.

— Не вый, пёс, — зняважліва кінуў нехта з чужых.

«Свае хлопцы», — падумаў Шабовіч адначасова са смуткам і задавальненнем: той, што ахрысціў так паліцая, не папаўзе на каленях, побач з такімі і на смерць лягчэй ісці.

Не, прывезлі іх у турму. Высадзілі у турэмным двары.

На глухой сцяне будынка пад казыркамі гарэлі сінія лямпачкі. Цьмяна свяцілі. Але ў фантастычным святле гэтым Шабовіч разгледзеў постаці людзей, што стаялі тварам да сцяны, уткнуўшыся ў яе лбамі. Калі іх вялі сюды, машына, разварочваючыся, чырканула яркім промнем фар па гэтай сцяне. Людзей было нямнога, чалавек трыццаць. На татальную аблаву не падобна. Але, магчыма, гэта пачатак — група стаяла шчыльна, адзін паўз адзін, мімаволі падумалася, што месца каля сцяны эканомяць для іншых.

Амаль усе арыштаваныя былі адзеты гэтак жа лёгка, як і яны, — у адных пінжаках, нават у сарочках. I гэта, бадай, пры нулявой тэмпературы.

Іх паставілі ў канцы сцяны, воддаль ад тых, каго прывезлі раней. Нешта новае ў метадзе акупантаў. Па расказах тых, хто апынуўся ў турме і каму ўдалося вырвацца ці перадаць вестку на волю, немцы пачынаюць з допытаў, і допыты гэтыя розныя і па сутнасці і па форме — ад захавання, знешне, працэсуальных норм да грубых бесчалавечных катаванняў. Рэжысёр падпольнай дзейнасці Станулін спрабаваў і допыты інсцэніраваць, катаванні ўмоўна, лічыў, што падполыпчыкі павінны рыхтаваць сябе і на подзвіг і на смерць. Але да гэтага ён не дадумаўся — да выпрабавання холадам.