Страляюць злосна, азвярэла. Дзынкаюць шыбы. Па вокнах паляць. Заб’юць людзей, сволачы. Людзей тут і так добра патрасуць, калі яго не зловяць, не заб’юць. Ашалеюць ад злосці, што так недарэчна выпусцілі здабычу. Напэўна, расстраляюць яго таварышаў па няшчасці. Але тым, што вернецца, ён не ўратуе ні сябе, ні іх. Вораг бязлітасны.
Стрэлы аддаляліся. Прачэсваюць гароды на тым баку. Паляць у белы свет як у капеечку. Могуць вярнуцца і на гэты бок. Што лепш для яго — сядзець тут ці аддаляцца, пакуль не позна? Так блізка яны не дадумаюцца шукаць яго. Але могуць шукаць кагосьці іншага ці штосьці ў таго, за кім сюды прыехалі. Нарэшце, на такую страляніну па трывозе напэўна прыбудуць начныя патрулі; калі з сабакамі-сышчыкамі, то тады не схаваешся і ў цемры асенняй ночы.
Аднак чаму так ціха каля машыны — ніводнага голасу? Куды падзеліся яго таварышы па няшчасці? Расстралялі іх? А свайго вартавога? Ён добра такі стукнуў яго ботамі, і той енчыў да таго, пакуль на стрэлы не выскачылі з дома афіцэр і аўтаматчыкі. Чаму змоўк ранены? Але не высунешся ж, каб паглядзець.
Холад тут горшы, чым у турэмным двары. Там ён не дрыжэў, а тут калаціла так, што ляскаў зубамі. Моцна ляскаў — можна пачуць па той бок варот. Падумаў, што гэта не ад холаду — ад страху, і стала брыдка. Здаецца ж, даўно прывучыў сябе да любой небяспекі, звыкся з думкай аб смерці. Дык чаго баяцца тут?
Далёка аддаліліся стрэлы. За кім яны гоняцца? За Іванам? За тымі, што сіганулі ў цемру следам за імі, аглушыўшы апошняга вартавога? Дзіўна, у доме гарыць святло, але ў незакрытым аканіцамі акне ніводнага чалавечага ценю. Мільганула нават думка: зайсці ў дом і схапіць хоць якую напратку. Але думкі-маланкі асвятлялі на міг і гаслі: цвярозая развага наступала ў цемры і цішыні. А калі там застаўся вартавы? Напэўна, застаўся. Не палічыў ён, колькі іх выскачыла на стрэлы. А па хуткасці, паспешлівасці, з якой яны кінуліся на вуліцу, па цішыні каля машын можна заключыць, што арыштаванага не вывелі. А калі ў доме нават адны дзеці — вартавога, напэўна, пакінулі, бо вобыску за такі кароткі час — колькі хвілін — зрабіць не маглі.
Нарэшце стрэлы сціхлі, і недзе там, на тым баку, на гародах ці на паралельнай вуліцы пачуліся галасы. Нямецкая ці руская гаворка — разабраць цяжка. Здалося, што руская. Але адкуль там столькі рускіх? Не вадзілі ж немцы за сабой арыштаваных. Аднак і каля машыны не чуваць — сапраўды там загадкавая цішыня.
Трэба адыходзіць! Чым далей, тым лепш. Урэшце, на такім балоце і сабакі не возьмуць след.
Каля хлеўчука, туды падала святло з задняга, пэўна, кухоннага акенца, Шабовіч намацаў драўляную кладку. Сцежка ў прыбіральню. Ступіў на яе — заскрыпела. Саступіў. I ўгруз ледзьве не па калені, добра што ў ботах, чаравікі засмактала б. Дрыгва. Багна. Ведаў ён добра асеннюю Камароўку. На гародах і вуліцах тут — меліярацыйныя канавы на выпадак мокрага лета. Але затое ў сухое лета жыхары завальвалі рынак гароднінай.
Ішоў па гародах. Лёгка пералазіў нізкія платы. Сабак няма, немцы знішчылі іх. Але ад такога шуму прачнулася, напэўна, уся Камароўка, і, безумоўна, не адзін гаспадар вылез са сваёй нары ў двор — паслухаць, што адбываецца. I невядома, на каго трапіш. Глядзі, улезеш у абдымкі паліцаю. Ды і мешчанін можа сустрэцца такі, які захоча выслужыцца перад новай уладай. А здагадаецца і дзіця, хто хаваецца за хлявамі пасля такой страляніны. Не, адзін чалавек не стане яго браць, пабаіцца. Ды і не дасца ён у рукі аднаму. Няхай паспрабуе. Разгледзець яго можна крокаў за пяць, не бліжэй: цемра што дзёгаць. I зямля такая ж чорная. I неба. Здрадліва чвякае багна пад нагамі. Такое чвяканне ў начной цішыні далёка чуваць. Стараўся ступаць як можна цішэй.
Аднак неба на ўсходзе святлее. Да раніцы яму трэба выбрацца з гэтых балоцістых гародаў. А куды выбрацца? Куды ён можа пайсці? Дадому не пойдзеш — там засада. I да Аксаны… Думкі пра Аксану кідалі застылае цела ў жар. За сябе, распранутага, па сутнасці бездапаможнага, не баяўся — за яе баяўся. Калі яе і не ўзялі, то засаду, напэўна, зрабілі. Пайсці да яе — загубіць і сябе і яе. Дзесьці трэба ўзяць напратку, інакш акалееш. Ды і з’явіцца ўдзень на людзі ў адным пінжаку немагчыма: не толькі любы «штурмфюрэр», салдат, паліцай западозрыць, але і кожны хлапчук, кожная баба зверне ўвагу і запомніць. Напратку трэба дастаць да світання! Але як? Зайсці ў першы ж дом і папрасіць. Адмовяць — прыстрашыць. Чым? Трымаць руку ў пустой кішэні? Такое неспадзяванае ўварванке ашаломіць любога, самага смелага, і чалавек дасць якое-небудзь старое паліто — абы хутчэй адчапіцца ад такога госця. Зайсці зараз жа? Спакусліва. Але пакуль так блізка стаяць машыны з жандарамі, заходзіць рызыкоўна.