Прытуліўся да хлеўчука. Аднак як застыла спіна! Абмытае лістападаўскімі дажджамі дрэва здалося цёплым. I адразу, як у турме, пацягнула на сон. Міг — і праваліўся ў салодкую бяздумнасць. Але тут жа пачуў рохканне свінні. Сасніў? Пакруціў галавой, працёр вочы. Не, сапраўды свіння. За сцяной і як бы ў падзямеллі. Безумоўна, у склепе. Хто цяпер стане трымаць свінню так, каб рохканне яе, а тым больш віск чулі ўсе суседзі. Такую свінню не адкорміш — украдуць тут жа, народ галадае. Ды і ўлады… Цікава, якая існуе пастанова наконт жывёлы. Дарэмна не пацікавіўся. На акраінах, на татарскіх гародах трапляліся адзіночныя каровы. Значыцца, жывёлу трымаць можна. Але ў дом гэты лепш не заходзіць: свінню трымае безумоўна мужчына, гаспадар пільны; калі не мае стрэльбы, — зброю абавязалі здаць пад пагрозай смяротнай кары яшчэ ў мінулым годзе, у пачатку вайны, — то вострая сякера, напэўна, ляжыць каля дзвярэй. I такі раскроіць табе чэрап не задумваючыся.
Не, за напраткай трэба заходзіць у бяднейшы дом, не ў такі, дзе хляўчук пахне смалой і трымае цеплыню лесу.
I… зноў праваліўся ў сон. Разбудзіў шум матораў. Нарэшце. Ад’язджаюць. Машыны ішлі на падфарніках за дамамі. Ды раптам зусім блізка павярнулі налева — на яго, пэўна, у перавулак, да якога ён трохі не дайшоў. Машыны ўключылі дальняе святло і лёгка маглі выхапіць яго постаць на фоне сцяны. Ён плюхнуўся ў гразь, што пахла свіным гноем. Стала брыдка. Не ад гною — ад таго, што моцна спалохаўся, як, бадай, нідзе за гэтую незвычайную ноч.
Машыны прайшлі міма, недалёка загрукалі па бруку, набіраючы хуткасць.
I тут абпякла страшэнная думка: яму памаглі ўцекчы. Памагло СД. Ён уключаны ў злавесную правакацыю, галоўная фігура якой — той, бяспалы юрыст.
Але навошта СД ён, Шабовіч? Як яны могуць уключыць яго ў сваю аперацыю? З якой мэтай? Безумоўна, ведаюць, што ён не пешка ў падполлі, што ён ведае многіх людзей, каналы сувязі, яўкі. СД не сумняваецца: першае, што ён стане рабіць, апынуўшыся на волі, — папярэджваць сваіх людзей. Але як яны намераны сачыць за ім, пакінуўшы аднаго ўначы на камароўскіх гародах? Ці ўжо сочаць? Якім чынам? Ніводнага гуку, ніводнага чаўкання ботаў. Ачапілі раён? У такой цемры гэта немагчыма. Ведаюць, што тут побач явачная кватэра — «Шушкета», і спадзяюцца, што ён пойдзе на гэтую кватэру? Хлопчыкі ў фуражках з бліскучымі казыркамі былі б дурнямі, каб так лічылі — прымітыўна. А ён не лічыць іх дурнямі. О не, гэта вельмі спрактыкаваныя сышчыкі! Але ж і яны з сябрамі не лыкам шытыя. Неаднойчы разгадвалі іх планы, адшуквалі і абясшкоджвалі пасткі, настаўленыя на падпольшчыкаў. А тут абсалютна ніякай здагадкі, што ж СД надумала на гэты раз? Хіба толькі зразумела іх ідэя: пасля вераснёўскай чысткі падполле дзейнічае, змяніла хіба формы работы, сувязі. Трэба раскрыць іх. Але як яны могуць выканаць гэтую задачу з яго дапамогай? Прастачка для такой мэты не сталі б выбіраць. А калі ведаюць, што ён не прастачок, то павінны ведаць, што нічога такога, што ім вядома і на што яны разлічваюць, ён не зробіць. Але што ім вядома? I што ён не зробіць? А што можна зрабіць? У галаве — ніводнай вартай увагі думкі. У галаве пуста. I шуміць, як у бетоннай трубе. А можа, усе яго жахі не што іншае, як хворае трызненне? Сапраўды, на што ён здатны? Нюхаць свіны гной.
Шабовіч падняўся. Абцёр гразь. Трэба падцягнуцца, засяродзіцца. Трэба настроіцца на блізкае і вельмі хітрае нападзенне ворага — тады ўміг з’явіцца мноства прыёмаў самаабароны.
Не, гэта не хворыя фантазіі разгарачанага ад холаду, безвыходнасці і страху мозга. Прыгадалася імгненнае першае ўражанне ад гэтых шасці арыштаваных, калі ён убачыў іх у турэмным пакоі. Бліснула тады, што яны не здаюцца акалелымі да паўсмерці, у Івана быў зусім іншы выгляд, хоць ён і ў шынялі — ліловы нос, сінія вушы, няўпэўненая хада — як бы кульгавасць на дзве нагі.
Пэўна, гэткі ж выгляд меў і сам ён, на сябе не мог глянуць. Можа, у розных людзей розны выгляд ад доўгага прабывання на холадзе: адны чырванеюць, другія сінеюць, трэція бялеюць. Але ўсё роўна адрозніваюцца гэтыя людзі ад тых, хто знаходзіўся ўвесь час у цеплыні. У апошніх аднолькава «цёплы» выгляд. Такімі, падобнымі адзін на аднаго, і здаліся шасцёра. Але там імгненная думка не сфармавалася ў падазронасць. Урэшце, людзі маглі быць у турме, ці з двара іх прывялі раней. Падазронасці не ўзнікла і тады, калі ў кузаве пры рэзкім тармажэнні яго, Шабовіча, кінула на аднаго з «сяброў па няшчасці», і ён адчуў мяккасць яго напраткі. Мала як чалавек мог быць адзеты перад арыштам.