Брагінскага раніла ў пачатку вайны, пры абароне Мінска, калі фашысцкія танкі абыходзілі горад з поўначы. Раніла цяжка. Куля прабіла грудзі, правае лёгкае навылет. Армейскія медыкі вынеслі прысуд: не транспартабельны. Але знайшлася добрая душа — калгаснік з Раўбіч, адвёз у Мінск у бальніцу ўжо тады, калі ў горадзе гаспадарылі немцы, але не СД яшчэ — армейцы, якія пакуль што паблажліва, нават з пэўнай вайсковай гуманнасцю, той, што засталася ад першай сусветнай вайны, адносіліся да раненых, да хворых. Форму капітана селянін схаваў у сваім хляве, а дакументы прывёз і перадаў доктарцы, якая вельмі ж заклапочана прыняла раненага чырвонаармейца. Не адна яна — бадай усе дактары; сівы прафесар адразу закамандаваў: «У аперацыйную».
Жыццё Брагінскаму ўратавалі. Але далячыць не здолелі: гітлераўцы пачалі выяўляць у бальніцах камандзіраў, палітработнікаў, яўрэяў. Капітана яшчэ з месяц далечвала ў сябе дома санітарка. Але і там стала небяспечна. I яго зноў адвезлі ў вёску, а пасля паўгода перадавалі з вёскі ў вёску, усё далей і далей ад горада, ажно пакуль не перадалі ў партызанскі атрад. I што асабліва дзіўна: увесь час захоўвалі яго партбілет і камандзірскае пасведчанне. Дзядзюля пасля казаў, у жарт ці сур’ёзна, зразумець яго заўсёды нялёгка, што цяжка было вывезці з горада не чалавека — дакументы яго. А для маладога камандзіра захаванне партбілета было, можа, даражэй за ўратаванне жыцця. Ён, напэўна, маліўся б, каб верыў у бога. Ніколі не быў здатны да тэатральных жэстаў, але перад людзьмі тымі падаў на калені, калі пакідаў іх хаты.
Былы загадчык райза Дзядзюля толькі вясной ужо даведаўся, што за зіму ў другім кутку раёна добры знаёмы яго Манюк (скарочанае яго прозвішча не прызнаваў, лічыў піжонствам, бо добра ведаў вёску, дзе палавіна Манюкоў) арганізаваў свой атрад. Меншы, безумоўна, колькасна, але даволі баявы. Дзядзюля ажно прыраўнаваў: хто мог падумаць, што былы дырэктар спіртзавода такі арганізатар! Чаго добрага, абскача па баявых дзеяннях, бо бліжэй да шашы, да чыгункі. Загарэўся зуб у камандзіра, які лічыў сябе вышэйшым прадстаўніком савецкай улады ў раёне, далучыць атрад Манюка да свайго. Але ўжо дзейнічаў падпольны райком, і ён разважаў інакш: чым больш атрадаў, тым лепш, шырэй партызанскі фронт.
У Дзядзюлі — трэць атрада абкружэнцы. А ў Мана — ніводнага, усе мясцовыя хлопцы, некаторыя служылі ў арміі, але толькі двое ці трое дараслі да камандзіраў аддзяленняў, не вышэй. Сам ён, праўда, камандаваў узводам у кавалерыі. Але калі тое было — дваццаць гадоў назад! Аляксей Іванавіч зайздросціў суседу, вайсковаму ладу ў яго атрадзе, там нават размовы вяліся на іншай мове — па-руску, па-армейску, з веданнем уставаў. А ў яго — што на калгасным сходзе: кожны — стратэг. Вось чаму, калі пазнаёміўся з баявым капітанам, адразу ж вырашыў: пераманіць. Але Дзядзюля вуха трымаў востра. Дружба дружбай, а тытун паасобку. Прыйшлося пайсці адкрыта:
«Уступі мне, Цімох, Брагінскага. У цябе паўатрада камандзіраў, а ў мяне ніводнага. У мяне ён будзе начальнікам штаба, а ў цябе патроны набівае».
Навум Барысавіч загадваў у Дзядзюлі аружэйнай майстэрняй.
Але не за так аддаў Дзядзюля камандзіра. Гандаль быў ганебны. Нельга сказаць, што запрасіў камандзір ужо праслаўленага атрада, камуніст за чалавека — абразліва было б для Брагінскага, ганебна і для яго, Мана, хоць за лыжкі-міскі свае патрончыкі ён браў без пакут сумлення. Але ж гэта — праца рук яго. А Дзядзюля за чалавека запрасіў… сала тры пуды. Ганьба! I таргаваўся, можа, гадзіну. Сышліся на двух пудах. Сала, канешне, не было. Дзе яго ўзяць! Аддаў чортаў гандляр, як кажуць, напавер. Але пра даўжок не забывае, каторы месяц напамінае, пры сустрэчах і нават у баявых пасланнях робіць вучоную прыпіску PS: «А даўжок калі аддасі?» Ці яшчэ горш: «Сумленныя людзі з даўгамі разлічваюцца».
Аляксей Іванавіч успомніў гэтую анекдатычную гісторыю, пра якую ён раскажа пасля вайны, і адказаў сябру ў думцы:
«Во ты ў мяне, Цімашок, палучыш», — і, паклаўшы на стол разец, паказаў «лятучай мышы» дулю. Прысутнасць капітана яго не бянтэжыла.
Брагінскі, як заўсёды, з цікавасцю сачыў за блуканнем думак у вачах камандзіра, здавалася, што яны прасвечваюцца і на лысіне яго, дзе блішчэлі кроплі поту, і нават варушацца ў зарасніку барады. Гэта была яго любімая забаўка з школьных гадоў: па твары адгадваць, пра што чалавек думае; у батарэі сваёй неаднойчы ашаламляў байцоў такімі адгадкамі, нампаліт дывізіёна так і называў яго: фізіянаміст.
Аляксея Іванавіча ні разу не ашаламіў. Той спакойна адказваў: «Правільна, адгадаў. Пра што яшчэ думаць у такой сітуацыі?» А часцей пасміхаўся: «Пацэліў ты, Навуме, у белы свет як у капеечку».