Выбрать главу

— Каб загадалі — вешаў бы.

Чурсік раптам ашчэрыўся, павысіў голас.

— А можа, я падаўся туды ад таго, што такія, як ты, ніколі не мелі літасці да мяне. Ты дзіця маё не пашкадуеш.

Дзяўчынка плакала за сцяной.

Шабовічу не спадабалася, што ўвішная гаспадыня залішне доўга валэндаецца з малой. Выходзіла ў прыхожую, брынчэла посудам. Корміць, напэўна, хоць на кухню, дзе смачна пахне смажаным, не прыйшла. Як даць ёй знаць, каб паспяшалася? Малая не павінна бачыць ні яго, ні бацькі. Пастукаць у сцяну? Напалохаеш малую. Не, дзіця ён шкадаваў. Таму і загадаў адвесці яе. I нават стукам не можа спалохаць.

— Не хоча яна ісці да суседзяў.

— А ты знаеш, чаго яна не хоча? Надзька сама сказала, калі мы ў карты гулялі. Бобікам яе дражняць дзеці. Трапна народ ахрысціў вас — бо-бі-кі. Хоць мне здаецца: сабакі павінны пакрыўдзіцца. Сабака — верны звер, не здраджвае. Разумнага пса мясам не пераманіць. А вас за зацірку купілі. А дзіця тваё я шкадую. Ты сам яе не шкадуеш. Ты што думаеш? Ёй і праз дваццаць гадоў прыпомняць, што яна з роду бобікаў.

— Лайся, лайся, пакуль твой верх.

— А ты яшчэ не кідаеш надзеі падмяць мяне?

— Судзьба — яна што вецер. Не знаеш, у які бок паверне.

— Ах, ты думаеш пра паварот? Дык засячы на носе: толькі ты не ў той бок павернешся — і гэта будзе твой апошні паварот. Ды і не толькі ты. Калі Хрысціна зробіць глупства — не туды паверне, то будзе купляць свечкі. Здаецца, я папярэджваў яе, яна баба разумная.

Нарэшце ляпнулі дзверы, і галасы гаспадыні і малой пачуліся зусім блізка — за няшчыльна зачыненымі дзвярамі кухні.

— Мамачка! — выгукнула малая. — Татка дома?

— Дзе ты яго бачыш?

— Во шынелька яго вісіць!

— Ды ён другую апрануў. Новую. Сёння ў іх праверка. Галоўны начальнік будзе правяраць.

— Гітлер?

— Гітлер.

— Усё роўна не хачу да Казлоў. Віцька кусаецца.

Ляпнулі дзверы. Шабовіч напружыўся: ці не зачыняе іх Хрысціна на замок? Дарэмна не папярэдзіў: не зачыняць! Хоць што лепш — каб дом быў зачынены ці адчынены? Які ў іх замок — унутраны ці вісячы? Як ён не звярнуў увагі на гэта? Пайшла яна, здаецца, без затрымкі. Але секунда трэба, каб павярнуць ключ унутранага замка. Не ўсё можна прадбачыць.

— Дзіця ведае, хто ваш галоўны начальнік. Змагары за «вольную» Беларусь!

Чурсік не адказаў.

Дзіўна. Засталіся адзін на адзін у доме — і як бы вытхнуліся. Абодва. Шабовічу таксама не хацелася працягваць размову. Знайшоў з кім спрачацца аб лёсе! Воўк застаецца ваўком, і за ім трэба пільна сачыць, а не ўшчуваць, не агітаваць.

Чурсік падняў крышку каструлі. У нос ударыла такім пахам, што закружылася галава.

— Я табе што сказаў?

— А што?

— Не дакранайся да прадметаў.

— Крышкі ад каструлі баішся! Ге-эрой! Мне загадана накарміць цябе.

— Сам вазьму.

— Дык бяры. За стол, бачу, не сядзем.

Кінуўшы крышку на канфорку пліты, гаспадар запусціў руку ў каструлю, выцягнуў ажно два насаленыя дранікі, укінуў іх у рот, не жуючы, праглынуў, ажно напяўся кадык і калыхнуўся пад сарочкай жывот.

У Шабовіча рот напоўніўся слінай, сплюнуць яе было няёмка, а пракаўтнуць — сябе выдаць. Есці хацелася. Але была адна прычына, якая прымусіла вагацца. Там, на камароўскіх гародах, яго прапаносіла. Ад страху? Ад холаду? Не дзіва, калі і ад страху, цэлую ноч дрыжэў, рыхтаваўся да смерці. Чые нервы вытрымалі б! А ў яго не нервы — жывот схапіла. Калі-небудзь пасля вайны з гэтага можна пасмяяцца, пацешыць сяброў. Але цяпер не да смеху. Сілы падтрымаць варта. Дзе яшчэ і калі ён дабярэцца хоць да сухой скарынкі хлеба? Але ж калі ад дранікаў з салам пагоніць — куды дзявацца ў такой сітуацыі? А яшчэ горш, калі цябе схопяць. Гэтак асароміцца перад сябрамі і то брыдка, а перад ворагамі… будуць іржаць, падлюгі, з такой ганьбы партызана, чаго добрага, у газеце прапішуць. А сволач паліцэйская як знарок дражніць — аплятае дранікі, ажно сала цячэ па барадзе і па руках. Глядзі, умалоціць усю каструлю, абжора. Выходзіць, не перажывае таго страху, калі чалавеку не да пітва і харчу. Ат, чорт з ім! Чурсіка саромецца няма чаго: можна на памыйнае вядро сесці, а там — што будзе, тое будзе. А энергію такія дранікі дадуць на добрыя суткі. Сіла яму спатрэбіцца, калі Хрысціна сумленна выканае заданне і трэба будзе выходзіць з Аксанай. Сіла трэба ў любой сітуацыі.

— Каструлю не з’еш.

— Не турбуйся.

— Які наказ табе дала Хрысціна?

— То еш. Хопіць тут на чацвярых.

— Паеў — адступай у кут.

Чурсік сквапна аблізаў пальцы, але потым зноў выхапіў з каструлі два дранікі і тады адступіў ад пліты да акна.

— Не засланяй акно. I не дэманструй суседзям, што ты дома. Стань у куток!