Выбрать главу

— Я закукарэкаю, а ты свіннёй завішчыш… той, што ўшчамілася ў плоце.

— Палайся больш — туман напусціш, карт це ўбачыш. Што гэта за ход? Што за ход? Мая Надзька разумней ходзіць. Навошта ты трымаеш шасцёркі?

— На пагоны табе. Начаплю фельдмаршальскія. Хто там у Гітлера ў фельдзіках? Бош — Вош? Гомель — Фомель? Воўчая зграя! Што ты азіраешся? Баішся, што слухаюць твае гаспадары? А чаму гэта ў цябе партрэта Гітлера няма? Прыпішуць табе непавагу…

— У карты глядзі, а не на сцены. Часта міргаеш, пан партызан.

— Глядзі! А ты здагадлівы! Доўга думаў?

— Дадумаўся, як бачыш.

— Думай, думай, можа, паразумнееш. А то заплылі твае мазгі… Знаеш, чым яны заплылі ў цябе?

— На, пабі! — Чурсік кінуў карту злосна, размахнуўшыся. — А што, з’еў? Забірай і гэты мех. Ты ў мяне яшчэ хапнеш гарачага! Пагоны ён хоча навесіць! Соплі вытры!

I Шабовіч не абураўся, бо прыкладна такімі ж словамі яны перакідваліся і ўчора і кожны раз, карты сціралі ўсе межы, развязвалі языкі. Не абыходзілі і палітыку, але так, што размежаванасці не было — хто ёсць хто, Іван Ткачук мог уплесці ў сваю пустабрахню Сталіна, а Чурсік праехацца па Гітлеру, за што яго лаяла Хрысціна.

«Ну, і язык у цябе! Глядзі, падрэжуць». — «Не бойся, Хрысця, тут жа ўсе свае».

Не здагадваўся паліцай, каго называў сваімі.

Цяпер Чурсік ведаў, хто перад ім. Але паводзіў сябе па-ўчарашняму, калі лічыў гэтых хлопцаў сваімі. Такая незалежнасць падбадзёрвала ці ва ўсялякім разе нібыта пацвярджала, што ён не ўніжаецца перад сваім узброеным канваірам, а паводзіць сябе, як гаспадар. Урэшце яшчэ невядома, хто ў каго ў палоне, невядома, да каго павернецца ўдача. Тут сапраўды такі лёс, у які ён слепа верыў. Але якой «судзьбы» чакаў? Чаго яму больш хацелася — каб Хрысціна прывяла немцаў? Ці каб выканала даручэнне гэтага нахабніка і ён употай пакінуў бы яго дом?

Пасля роздуму яшчэ да гульні, нават пасля абразы эпізодам з дранікамі, пасля абурэння нахабствам Шабовіча, калі закіпела смяртэльная злосць на яго, — нават пасля ўсяго гэтага перацягвала «мірная» бяскроўная шаля. Дакараў сябе за мяккацеласць, бяззубасць. Аднак разуменне таго, што ў ціхім варыянце больш шанцаў на ўласнае выратаванне, на бяспеку сям’і, пераважвала. Пасля папярэджвання Шабовіча падумаў і пра тое, што якраз і нядрэнна зрабіць паслугу партызанам. Закінуць на будучае. Шабовіч, выходзіць, не апошняя шышка там у іх. Няхай жа ведаюць, што і ён, Чурсік, не прадаў душы за сярэбранікі. Дык чаму не паблазнаваць, не паказаць хоць гэтак сваю смеласць? Маўляў, а мне трын-трава. Але Шабовіч разумеў інакш: балбоча Чурсік ад страху. Бо і самога бяздумнае, звыклае крыўлянне як бы адводзіла ад прорвы, у якую, калі моўчкі мераў крокамі пакой, мімаволі заглядваў. Няхай балбоча, чорт з ім. Ён таксама не адстае, не сароміцца на эпітэты, пажаданні, прароцтвы. Яны болын бязлітасныя, пагрозлівыя — і Чурсік агрызаецца на іх з аглядкай, не абуджае ў ім злосці.

Захапіла гульня. Захапіла слоўная перастрэлка. Цешыла, што адступіла зморанасць і санлівасць. Аднак схамянуўся ў той міг, калі рука пацягнулася да крэсла, што стаяла збоку, каб падсунуць яго і сесці. Гэта ўжо зусім недазволеная раскоша. Не губляй, Станіслаў, пільнасці! Кінуўшы чарговую карту, павярнуўся да акна: што там, на вуліцы? I ледзьве не скачком кінуўся да прасценка паміж вокнамі.

Да дома ішлі паліцэйскія. Двое.

За ім? Не, непадобна. Мірна, па накіданых цаглінах, кавалках дошак фарсіруюць гразкую вуліцу, перабіраючыся з таго боку на гэты. Выставілі сябе што напаказ. Кураць. Так не ловяць нават дылетанты. Не за ім. Але няма сумнення, што ідуць да Чурсіка. Праведаць? Лагічна — паліцай не з’явіўся на службу. Не стане ж СД дакладваць паліцыі, дзе цэлую ноч пратрымала іх чалавека.

Не за ім. Але калі Хрысціна не зачыніла дзвярэй…

— Што ты там прыліп да ецяны? Засвярбела, чым сядзела? Твой ход.

— Васіль, да цябе госці.

Чурсік падскочыў. Карты з рук яго паляцелі пад стол.

— Не выстаўляйся ў акно! Цяміш? — цыкнуў на яго Шабовіч. — Калі Хрысціна зачыніла нас, не абзывайся. Нікога няма. Ідуць сябры твае, здаецца, мірна, — Шабовіч дастаў з кішэні пісталет. Калі ж не зачыніла нас, вырашай сам, як прыняць гасцей. Але не забывайся, што я табе сказаў. Жывым я не дамся. I нашы спытаюць у цябе… — павярнуў рычажок ахоўніка, цяпер даволі націснуць на спускавы кручок «вальтэра» — і сем куль паляцяць у цэль. Толькі сем. Мала! — Дзе абоймы?

— Запасная ў пінжаку ў кішэні. У спальні на кручку вісіць.

— Цяміш, што да чаго?

— Цямлю.

Скрыпнулі весніцы. Вось яны на ганку — аббіваюць з ботаў гразь. Культурныя.