Ім належала выканаць прысуд здрадніку — следчаму паліцэйскай управы Струкачу, былому работніку НКУС. Многа ён ведаў, меў залішне тонкі нюх, следчы талент і на допытах арыштаваных прымяняў такія катаванні, якіх і СД не рабіла.
Акцыя была небяспечная. Ішлі, можна лічыць, на смерць. Таму па ўзаемнай згодзе адкрыліся Аксане — каб у выпадку і ўдачы, трагічнай для іх, і няўдачы з такім жа фіналам яна перадала партызанам. Не дзеля іх славы — дзеля той інфармацыі, якая можа натхніць іншых на такія ж самаахвярныя ўчынкі.
Здалося яму, Шабовічу, што Аксана спалохалася.
«Хлопчыкі, ці ўсё вы прадумалі? Раскажыце пра свій план».
Але пра план Станулік не стаў расказваць, толькі даў адрас і пароль, каму тут, у горадзе, перадаць аб поспеху ці правале іх акцыі, калі самі яны не вернуцца; ён быў бязлітасна спакойны да магчымай смерці сваёй.
Яны выйшлі ў сенцы, калі Аксана вярнула яго:
«Стась, на хвілідачку».
Прывяла ў пакой, дзе гарэла лямпа, узяла за рукі, пільна ўгледзелася ў вочы і сказала проста і шчыра:
«Стасік, голубе мой, ведай: я люблю цябе. Акрамя маці, больш дарагога чалавека ў мяне няма. Як я люблю цябе! Помні пра гэта, помні!»
Узяла ў далоні яго галаву і тройчы пацалавала ў вусны, без страсці закаханай — з матчынай ласкавасцю.
Гэта было мінулай вясной. Улетку яны сталі мужам і жонкай. У акупацыйны загс не пайшлі. Але калегам сваім, урачам, сёстрам, сказалі. Сябры наладзілі імправізаванае вяселле — у бальніцы, пасля работы. Галоўурач спірту трохі выдаў з такой нагоды. А на другі дзень, у нядзелю, да іх прыйшоў Піліп Станулін і прынёс — дзе мог узяць? — ладны цялячы кумпяк. I Аксана з гаспадыняй, у якой кватаравала, насмажылі такой смакаты, ад успаміну пра якую заўсёды цяклі слінкі пасля галоднага пайка. Але той жа добры Станулін — не параіў — загадаў ім жыць паасобна, у розных канцах горада. Цяпер толькі Стась зразумеў, як гэта прадбачліва. Гэта ратавала Аксану.
Заснуў непрыкметна. Спаў неспакойна, з кашмарнымі снамі: увесь час за ім гналіся фашысты ў абліччы нелюдзяў. Але ён адпомсціў: ва ўпор стрэліў у гаўляйтара Кубэ. Здзейсніў план, які выношвалі. Ад стрэлаў прачнуўся. Стралялі недалёка. Падхапіўся, паглядзеў у акенца франтона з аднаго боку, з другога. Нічога не відаць. Пуста, на вуліцах ні душы. Ды і стрэлы сціхлі. Можа, склаў галаву яшчэ адзін змагар. А можа, забаўляліся нейкія паліцаі, набралі хлапчукоў, і яны часта ўшчынаюць страляніну. Немцы без прычыны не страляюць — народ ашчадны і акуратны. О, якія яны акуратныя, заваёўнікі!
Дзіўна, што ў мінулую ноч наладзілі такі вэрхал. Тварылася штосьці незразумелае, што пярэчыць іх педантычнасці. «Некаторым памаглі ўцекчы», — сказаў паліцай. Дзіўная дапамога.
Хутка сцямнела.
Вырашыў: выходзіць трэба цяпер, у ранні вечар, калі многія вяртаюцца з працы і патрулі не чапляюцца да кожнага прахожага.
Спусціўшыся з гарышча, у сенцах паслухаў, ці няма чужога ў хаце. Не, толькі голас дзяўчынкі. Малая спявала «Кацюшу». «Расцветали яблони и груши…» Дзіўна, што ў гэтым доме спявалі такую песню; па сваім узросце дзіця не магло помніць яе з даваеннага часу: дзяўчынцы годзікі чатыры, пяты. Пэўна, спявае маці. А што яшчэ яна можа спяваць?
Незвычайна, ледзь не да слёз расчуліў дзіцячы галасок і сама песня — такая родная, наша, савецкая.
Голас Хрысціны. Яна перапыніла спеў і, здаецца, прагнала ад сябе малую. Тая пратупала ў прыхожай каля самых дзвярэй босымі ножкамі, пабегла ў залу. Не, старонніх не чуваць.
Шабовіч ціха адчыніў дзверы і прашмыгнуў на кухню.
Хрысціна мыла дзіцячую бялізну. Спалохалася, ажно войкнула, быццам не ведала, што ён у доме.
— Чаму палохаешся?
— Не знаю. Я цяпер усяго баюся. Кошка з ляжанкі скочыла — дык я чуць не самлела. А цябе не чула, як ты спускаўся, лесвіца ж наша скрыпіць. Умееш, як кот, нячутна.
— Умею. Умею. Усё ўмею.
— А з выгляду — прастачок. А ты — артыст!
— Жыццё ўсяму навучыць. Накармі мяне.
— Я табе сала насмажу.
— Ого! Шчодрая ты.
— А хіба такому госцю шкада?
Хрысціна ўскочыла на лаўку, занавесіла акно саматканай дзяругай, хоць акно гэтае выходзіла ў двор, на хляўчук. Спадабалася яе асцярожнасць.
— Ладна. Не высвятляю, які я госць.
— А я табе скажу — які. Пра якога думаюць: хутчэй бы ён, чарцяка, выбраўся.
— У шчырасці табе не адмовіш.
— А што мне — дзяцей з табой хрысціць?
— Не заракайся, можа, станеш кумой.
— Ты ж нежанаты.
— А хіба гэта доўга, маючы жанілку?
У гэты момант, мабыць, пачуўшы іх галасы, увайшоў гаспадар. Выглядаў ён нейкім ажно счарнелым — такім, што жартаваць пры ім, ды яшчэ з жонкай яго, знікла ўсялякая ахвота.