Выбрать главу

Прысядаючы да кухоннага стала, сказаў сур’ёзна і сурова:

— Не бойцеся. Зараз я пакіну вас. Сала смажыць не трэба, сырое з’ем, — і да Чурсіка: — Выведзеш мяне на Даўгінаўскі.

I тады — во, нечаканасць! — гаварлівая і, здавалася, незалежная Хрысціна раптам упала перад ім на калені.

— Стасік, родненькі, пашкадуй ты нас, не губі, у нас дзіця малое. Мы табе зрабілі ўсё, што маглі. Невядома, чым гэта скончыцца для нас. Усё бяры. Але яго не вядзі. Гэта ж на верную смерць вядзеш.

У адчыненых дзвярах з’явілася Надзька і здзіўлена, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела на маці: што адбываецца тут? адкуль з’явіўся дзядзька Стась у іх кажуху? Казка, дый годзе!

— Устань! — узлаваўся Шабовіч. — Наладзіла спектакль перад дзіцем! Што ты растлумачыш ёй? — і малой: — Мамка не пускае татку ў карты гуляць.

— Не ідзі, татачка, — прыціснулася дзяўчынка да бацькавай нагі.

— Чорт з вамі! — падняўся Шабовіч з табурэта і да Чурсіка — загадна: — Шынель дасі і фуражку.

— Не дам! — скрыгатнуў зубамі паліцэйскі, дзіўна ён змяніўся ў адзін міг, як быццам раптам адчуў сваю сілу.

— Табе дарагі так гэты шынель? — сціснуўшы кулакі, Шабовіч ступіў да паліцая. — Не можаш расстацца?

Хрысціна стала між імі.

— Стасічак! Дык пазнаюць жа па шынялі — чый ён. Пазнаюць. Я табе братава паліто дам. I капялюш. Будзеш што пан.

— Чорт з вамі, — ужо лагодна сказаў Шабовіч. — Давай тваё паліто.

Хрысціна кінулася ў спальню, малая за ёй.

Шабовіч скінуў кажух і дастаў з кішэні пісталет, правяраючы, у якой ён гатоўнасці.

— А я думаў — ты чалавек, а ты… гаўно фашысцкае.

— Мала я для цябе зрабіў? Мала?

— Ладна. Чорт з табой. Пасля палічымся. Але не забывайся пра той рахунак, які будзе падбіты. Не забывайся. Як чалавеку кажу.

На парозе спыніўся, хацеў павярнуцца, паглядзець, якімі вачамі яны, трое, праводзяць яго. Але не спыніўся. Дзвярамі ў хату ляпнуў. У цёмных сенцах апрануў паліто, цеснаватае ў плячах. Дзверы ў сенцы адчыніў і зачыніў за сабой ціха. Пастаяў на ганку.

Распагодзілася. Бралася на мароз. Высыпалі зоркі. Далёка на станцыі трывожна крычалі паравозы.

4

Золатаў не палюбіў Дзядзюлю з першай сустрэчы: скамарох. Асабліва не спадабаўся камандзір базавага атрада, калі прыязджаў сюды да Мана. Блазнаваў, што прыехаў па цэбры, таргаваўся за кожную лыжку, надзялялі адзін адкаго, ён і Ман, адменнымі эпітэтамі: «кулак», «лейба», «скупярдзяй». А пасля гадзіны дзве хадзілі па лесе і, здалёк відаць было, вельмі дружалюбна шапталіся. Пра што? Што за сакрэты ў іх ад яго, прадстаўніка дзяржбяспекі, ад камісара, нарэшце? Падазрона. Але яшчэ больш непрыемна зачапіла за жывое, як Дзядзюля гаварыў з ім: неяк як бы несур’ёзна, як з малым. Абуральна. Хто ён такі? Радавы. Інжынер-тарфянік. А ніякай павагі да прадстаўніка органаў. Партызаншчыны ў іх многа ў абодвух — і ў Дзядзюлі і ў Мана. Хто з іх толькі болыя складаны? Хто на каго ўплывае?

«Але пачакайце, разбяруся і дам зразумець, хто я, а хто вы».

У руках Золатава была зброя, на якую ён занадта спадзяваўся, — рацыя і свой радыст. Толькі б мець факты. А там ён дасць такую інфармацыю, якая дойдзе да самога Лаўрэнція Паўлавіча, а ў таго даволі ўлады, каб прымусіць Панамарэнку навесці ў атрадах парадак і лічыцца з прадстаўнікамі НКУС.

Але бяда ў тым, што ніякіх асаблівых фактаў не было і прыдумаць іх тут нялёгка. Ды і не пра дзеянні атрадаў, іх камандзіраў патрабаваў інфармацыі Цэнтр. Настойліва патрабавалі звестак пра становішча ў Мінску. Выказвалі незадавальненне, што ён сядзіць у лесе, а не ідзе ў Мінск. А як пойдзеш? На верную смерць? Сваю «камандзіроўку» сюды лічыў прошукамі ворагаў. Абскакалі яго дружкі, нікому з іх не хацелася ляцець у нямецкі тыл, хоць усе гаварылі высокія словы. Ёсць у наркамаце цэлае вялізнае ўпраўленне, якое спецыяльна рыхтуе людзей для працы ў лагеры ворага, мову вывучаюць. Чым яны займаюцца? Такі горад, як Мінск, з усімі цэнтральнымі акупацыйнымі органамі яўна іх аб’ект. Дык не ж, паслалі яго, работніка, які ўвесь час займаўся ўнутранымі справамі, контрразведкай, паслалі толькі таму, што ён мінчанін. Дык гэта ж толькі ўскладняе яго задачу, бо нехта можа пазнаць яго, чаго добрага, з тых, чые справы ён вёў, многіх з іх вызвалілі пад націскам таго ж Панамарэнкі, а іншыя маглі вызваліцца самі ў першыя дні вайны, калі іх эвакуіравалі з Мінска. Мінкіна расстралялі за тое, што група, якую ён вёў на Магілёў, узбунтавалася на начлезе, абяззброіла канваіраў і рассеялася ў лесе ля Бярэзіны. Мінкін прасіў вайскоўцаў наладзіць аблаву, але тыя адмахнуліся: знайшоў чым займацца.