— Каб я, браце, ведаў прычыну, то, можа, ратаваў бы многіх нашых людзей. Арышты працягваюцца і цяпер. А чуткі і думкі — яны самыя розныя. Тыдзень назад была ў мяне тут адна маладзічка. Перадала і такое, што адзін з арыштаваных кіраўнікоў падполля, — Кавалёў, — правакатар, выдае сваіх. Ды гарадскія кіраўнікі яе, сувязной нашай, лічаць, што гэта правакацыя эсдэ, каб дэмаралізаваць падпольшчыкаў. Масавыя арышты зусім не азначаюць, што нехта выдае. Змена чалавекам кватэры — ужо падстава для арышту. I я згодзен са сваімі хлопцамі. Не веру, што Іван правакатар. Асабіста ведаю гэтага чалавека, праўда, па даваеннай рабоце. Ён быў сакратаром райкома, блізкага ад Мінска. Гэта сапраўдны бальшавік!
Дзядзюля не верыць, што Кавалёва маглі зламаць фашысты. А ён, Золатаў, адразу паверыў, бо ведаў, як лёгка «расколваліся» такія «бальшавікі» на допытах у іх, а ён шчыра быў перакананы, што асабіста яго допыты былі гуманныя, ва ўсялякім разе з фашысцкімі іх не параўнаць.
Адным словам, інфармацыя пра Кавалёва яго амаль узрадавала. Гэта якраз тое, што трэба, што апраўдвае яго ў вачах начальства, — не хаваецца ён у атрадзе, а дзейнічае асцярожна, прадбачліва, неразумна лезці ў пастку зверу, калі ён так ашчэрыўся, абкружыўся правакатарамі. Многа значылі і прозвішчы Караткевіча, Нікіфарава, іншых, гэта пацвярджэнне грунтоўнасці інфармацыі, можа здарыцца, што ён першы назаве гэтых людзей, добра было б, каб пра іх і Панамарэнка не ведаў, пра дзейнасць якога Лаўрэнцій Паўлавіч адазваўся на інструктажы скептычна, хоць тут жа агаварыўся, што, маўляў, гэта тычыцца разведкі ў Мінску, у іншых гарадах, а не баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў. Карцела спытаць, ці перадаў Дзядзюля гэтыя «мінскія чуткі» ў ЦШПР[1]. Але тут жа сцяміў, што можа ў данясенні на Дзядзюлю не спасылацца, лепш сачыніць яго так, каб там, у Цэнтры, лічылі, што звесткі з Мінска прынёс чалавек яго групы. Праўда, такім чынам можна напрасіцца на яшчэ больш складанае заданне, напрыклад, на ўстанаўленне сувязі з тымі кіраўнікамі падполля, якія ўцалелі, але, як кажуць, рызыка — справа высакародная. Там зноў можа выручыць Дзядзюля. З гэтым чалавекам варта мець добрыя адносіны, дарэмна ігнараваў яго і нават як бы трохі баяўся — за яго ўедлівую саркастычнасць. Пахваліць яго трэба. Але ўмела, хітра, бо Дзядзюля з тых «іронікаў», калі «пераборам» у іх праслаўленні можна сапсаваць усю гульню.
Золатаў вельмі ўзрадаваўся, калі за абедам, з чаркай, Дзядзюля ўсё ж «клюнуў» на тост аб яго народнай мудрасці, аб яго палкаводскіх якасцях.
— Такія людзі, як вы, Цімох Пятровіч, узначальвалі народныя рэвалюцыі. Як Разін. Як Пугачоў.
Не адбіўся сарказмам, сказаў сур’ёзна, што Разіна ён любіць, а Пугачова не вельмі: хаваючыся тут, у Беларусі, на яго радзіме — у Ветцы, Ямелька нюхаўся з польскай шляхтай.
У найлепшым настроі вяртаўся Золатаў у свой атрад. Атрымаў больш, чым спадзяваўся. Ёсць што перадаць Цэнтру. Ёсць чым апраўдаць сваё прабыванне ў атрадзе, а не ў Мінску.
А Ман чамусьці быў задумлівы, хоць гаварлівасцю ён ніколі не вызначаўся. Але заўсёды быў інтэлігентна ўважлівы да субяседніка. Пра што яны там шапталіся? Не маглі змовіцца падкінуць яму інфармацыю-ману? Не, не падобна. Золатаў ведаў сваю слабасць, якая абумоўлена спецыфікай прафесіі: нікому не давяраць — ні арыштаванаму, ні начальніку, ні сябру, ні жонцы, да ўсяго ставіцца з падазронасцю. Але тут не той выпадак і не тыя людзі. Ён часам радаваўся, што сярод партызан «хвароба» яго прытупілася — не верыць Ману, хоць ён і Манюк, Кіпеню, Брагінскаму нельга, тут яны, жывучы ў адной зямлянцы, выконваючы адну задачу, парадніліся што браты. Праўда, нярэдка ён дакараў сябе за аслабленне пільнасці, за паверлівасць. Такое ён не мае права дазваляць сабе, тут — тым больш. Трымаць вуха трэба востра: ворагі маглі пралезці і ў партызанскія атрады.
Пасля першых, даволі моцных маразоў і снегападаў, калі, здавалася, трывала лягла зіма, наступіла адліга, вярнулася цёплая восень. Снег сагнала. Часта ішлі дажджы. Зямля раскісла. Ехалі чацвёра — два маладыя партызаны, ахова камандзіра, яны заўсёды суправаджалі яго ў атрад Дзядзюлі. Між іншым, нават гэта выклікала ў Золатава падазронасць: чаму на баявыя заданні Ман-Манюк едзе з любымі іншымі партызанамі, а да Дзядзюлі толькі з гэтымі юнакамі, не самымі вопытнымі байцамі. Пашкадаваў, што не мог узяць свайго чалавека, але чалазек яго, Іваноў, па сутнасці адзіны, якому ён верыў, хварэў — фурункулы ўскочылі на такім месцы, што ён не мог сесці ў сядло.
Ад талага снегу і дажджоў распухлі раўчукі, па-вясноваму разлілася рэчка. Туды ехалі — праехалі па грэблі, па мосце. Нікога не сустрэлі, ва ўсялякім разе ён, Золатаў, нікога не ўбачыў, калі не лічыць адзінокай постаці, жаночай, на краі далёкай, за добрую вярсту, вёскі. Але Ман