Выбрать главу

сказаў тады:

— Назад гэтай дарогай не паедзем. Але дзе пераправіцца?

Доўга шукалі яе, пераправу. Ехалі ўздоўж рэчкі. Тут берагі яе былі крутыя, і вада не выйшла з іх. На полі коні грузлі па калені і знясілелі: дваццаць вёрст туды, палавіну дарогі назад.

Перапраўляцца пачалі там, дзе ад рэчкі падыходзіла палявая дарога, на тым баку яна вяла ў лес. Рэчка ў гэтым месцы разлілася і ўстрашала шырыкёй. Але Ман ведаў, што там, дзе брод, — мелка і дно цвёрдае. Аднак мелка не было, коні адчувалі глыбіню і баяліся, прыйшлося гучна нокаць. Хлопцы ўзнялі ногі на холкі коней, Золатаў чарпнуў халявамі ваду. Конь збочыў з дарогі, як знесла яго вадой, і ён з натугай выбіраўся на абрыў. I тут свіснула куля. Адна. Другая. Конь заржаў, споўз у раку. Золатаў вырваў ногі са страмёнаў і вываліўся ў рэчку. Хуткая плынь панесла яго грувасткае цела. Але, магчыма, гэта ратавала яго, бо зноў прагучалі недалёкія стрэлы, і рака праглынула забітага каня.

Плаваў Золатаў нядрэнна, ныраючы, праплыў паўсотню крокаў, схапіўся за паваленую альху, па ёй выбраўся на абрыў, прапоўз колькі крокаў, нюхаючы зямлю, — галаву ўзняць баяўся; куляючыся, скаціўся ў лагчыну, дзе таксама стаяла вада. Але ўгледзеў, што ад куль закрыўся. Абмацаў сябе. Фуражку знесла. Добра, што пісталет ацалеў, хоць кабура была расшпілена. Дзе ж яго баявыя таварышы? Пакінулі аднаго? Пакінулі, сволачы! Хто стане падстаўляць сябе пад кулі? Узаемавыручка ў баі — прыгожыя словы. Ніхто нікога не выручае, кожны думае пра сваю шкуру. Кроў ударыла ў галаву, сэрца распухла да таго, што, здавалася, разарве грудную клетку. Пацямнела ў вачах. Свінцова-шэрае асенняе неба стала жоўтым.

Дзе яны, ворагі? На тым ці на гэтым беразе? Колькі іх? Калі ўгледзелі яго, адным пісталетам не адбіцца. Што ж застаецца? Пусціць кулю сабе ў скроню? Ці ў сэрца? Дзе менш баліць? Ад якой раны хутчэй наступіць смерць? Заскуголіў ад страху, роспачы, безвыходнасці. Так недарэчна скончыць сваё жыццё! Якую радыёграму дасць у Цэнтр Ман? Падлюга Ман! Здраднік! Фашыст! Недарэмна ўзяў сабе нямецкае прозвішча. Безумоўна, пастараецца ачарніць яго, мёртвага. Як? Як прадставіць яго смерць? Ці стане хоць сумлення перадаць, што загінуў выпадкова — напароўся на засаду?

I раптам збоку фыркнуў конь. Золатаў ажно ўскрыкнуў ад нечаканасці і прыставіў пісталет да грудзей, загадаўшы сабе: «Жывым не здавацца!» Але — о, цуд! — да яго ехалі па лагчыне Ман і баец, адзін.

— Вось ён! — радасна ўсклікнуў хлопец.

Ман саскочыў з сядла.

— Сербануў вады? Ажно пасінеў, нябога. Ехаць можаш? Сядай на майго каня. Скачы па лагчыне. На ўзлессі пад дубамі цябе будзе чакаць Андрэй. А мы з Іванам затрымаем іх. Яны пакуль што на тым баку. На конях. Але па ўсім відаць, намераны перапраўляцца. Вынюхваюць, ці няма атрада ў засадзе, ці не былі мы прыманкай. Няхай кінуцца ў пагоню.

Ман памог Золатаву ўзлезці ў сядло. I тады ён сапраўды зноў адчуў сябе на кані. Страсянуў страх, набыў моц. Прыгнуўся да грывы, дзіка гікнуў каню ў вуха, ударыў абцасамі ў бакі і прымусіў яго з ходу памчаць ускач.

Праз хвіліну ззаду затрашчалі аўтаматы. Аўтаматамі ўзброены Ман і баец Іван Хіла, па іх стралялі з вінтовак. Калі выскачыў з лагчыны на ўзгорак, над галавой неяк аслабела дзынкнула куля. Але і яна спалохала. Якія там дубы? Дзе той Андрэй?

Конь вынес яго да арэшніку, за ім — асіннік, а далей — ельнік. Толькі там, каля ельніку, спешыўся, бо на кані праз гусцеж не прабрацца — выкалеш вочы. Але, ведучы каня ў повадзе, ён усё далей і далей углыбляўся ў лес. Страляніна на лузе сціхла. Але над галавой стракаталі сарокі і таксама палохалі: чаму так трывожна? I чаму ляцяць не ўперад, а назад? Ці не ідуць паліцэйскія па яго слядах?

Баяўся нават разуцца, каб выліць ваду з ботаў.

Лес за дзесятак кіламетраў ад лагера Золатаў не знаў, ды ў такую пагоду, без сонца, і мясцовы чалавек можа пайсці ў лесе не ў той бок. I ён доўга блукаў, выбіраўся на ўзлесак і, як толькі адкрывалася поле ды яшчэ з недалёкімі хатамі вёскі, тут жа спяшаўся ўглыбіцца назад у пушчу, хоць, разумеў, што і там можна наскочыць на ворагаў. Вунь як яно бывае: ехалі спакойна ў далечыні ад вёскі і — на табе. Адкуль чорт прынёс іх, паліцаяў? Падпільнаваць не маглі — назад ехалі зусім па іншай дарозе. Ман умее прадбачыць, але тут і ён спатыкнуўся. Чым там кончылася ў яго? Двое на добры дзесятак. Навошта трэба было ўлазіць у такі бой? Захацеў паказаць свой гераізм?

У думках набліжаўся да таго, каб віну за сваю бяду зваліць на таго ж Мана. А бяда яго заключалася толькі ў тым, што ад мокрага адзення дубянеў. Спрабаваў бегчы побач з канём, але мокрыя анучы націралі ногі.