Выбрать главу

Урэшце яму пашанцавала: выбіўся на знаёмую просеку. Тут ужо не шкадаваў каня і праз чвэрць гадзіны прымчаў у лагер.

Камісар і начальнік штаба вельмі ўстрывожыліся за камандзіра. Паднялі атрад па трывозе: камандзір у бядзе!

Праз пяць мінут конны ўзвод гатовы быў скакаць на выручку. Дзе застаўся камандзір, растлумачыць Золатаў не мог, але ўспомніў, што Ман сказаў пра паліцыю: «Каменскі гарнізон». Па гэтых словах Ігар здагадаўся, дзе яны маглі перапраўляцца праз рэчку.

Канешне, Золатаў памкнуўся паехаць з імі. Але калі пераапрануўся ў сухое, яго пачало ліхаманіць і… ванітаваць. Куды ў такім стане ехаць!

Хворага Брагінскага таксама не ўзялі, і той даглядаў начальніка асобага аддзела з увішнасцю міласэрнай сястры: хутаў у кажух, паіў чаем і самагонкай, паліў буржуйку.

На змярканні ўзвод вярнуўся, але Мана і яго ардынарцаў з імі не было.

Ігар Кіпень панікаваў; прапанаваў тут жа, не чакаючы нават позняй ночы, напасці на каменскі гарнізон. Прыйшлося астуджаць яго:

— Ты што ж, лічыш, што Аляксей Іванавіч мог здацца ім? Не той чалавек.

Але, не той. Аднак:

— Ды іх і мёртвых трэба вызваліць!

— Гародзіш ты, хлопча, глупства. Няўжо думаеш, што іх выставяць у царкве, каб заўтра адслужыць паніхіду? Калі, не дай бог, забілі, то кінулі целы ў рэчку. Але дзе Андрэй? Яго не маглі забіць. Пачакаем Андрэя.

— Не, я так не магу, — не здаваўся Ігар. — Паеду з хлопцамі ў разведку.

Золатаў зразумеў, што трэба браць камандаванне ў свае рукі, інакш ініцыятыву можа захапіць гэты хлапчук. Другога такога выпадку не будзе! Безумоўна, ён па-чалавечаму шкадаваў Мана. Але вайна ёсць вайна. I раскісаць на ёй не дазволена, асабліва яму, чэкісту, камандзіру спецгрупы. Пакуль што не таіў нават ад сябе, што праз няшчасце яму ўсміхнулася ўдача: збываецца яго мара. Падняўся з-за стала, падперазаў папругу і ўладна сказаў:

— Да звароту Манюка (чамусьці не Мана — Манюка) атрадам камандую я! Алерацыю адмяняю! Разведку пашлём, але не цяпер, на ноч гледзячы. Пашлём раніцою.

Кіпень, добры, мяккі хлопец, мусіў згадзіцца, але пачаў апранацца.

— Ты куды?

— Пагавару з людзьмі. Байцы ўсхваляваліся.

— З людзьмі пагавару я сам. Пайшлі разам.

Выйшлі з ліхтаром, без яго і па пратаптаных сцежках не прайсці, ноч — вока выкалі. Узняўся вецер. Ажно свістаў у вершалінах сосен. Шум бору гараджаніна Золатава па-ранейшаму і зачароўваў і палохаў: у такім шуме і вартавыя нічога не пачуюць, пра гэта ён неаднойчы думаў у ветраныя ночы.

Спыніліся каля зямлянкі разведчыкаў, бо адтуль гучаў смех. Вясёлы смех. Гэта як пацвярджала яго, Золатава, думку пра людзей: вось яны якія, а Ман так верыў у іх адданасць.

Цікава, чаму ім так весела?

Адчыніў дзверы і… аслупянеў. Перад буржуйкай на калодзе сядзеў Аляксей Іванавіч у сухім адзенні. Вясёлы. Смяшыў байцоў. Чым? Ці не расказам пра тое, як ён, Золатаў, прыняў халодную ванну? Уявіў, як Ман мог расказваць, і ажно перасмыкнула яго. Не адразу нават выказаў радасць, што бачыць камандзіра жывога і здаровага.

— Ты тут?

— А вы думалі,я плыву ў Бярэзіну у абдымку са шчупаком?

Разведчыкі засмяяліся.

— Я нічога не думаў.

— Чаму вы мінулі Андрэя?

— Чорт яго знойдзе, вашага Андрэя. Лес вялікі.

— А ён вас бачыў. I мы вас дацямна шукалі.

Злосць Золатава на Мана закіпела: навошта яму трэба высвятляць такія дэталі тут, у прысутнасці байцоў? Каб зняважыць яго? I яшчэ адно выводзіла яго з раўнавагі — упартае нежаданне камандзіра перайсці з ім на ты. Усім кажа ты, не толькі маладым Кіпеню, Брагінскаму, байцам, але і старэйшаму за сябе камандзіру дыверсійнай групы чыгуначніку Каралёву, кухарцы цётцы Баслычысе. Цётка гэтая не саромеецца на людзях прабраць камандзіра за атрадную гаспадарку, і Ман толькі пасміхаецца з яе крытыкі. Да ўсіх ён — народнік, а да яго, Золатава, — інтэлігент. I ніяк Золатаў не можа зразумець, што гэта — павага да яго звання, падкрэсленае захоўванне вайсковай субардынацыі ці хітры здзек, насмешка. Якаў Міхайлавіч ненавідзеў псіхалагічныя тонкасці, людзей ненавідзеў, якіх цяжка «раскусіць», расшчапіць на клеткі. А ён жа таксама лічыў сябе псіхолагам. Выходзіць, ёсць розныя ўзроўні псіхалагічных здольнасцей. Злавала і тое, што яго ўласны настрой, найтанчэйшыя хістанні настрою Ман лавіў, як добры сейсмограф.

Вось і тут: адразу пачуў, што ён, Золатаў, кіпіць. А Ман сапраўды адчуў гэта і без усялякай задняй думкі шчыра пашкадаваў начальніка асобага аддзела. Упершыню, відаць, трапіў чалавек у такі пераплёт, таму не дзіва, што пасля ўсяго перажытага завёўся ад лёгкага папроку: чаму мінуў Андрэя? Забыцца на тое, што яны шукалі яго, хваляваліся, узяць віну на сябе: