— За патроны — не сорамна.
— Адзінае апраўданне.
Між тым Аляксей Іванавіч падумаў:
«Цімоху няма чаго цяадніць перада мной. А вось табе дарэмна ён усё вылажыў. Баліць у яго душа за людзей, таму і выгаварыўся. Шчыра Цімох гаварыў, даверліва».
— Пра Кавалёва не перадавайце, — яшчэ раз папрасіў Ман. — Пакуль што. Я, між іншым, таксама ведаю гэтага чалавека.
— Вось як! Усіх ты ведаеш.
— У вобласці ж працаваў.
— Добра, не перадам.
Аднак перадаў з поўнай упэўненасцю, што Кавалёў ведае сваіх, таму, маўляў, і арыштаваў гэтулькі. Не падумаў нават пра законы канспірацыі. Добра ведаў іншае — як умее следчы апарат рабіць ланцуговую рэакцыю: кожны наступны будзе выдаваць новых і новых: Кавалёў — Падковіна, Падковін — Молатава…
Вярнуўся з радыёрубкі вясёлы, радасна ўзбуджаны.
— Камандзір, выстаўляй увесь свой запас! Ёсць прычына выпіць!
— Якая прычына? Што вылезлі сухімі з рэчкі?
«Сцёбаеш па вачах? — падумаў Золатаў. — Пачакай. Я сцёбну не так». Але не месца тут ды і не час драпацца з гэтым «святым». I настрой не той — настрой сапраўды такі ўзняўся пасля сувязі, бо да інфармацыі яго праявілі надзвычайную цікавасць, загадалі праз паўгадзіны зноў выйсці на сувязь. I хоць другі сеанс быў кароткі, а загад сухі і нялёгкі: разведку ў Мінску актывізаваць, — настрой ад гэтага не пагоршыўся, бо ён здагадваўся, каму была даложана яго радыёграма.
— I гэтая прычына немалая — што мы высахлі пасля купання. Маглі і не высахнуць. Але ёсць прычына больш важная. Глабальная. Усенародная. Разграмілі немцаў пад Сталінградам.
Адзначыў, што паведамленне гэтае Ман прыняў спакойна, быццам ведаў ужо радасную навіну. Вельмі ўзрадаваліся Брагінскі і Кіпень. Камісар па-камсамольску выгукнуў «ура». Начальнік штаба, які зусім расхварэўся, рухава падняўся са свайго тапчана, пачаў зашпільваць гузікі гімнасцёркі, рукі дрыжэлі, і яму нялёгка было гэта рабіць, падперазаў папругу — як рыхтаваўся ў баявы строй. Вочы яго набрынялі слязьмі, затуманіліся акуляры, ён праціраў іх, надзяваў і зноў праціраў.
— Во гэта радасць! Якая радасць, таварышы! Во за гэта і я вып’ю. Цяпер мйе і паміраць не страшна.
— Капітан! Пачую яшчэ раз ныццё пра смерць…
— Я не ныю, дарагі Аляксей Іванавіч! Я спяваю гімн. I малюся. Не смейцеся. Цяпер я разумею, калі, з якой нагоды ў мамы з’яўлялася жаданне заспяваць песню і сачыніць малітву, малітву падзякі. Так яна моліцца сёння. Я гэта чую. Мая мама! Ах, таварышы мае дарагія! Каб атрымаць яшчэ і гэтую звестку — ад мамы… ад сям’і.
— Якаў Міхайлавіч! Дык што там перадалі? Што? — дапытваўся між тым Ігар, яму карцела хутчэй паведаміць такую навіну байцам атрада.
— Перадалі каротка, вельмі каротка: «Разгром немцаў пад Сталінградам. Слухайце радыё». О, каб была магчымасць, я сказаў бы ім за гэтую параду — «Слухайце радыё!» — пару гарачых слоў. Яны думаюць, у нас тут радыё, як у Маскве, — на кожнай сасне па рупары. Чыноўнікі! Бюракраты! На батарэі дыхнуць баімся — каб хапіла на перадатчык.
— Дзядзюля абяцаў, — сказаў камандзір.
— Дзядзюля абяцаў? — здзівіўся Кіпень. — Што ён у нас запросіць за батарэі?
Аляксей Іванавіч засмяяўся нейкай сваёй думцы.
— Папросім пазычыць. Пасля вайны разлічымся — свае людзі.
А Брагінскі кружыў па цеснай зямлянцы вакол цечкі і ўсё гаварыў пра Сталінград і… пра маці — як у гарачцы, як у сне. Але слухаў кго адзін Ман. Радаваўся яго ўзбуджанасці ад такой навіны і адначасова трывожыўся.
Часцей за ўсё Навум успамінаў жонку і сынка, але, адчувалася з бояззю, — а раптам іх няма жывых? А тут раптам згадаў маці і гаворыць пра яе з упэўненасцю, што яна жывая, што яна моліцца за перамогу і за яго, сына. Чаму? Розуму недаступна чалавечая логіка, як праявы у хвіліны радасці і гора, мужнасці і страху. А калі перамешана ўсё разам, як у гэтага нябогі Брагінскага, дык такі чалавек падобны на вар’ята ці на святога.
Трэба ўсё ж угаварыць яго вярнуцца да Дзядзюлі, палячыцца, там два дактары, а ў іх адзін фельчар, а галоўнае, што Дзядзюля, чортаў даставала, — усё можа здабыць, з-пад зямлі, як кажуць. — Дастаў бы і лекі патрэбныя. Праўда, лекі ён не шкадуе і сёння. шчодра дзяліўся імі, ды яшчэ выказаў народную мудрасць: за лякарствы плату грэх браць.
— Сёння я вып’ю. Адзін раз можна. Вып’ю і буду спяваць песні. Я ж добра спяваў. Вы не чулі, як я спяваў. Гэта — ад мамы. Як спявала мая мама! — высокі Брагінскі паднімаў рукі над галавой і ляпаў далонямі па столі зямлянкі, як бы выбіваючы ўрачысты матыў. Потым усё роўна што спатыкнуўся — спыніўся перад камандзірам, разгублена і няўпэўнена, неяк зусім па-дзіцячаму спытаў: — Можна?