Выбрать главу

Салдат пацягнуўся да цяпла, выставіў сінія адубелыя рукі насустрач полымю.

— Няцёпла ж іх надзяюць.

Мабыць, адчуўшы іх цяжкасць, палонны вырашыў памагчы:

— Славен.

— Славак? Ты — славак?

— Не, не ён, язык яго, — па-дзіцячаму смешна высалапіў свой ярка-чырвоны язык.

— Ах, ты гаворыш па-славацку?

Такому адкрыццю ўзрадаваліся. Гэта ўжо нешта. Кіпень гаворыць па-польску, Брагінскі — па-ўкраінску. Плюс руская і беларуская мовы — ледзьве не поўны славянскі набор.

Але і славацкі ведаў ён, відаць, на ўзроўні дыялекту суседняй задунайскай вёскі.

Камандзіры ўзмакрэлі, будуючы неверагодныя словазлучэнні з пяці моў, якімі калектыўна валодалі ў той ці іншай меры. Аднак выпыталі нямнога. Прозвішча, нумар часці, званні, прозвішчы камандзіраў; род войска так і не ўстанавілі, маглі толькі здагадацца, што нейкая ахоўная часць. Звесткі пра ўмацаванні на чыгунцы, пра колькасць кулямётаў, пра мінныя палі — кожны зразумеў па-свойму, між сабой да згоды не прыйшлі.

Салдат адагрэўся і павесялеў. Адказваў ахвотна, мнагаслоўна, але, жадаючы памагчы, таксама ўжываў такую моўную мешаніну, такую тарабаршчыну, што ніводзін венгерскі ці славацкі прафесар мовы не дайшоў бы да сэнсу. Ігар разумеў гэта і смяяўся. Смех зняў у палоннага страх, і ён хапаў камісара за рукі і рысаваў штосьці на яго далонях.

— Паваражыць хоча, ці што?

— А ў іх там цыганскія звычкі.

— Ды не, то — у румын.

Змарыліся.

Аляксей Іванавіч махнуў рукой.

— Вядзі ты яго, Андрэевіч.

Зморанага Каралёва лінгвістычнымі практыкаваннямі ўвагналі ў сон, ён моцна спаў, седзячы на падлозе. Ледзьве расштурхалі.

— Куды яго?

Сапраўды — куды?

Ман задумаўся.

— Няхай у нашай зямлянцы паспіць, — проста сказаў Каралёў. — Косцік павартуе, мы яго не бралі з сабой, выспаўся.

Золатаў зняважліва пасміхнуўся і, працягнуўшы руку, сарваў з цвіка ватнік. Апрануў і тут жа, падняўшы крысо, дастаў з кабуры пісталет, сунуў яго ў кішэню фуфайкі.

— У акоп яго! Дайце ліхтар.

Ад нечаканасці ўсе аслупянелі. Першы сарваўся з месца Ігар — загарадзіў палоннага ад маёра.

— Вы што! Не! Не! Не маеце права!

— А што ты думаеш рабіць з ім? Цалавацца? Сапляк! — ніколі яшчэ Золатаў не гаварыў з камісарам так груба, хоць заўсёды даваў зразумець розніцу ва ўзросце і званнях.

— Расстраляць — не дам! — глуха прагудзеў Каралёў. — Не знаю, што рабіць, але не дам. Застрэліць яго трэба было, калі ён з аўтаматам быў. Дарэмна ўзялі…

— Вядзі, Андрэевіч, — зморана сказаў Ман і, устрапянуўшыся, строга: — Але глядзі… Будзеш мець справу з ім, — кіўнуў на Золатава.

— Вучоны, — буркнуў падрыўнік, узяўшы палоннага за каўнер і павярнуўшы да дзвярэй. — Ідзі, ваяка…

Калі яны выйшлі, Золатаў даў волю сваім пачуццям. Ніколі так не зрываўся, ніколі не быў у такім гневе. Выхапіў пісталет. Стрэліў у сцяну. Спалоханы Брагінскі адняў у яго пісталет, кінуў на тапчан. Хацеў па-добраму абняць.

— Якаў Міхайлавіч, Якаў Міхайлавіч…

Але Золатаў так піхнуў свайго хворага любімца, што той ледзьве не зваліўся на печку, мог бы апякчыся. Такіх слоў ад яго не чулі — самыя прасоленыя мацюкі.

— Гаўнюкі вы, а не партызаны! Бабы! Саплякі! Вам не ваяваць, а курэй мацаць! У бірулькі гуляць! Вам запішуць вашы подзвігі!

Малады гарачы Кіпень абурыўся.

— А што вам не падабаецца? I хто вы такі? Прыблуда!

— Я — прыблуда? Я? Шчанюк саплівы! Нос вытры!

Ман па-камандзірску злосна крыкнуў невядома каму:

— Спыніце, чорт вазьмі! Разышліся! — і да Ігара — памяркоўна, з грубым жартам: — Хадзем адальем. Мача ад галавы адхлыне. I каравулы праверым.

Але і на дварэ Ігар не адразу супакоіўся.

— Мяснік! Сволач!

Ман ціха сказаў:

— Ён хворы чалавек, Ігарок. Бойся яго.

На другі дзень Золатаў пра палоннага ні слова, быццам ягоны лёс начальніка асобага аддзела не датычыўся. Паводзіў сябе так, як бы і не было начной сутычкі.

А венгр уцёк. Праз два дні. Не ад Каралёва, на шчасце. Ад Баслычыхі. Далі ёй палоннага памагчы на кухні, а яна яго, разява, паслала па дровы за стайню і спахапілася, можа, праз паўгадзіны.

Ман падазраваў, што здарылася гэта невыпадкова, і разгневаўся, учыніў жанчыне разнос, прабіраў па-партызанску, не саромеючыся самых салёных слоў. Матрона плакала, кляла венгра: ягня, а спрыту хапіла.

А Золатаў слухаў, маўчаў — ні слова, і пераможна пасміхаўся.

З Матронай ён пагаварыў пасля, дні праз тры.

Камандзір не сумняваўся, што пра эпізод гэты ён радзіруе ў Маскву, і напэўна не ў партызанскі штаб. А ў тым другім штабе нічога не забываюць.