Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.
— Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?
— Не.
— Стась? Арыштавалі?
— Не. За што яго арыштуюць? — калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з’явілася, самая праўдападобная: — Дзядзька на міне падарваўся.
I як усё стала проста — і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і… развітвацца.
Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей — не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак — тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.
На пасту яе добра ведалі, там каравулы былі пастаянныя, начальнікаў яна купіла за гасцінцы — за самагонку, спірт; Дзядзюля ніколі не адсылаў яе назад з пустымі рукамі, заўсёды несла торбы поўныя, нярэдка пад прадуктамі — міны для групы Стануліна.
Дарога гэта была «няменная», паўночныя раёны лічыліся беднымі, асноўны паток мяшочнікаў цягнуўся на багатую Случчыну. Аднойчы начальнік паста ўчыніў ёй допыт: «Чаму ходзіш сюды?»
«Пан началынік, родныя мясціны, знаёмыя людзі. А свае сваёй больш давяраюць, больш спагадаюць. Ды і не думайце, што тут бядней жывуць. На Случчыне шляхта, яна любіць сваё дабро выстаўляць, а тутэйшыя людзі маюць завядзёнку прыбядняцца».
«Хітрая ты».
«Жыццё ўсяму навучыць».
Жыццё навучае. Але жыццё можа і правучыць. У такім становішчы любы недарэчны выпадак можа паламаць самыя вывераныя планы. Пра гэта Аксана не забывалася і не столькі спадзявалася на сваё ўменне, вопыт, колькі на ўдачу, — «ненадзейную сяброўку сваю», так казала Стасю. «Я малюся ёй, удачы, як багамацеры». Пры сваёй адчайнасці яна мела і прымхлівасць — верыла ў прыкметы. Загадала: будзе на пасту знаёмы тоўсты немец — усё абыдзецца добра.
Спынілі яе незнаёмыя паліцаі, злосныя, прыдзірлівыя, гатовыя вытрасці мяшок. Бадай, ні разу яшчэ яна не палохалася гэтак, бо разумела, што яе правал пагражае Стасю. Не пойдзе ён сам у атрад, вернецца назад у горад, каб знайсці яе сляды. А калі ён пайшоў на гэты, апошні, па сутнасці, варыянт, значыцца, пагроза над ім павісла незвычайная. Пашкадавала, што захапіла бінты і лекі. Увогуле гэта самыя ходкія рэчы для абмену — лекі, але за вынас іх караюць. А яе нечаканае знікненне з бальніцы, безумоўна, звяжацца са знікненнем Шабовіча. Калі яго шукаюць, ёй не адгаварыцца ні хворай цёткай, якой яна і раней амаль адкрыта (на пасту паказвала, чым і заваявала давер’е) насіла лекі, ні менай. Але тут — во ўдача! — з буданчыка выйшаў тоўсты немец. Ледзьве не радасна павітаўся:
«Гутан таг, фрэйлін… фраў…»
Пажмурыўся, што сонны кот, і жартаўліва, робячы выгляд, што абыходзіць цэлую гару, абышоў вакол яе, засмяяўся і паляпаў далоняй па яе мяккім жываце.
«Гут!» — і паказаў свой жывот: маўляў, даганяеш.
Аксана спачатку пахаладзела: во ўліпла, усяго ж месяц назад ішла тут што трэсачка, не паўнеюць гэтак за такі кароткі час. А немец ледзьве не сілком сцягнуў з яе плячэй мяшок — Аксана аблілася халодным потам — паважыў яго, вярнуў ёй і сказаў з папрокам:
«Найн гут».
Хоць немец быў немалады, але слабаназіральны — не вельмі помніў, за які час прыкметна паўнеюць цяжарныя, ці, можа, страціў адчуванне часу і здалося яму, што бачыў ён гэтую жанчыну, якую тады лічыў фройлен, не адзін, а тры месяцы назад.
Немец мякка і добра, бадай жа з бацькоўскай клапатлівасцю пачаў гаварыць, што не трэба ёй з такім цяжкім мяшком хадзіць у дальнюю дарогу, ды яшчэ па такой пагодзе; паказаў на яе гумавыя боты — халодныя. Нязвыклыя словы, але Аксана разумела іх і адчувала ўдзячнасць гэтаму чалавеку, хоць тут жа папракала сябе, што раскісла ад чалавечай спагадлівасці — знайшла каму дзякаваць! А малады паліцай, зараза, перакладаў зусім іншае — строгае ўшчуванне: што сёння ён мае ўсе падставы арыштаваць яе, але адпускае з умовай, што вяртацца яна будзе паслязаўтра, калі яго дзяжурства, і не з пустымі рукамі — з самагонкай.
Паліцаю хацелася паказаць кукіш: во табе, жывадзёр! Але яна пачціва ківала немцу:
— Добра, паночак, добра. Як жывуць панавы дочкі?
Пра дачок сваіх ён расказваў яшчэ ўлетку, калі, вяртаючыся ад цёткі, яны са Стасем частавалі ўвесь пост самагонкай і чарніцамі. Паліцай пераклаў, выходзіць, усё ж ведае мову, не гарадзіў адсябяціну. Немец не адказаў, але праслязіўся: штось нядобра ў яго там. I Аксана ў знак маўклівага спачування таксама ўраніла слязу і… пацалавала яго ў калючую шчаку. Бацька чатырох дачок зусім расчуліўся. Малады паліцай пажартаваў: