Выбрать главу

Не, яна яўна чула крокі. I былі то яго крокі.

Яна паклікала, спачатку ціха:

— Стась! — потым гучней: — Стась! Гэта я.

I ён азваўся.

— Аксана!

Падняўся з зямлі. Яна кінулася да яго. Цалавала халодныя шчокі, вусны і… плакала. Не магла стрымаць сябе — ад радасці залівалася слязамі.

— Што здарылася, Аксаначка?

— Я перакалацілася за цябе.

— Ды вырваўся я, лічы, з самай пашчы іх клыкастай. Вырваўся. Было дзела пад Палтавай. Я раскажу табе. Ты стаяла на дварэ? Чаму?

— У цёткі вывіх.

— Вывіх чаго?

— У галаве. Страх у яе. Тут дзяцей расстралялі. У хату не пойдзем, хоць развітацца з дзядзькам… ды і з цёткай… хочацца. Яна ж невінаватая, цётка, — гэта хвароба… ваенны сіндром псіхапатыі, так бы, напэўна, назваў наш Вайтовіч. О, колькі іх, такіх сіндромаў! А якая галава вытрымае, Стасік? Чалавек жа не машына. Сын на фронце, а побач страляюць дзяцей. Чыя галава вытрымае? Як ты ішоў? Па полі?

— Не пытайся. У горадзе я пералез сто платоў. Тую ноч і гэтую. Гароды, гароды… і поле, поле… грузка. Як стаміўся, каб ты ведала.

— Я знаю, Стасік. Я знаю. Але я баюся яе хваробы. Чалавек не адказвае за свае ўчынкі. Мы пойдзем.

— А я і не збіраўся начаваць тут.

— Я вазьму мяшок. У мяне там мяшок. У двары.

Пакуль яна хадзіла па мяшок, ён заснуў, сеўшы пад старую грушу на другім баку дарогі. Ледзьве знайшла яго. Спалохалася страшэнна: куды знік чалавек? Пакуль не пачула цяжкае дыханне з падсвістам.

Не магла сказаць колькі, але доўга, вельмі доўга стаяла над ім, пільнуючы яго сон. Застылі, ацяклі ногі — села побач, аднак тут жа падхапілася, бо баялася заснуць. Стась захроп, і гэта ўчуў блізкі сабака, спалохана забрахаў, разбудзіўшы свайго адзінага калегу на другім канцы вуліцы.

Трэба ісці! Трэба ісці! Вунь як павярнуўся хвост Мядзведзіцы!

— Стась! Стась! Прачніся, маё стомленае дзіця.

— А-а? — і ў кішэню рукой. — Ах, гзта ты! — і ціха засмяяўся. — Нагнаў я Чурсікам страху — пісталет забраў. А Хрысціна — чалавек. Рызыкаваў я, даручыўшы ёй схадзіць да цябе. Не памыліўся. Хоць, ведаючы, што зброя ў мяне, а не ў яе мужа, здагадвалася, што першай ахвярай будзе ён. Іншага выйсця ў мяне не было б.

— Пайшлі, Стась.

— Ага, пайшлі.

— Рэчку пяройдзем па мосце. Прыйдзецца ісці па вуліцы.

— Думаеш, бобікі каравуляць уначы? Наўрад. Баяцца. Гэта ўдзень яны смелыя.

— Сабака звяглівы… чуе чужых, відаць, паліцэйскі. Я пайду ўперад, разведаю мост.

— Цяпер я цябе не адпушчу. Я буду весці цябе за руку.

— А я — цябе.

— Усю дарогу.

— Усё жыццё.

Стась прыглушана засмяяўся.

— Надоўга ты загадваеш.

— Бог знае якое доўгае яно будзе.

— А вось гэта ты кінь… не думай, не трэба. Я мінулую ноч у турме не думаў. Верыў… адчуваў, ці што?.. што буду жыць, хоць разумеў: калі яны ведаюць хоць дзесятую долю таго, што я зрабіў, ім мала мяне расстраляць.

— Цішэй ты. Дзверы скрыпнулі. Гэта дзядзька. Ён слухае мяне. Я схаджу да яго.

— Не, не трэба. Не хадзі.

Яны доўга слухалі, ці не скрыпнуць дзверы зноў — дзядзька пойдзе ў хату. Не дачакаліся. Цішком прайшлі па завулку міма адрыны. Дзядзька пачуў, пачуў, што іх двое, і бадзёра кашлянуў — пажадаў гэтак шчаслівай дарогі.

6

Аксану разбудзіў стук колаў. Яна прачнулася і пачула, што конь фыркае ледзьве не над галавой, зусім побач. Па карэннях і змёрзлай за ноч зямлі колы звычайнай фурманкі тарахцелі што трактарныя. А Стась спаў, не чуў.

Яны ішлі ўсю другую палавіну ночы, арыентуючыся па зорках. У іх не было гадзінніка, час вызначалі па той жа Вялікай Мядзведзіцы, хоць астраномы былі слабыя. Хутчэй час адчувалі іх ногі, іх цела — па зморы. Адчувала Аксана. Стась не адчуваў, спаў на хаду. Аксана зразумела гэта, калі разоў колькі ён не адгукваўся на яе словы. Потым спатыкнуўся, упаў на калені. Аксана падхапіла яго.

— Ты спіш, Стась?

— Я сплю. Ты знаеш, я нават бачу сны. Во зараз — многа людзей. Як бы ў нейкім парку. Святочныя людзі. Радасныя. Калі ты бачыла радасных людзей? Г ад таго мне стала лёгка, я фізічна адчуваў, як з цела майго выцякае, як нясвежая кроў, чорная стома. А з паветра, празрыстага, сонечнага, улівалася ва ўсе поры цела нябачная бадзёрасць. Што бальзам. I міг, нейкі міг мне стала вельмі лёгка. А разбудзіла ты — і ногі што чыгунныя.

— Дай, я пранясу мяшок.

— На.

I зноў ён спаў ідучы. Аксана падтрымлівала яго пад руку, каб не спатыкнуўся.

— Паспім, Стась.

— Паспім, — згадзіўся ён, хоць раней настойваў, што паспяць яны ўдзень, у надзейным лесе, разведаўшы наваколле.