Выбрать главу

Але яны ўжо з паўгадзіны ішлі па лесе і пераканаліся, што гэта вялікі лес.

Збочылі з дарогі як можна далей і ляглі пад густой елкай на мяккі мох, падаслалі Аксанін плашч, накрыліся цёплым паліто, якое даў Чурсік, і ўміг заснулі.

Але, выходзіць, дарога падвяла іх, напэўна, яна рабіла круты паварот у той бок, куды яны аддаляліся, а ў сапраўднасці зноў набліжаліся і, не выйшаўшы на яе зноў, ляглі за якія тры дзесяткі крокаў.

Аксана прыпаднялася. Ужо добра развіднела. Але дрэвы расплываліся ў марозным тумане. Дальнія дрэвы. А фурманку яна ўбачыла — да яе рукой падаць. Невялікі, але ладны гняды конь. На возе, у перадку, фурман. Едзе павольна. Хто ён? Ранні селянін па дровы? Ляснік? Аксана не разгледзела добра, але ёй не спадабалася фуражка ездавога. Падобная на паліцэйскую, хоць, магчыма, і леснікоўская.

Чалавек ад’ехаў сотню крокаў, за елкі, тпрукнуў, спыніўся. Конь сыта фыркнуў.

Тады Аксана разбудзіла Стася, разбудзіла па-мацярынску, як будзяць дзіця, — пацалавала ў вусны, зашаптала:

— Прачніся, Стасік. Чуеш, фыркае конь? Міма нас праехаў нехта, на возе.

Ён паступіў не вельмі асцярожна: адразу падхапіўся, схапіў мяшок, паліто:

— Бяжым.

Нізка схіліўшыся, яны пабеглі пад кашлатыя елкі. Але елак адна града, а далей пачынаўся асіннік, рэдкі, голы.

Аксана азірнулася і ўбачыла, як мільганула паміж дрэў форменная фуражка.

— Ён бяжыць за намі.

— Бяры правей, у ельнік. А я спытаю, што яму трэба.

— Стасічак, не страляй, калі ён… Напалохай.

Кінуўшы Аксане мяшок, Шабовіч дастаў з кішэні «вальтэр», узвёў і лёг паміж купінамі. I ў гэты ж міг грымнуў вінтовачны стрэл. Адзін, праз нейкі час другі. Гухнула што з пушкі, ажно з асін пасыпалася сухое лісце.

Шабовіч сачыў за Аксанай. Яна не ўпала, яна бегла. Схавалася ў елках. Тады ён пераключыў увагу на таго, хто страляў. Паліцэйскі! У знаёмым чорным шынялі, у фуражцы. Ідзе хутка, упэўнена. Кляцнуў затворам — даслаў новы патрон.

«Смелы, падлюга».

Шабовіч узяў яго на мушку. Але пісталет не вінтоўка, для пэўнасці трэба падпусціць бліжэй. Ды паліцай збочыў і прайшоў міма, уся ўвага яго была скіравана ў ельнік, на Аксану.

— Стой!

Паліцай ад нечаканасці ажно спатыкнуўся, але тут жа падхапіўся, крутнуў убок, яўна шукаючы таўсцейшае дрэва. Ды блізка такога дрэва не было. I ён, уціснуўшы галаву ў плечы, застыў на месцы. У яго яўна не хапала вопыту для абароны, ён прывык страляць у няўзброеных, таму так смела праследаваў тых, хто, палічыў, уцякае ад яго.

— Ты ў каго страляеш, падлюга! У жанчыну! Вінтоўку на зямлю! Рукі ўгору!

Паліцай рэзка павярнуўся на голас і, не ўбачыўшы ворага свайго, стрэліў наўгад. Магчыма, сцяміўшы, што такую смелую каманду мог даць толькі ўзброены чалавек і што часу перазарадзіць вінтоўку ў яго няма, ён, што заяц, скочыў убок, прыгнуўся і пабег.

Куля, відаць, пацэліла яму ў паясніцу, бо ён неяк дзіўна асеў назад і, ураніўшы вінтоўку, задрапаў зямлю рукамі, хацеў паўзці і не мог.

Распытаць у яго, раненага, дзе яны знаходзяцца. Калі на знаёмым Аксаніным маршруце, то прасцей будзе ісці. Але стала нядобра ад думкі, што, пагаварыўшы, паглядзеўшы раненаму ў твар, прыйдзецца расстрэльваць яго ва ўпор — іншага выйсця няма. Падняўшыся і трохі наблізіўшыся, Шабовіч стрэліў яму ў спіну. Паліцай сціх.

Хацеў паглядзець яго дакументы: можа, там сказана, з якой ён вёскі, з якой управы. Але ўбачыў Аксану. Яна ішла з ельніку, ішла неяк дзіўна — няўпэўнена, і твар яе быў бледны.

Кінуўся да яе.

— Што з табой?

— Ён раніў мяне.

— Аксана!

Сарваў з яе плячэй мяшок і ўбачыў, куды ранена: левае плячо светлага плашча заліта крывёю. Лёгка падняў яе і апусціўся з ёй на зямлю, паклаў ніцма на мох. Тады толькі ўспомніў, што ў яго няма нават нажа, каб разрэзаць адзенне. Плашча не разадраць, прыйшлося здымаць. А шарсцяны джэмпер і кофтачку разадраў. Рана — у плячо, яшчэ б на два-тры сантыметры вышэй і куля пайшла б у мякаць шыі, магла б прабіць артэрыю.

— Пінцэт брала?

— Не.

— Скальпель?

— Не. Толькі ёд, бінты і таблеткі. Хірургічнага — нічога. Не адгаварылася б хворай цёткай і выменьваннем. Хто выменьвае скальпель?

— Чорт! Як я, дурань, нажа не захапіў ад Чурсіка. Дзе ёд?

— У мяшку.

Падсунуў да сябе мяшок і ўбачыў, што ўратавала яго жонку: куля прайшла праз мяшок, праз напакаваныя рэчы і бінты, таму аслабла яе сіла.

— Глядзі, Аксана! Цябе ратаваў мяшок.

— Хто ён?

— Паліцай.

— Ты — насмерць яго?

— Не знаю. Смерць не канстатаваў.

— Навошта яму было страляць? Палічыў нас за партызан?

— У партызан адзін пабаяўся б страляць. Прывык, сволач, страляць па кожным, хто яму не падабаецца, каго можна адаслаць на той свет беспакарана. Гэтыя людзі страцілі чалавечы воблік. Не думай пра яго.