Выбрать главу

На поплаве іх ахутаў густы туман. Нават Міколка не ўсюды ішоў упэўнена, спыняўся, нахіляўся да зямлі, як бы нюхаў даўні свой след. I маўчаў, засяроджаны, можа, трохі пасаромлены, што і ён блукае. Але ж у такім тумане не дзіва. Шабовіч сказаў хлопцу пра гэта — каб падбадзёрыць. I той адразу набыў ранейшую жвавасць, сталую ўпэўненасць. А калі перайшлі рэчку па заваленай вярбе і дабраліся да лесу, выйшлі на торную дарогу, Міколка адчуў сябе, як кажуць, на кані. I красамоўнасць яго вярнулася. Ды і настрой Стасеў, яго панурую маўклівасць зразумеў, як дарослы.

— Ты не думай, што наша матка злая.

— Чаму я так магу думаць?

— Да вайны яна вясёлая была. Бацька казаў, што ёй у арцісткі трэба было ісці, а не ў ільнаводкі. Цяпер яна за нас баіцца, за мяне і за Міцю. Я, канешне, свінтух, на мне шкура гарыць. Выдзелае яе матка.

Углыбіліся ў лес. Развіднела. У лесе туман рассеяўся — як парвалі яго дрэвы на дробныя шматкі.

Міколка прысеў на паваленую сасну.

— Давай паснедаем.

Дастаў з-за пазухі акраец хлеба, дзве цыбуліны, разламаў хлеб на дзве палавінкі, большую працягнуў Шабовічу.

— О, не, брат! Табе назад ісці. А мяне ў атрадзе накормяць. Далёка да атрада?

— Недалёка ўжо.

— Ну, во, бачыш, недалёка. А ад вёскі, глядзі, вёрст сем адмахалі, калі не ўсе дзесяць. Еш ты больш. I цыбуліны дзве. Вітаміны. Табе расці трэба.

— Вырасту.

— Ты мне так і не сказаў, як атрад называецца. Цяпер, думаю, можна.

— Алёшы.

— Так і называецца «атрад Алёшы»?

— Камандзір у іх… Аляксей Іванавіч.

— Ты быў у атрадзе?

— Быў. Бачыў ты, — Міколка памацаў ягадзіцу.

— Гэта цябе ў атрадзе так?

— Не ў атрадзе. Аляксей Іванавіч дадому прывёз, у сядле. «На, кажа, Ганна, твой скарб. Для нас ён малы». Ну, матка і нарабіла метак на скарбе. Каб не згубіўся…

Шабовіч першы раз за раніцу засмяяўся. Не за раніцу. За тыдзень. Але тут жа аспрэчыў сябе: не, з Аксанай яны смяяліся і ў першую ноч, і нават тады, калі яе параніла, яна ўмела засмяяцца… I заплакаць, і засмяяцца.

Доўга ішлі па прасецы, зарослай хмызняком, коннай дарогі на ёй не было, не вельмі торная пешаходная сцежка. Уперліся ў завал, у паваленыя на прасеку дрэвы, даўно паваленыя, напэўна, мінулай вясной — на хвойкых асыпалася ігліца, пад лісцвянымі не было сухога лісця, тырчэлі засохлыя сукі, лупілася кара, паточаная караедамі.

Мікола спыніўся перад завалам, падцягнуў штаны, быццам рыхтаваўся пераадолець перашкоду скачкамі.

— Ну, усё. Далей я не хадок, а то доўга будзе плакаць мая срачка, калі матка ўзнае.

Шабовічу захацелася абняць хлопца, але ён стрымаўся. Сказаў, як даросламу, скупа, проста:

— Дзякую табе, Мікола.

— Няма за што.

— Ты сапраўдны разведчык.

— Куды мне да цябе… Ідзі па дзялянцы. Убок не зварочвай. Так ходзяць партызаны. Я тут цэлы дзень праляжаў.

— Беражы Аксану.

— Не бойся за яе.

— Дай руку, таварыш.

Так, па-даросламу, развіталіся.

Шабовіч пераступіў адно дрэва, другое… I раптам зноў пачуў, як ударыў у сэрца той ранішні смутак, нядобры. Ён спыніўся, азірнуўся.

Міколка стаяў на месцы. Памахаў яму рукой.

Так ён азіраўся яшчэ колькі разоў і кожны раз бачыў самотную постаць хлопчыка з узнятай, як у салюце, рукой.

Наперадзе недалёка заржаў конь.

Міколка знік.

Жорсткія клюшні смутку аслаблі, адпусцілі сэрца. Стала лёгка і радасна. Вось яна, доўгачаканая мэта!

7

Дазволілі сабе паспаць пазней. Была нядзеля. Напярэдадні зрабілі конны рэйд у бок Мінска, у зону, дзе не дыслацыраваліся партызанскія атрады. Паганялі паліцэйскіх у невялікіх гарнізонах. «Каб не спалі, — смяяўся Ігар, — а то салам заплылі». У рэйдзе не ставілі мэту ліквідацыі гарнізона і ў сур’ёзныя баі не ўлазілі, нямецкія базы абыходзілі. Пяцярых толькі здраднікаў адаслалі да прадзедаў. Але панікі нарабілі сярод паліцаяў і старастаў. А добрых людзей падбадзёрвалі: жыве савецкая ўлада не толькі ў далёкіх лясах! Уласна і ставілі такую мэту — прапагандысцкую. Работы больш за ўсё было камісару. Ігар у кожнай вёсцы выступаў. Было пра што сказаць: пра акружзнне фашысцкай арміі пад Сталінградам. Некаторыя жанчыны плакалі ад радасці: свае прыйшлі, сыночкі. Калі мераць па карце, то кіламетраў восемдзесят прайшлі, не лічачы таго, што вакол некаторых вёсак кружылі, пакуль вялі разведку, пятлялі, адступаючы, ішлі па дарогах — праз палі і лясы. Спрыяла пагода — мароз скаваў зямлю, усюды можна прайсці. Вярнуліся ў лагер апоўначы. Ды пакуль пачысціліся, памыліся, павячэралі, абмеркавалі вынікі рэйду. Лічылі яго ўдалым. Камандзіры і байцы былі хораша ўзбуджаныя.