Паясніцу Золатаву ўначы расціралі весела, калектыўна — фельчар Гнядкоў, Баслычыха, сам Ман. Малады зубаскал Кіпень рагатаў:
«Вы не ў тую шчыліну яму спірытус ільеце. Не паможа. Спірт трэба ў рот, а пад хвост — шкіпідар».
У любы іншы час маёр не сцярпеў бы такіх смяшкоў з намёкамі, такой знявагі. А тут на жарт адказваў жартам. I выконваў параду: уліваў туды, куды трэба. I гэта, напэўна, памагло. Праўда, доўга не ведаў, як прымасціцца на мулкай канапе, але потым заснуў.
Моцна спалі ўсе, акрамя Брагінскага.
Баслычыха прынесла снеданне, як звычайна. Капітан зашаптаў:
— Дайце ім паспаць. Сёння зробім выхадны. Пастаўце, мы самі падагрэем.
Але кухарка забрала каструлю з густым бульбяным супам назад. Праз гадзіну прынесла зноў і ў гэты раз з парога грымнула:
— Ану, пад’ём! Разаспаліся як паны! Рабочыя людзі абедаюць у такі час.
Золатаў павярнуўся, і яму зноў стрэліла ў паясніцу, але не востра ўжо, і настрой гэта не сапсавала. Упершыню фамільярна прабурчэў:
— Ну, і чортава ж ты баба, Матрона. Няма ад цябе спакою. Як цябе муж цярпеў?
— Мужа я на руках насіла, у люлечку клала.
— Пакладзе такая, як ты, — бакі забаляць.
— Ты, маёр, што наравісты конь — вернеш заўжды ў свой бок… куды табе хочацца.
— Няма ў цябе, камандзір, дысцыпліны ў атрадзе. Паслухай, як яна прабірае старэйшага.
— А табе хочацца, каб усе стаялі перад табой навыцяжку? Немуштраваныя мы. Зямлю араць умеем.
Ігар падхапіўся па камандзе кухаркі, спаў у штанах, і, босы, рабіў гімнастыку каля печкі.
— Ты мне суп не разлі, скакун. Не наскакаўся ўчора?
Ігар смяяўся, яго развесяліла, што Матрона ўрэшце дабралася і да энкавэдыста, скаблянула і яго, раней яна больш праязджалася па ім, маладым, зрэдку даставалася Аляксею Іванавічу, культурна паводзіла сябе толькі з хворым начальнікам штаба, да яго звярталася, як сялянка да настаўніка, паважліва: Навум Барысавіч.
Золатаў пашкадаваў, што зачапіў языкатую бабу, але не пакрыўдзіўся за яе наскок, павярнуў на жарт.
Камандзір спаў у споднім, таму пры жанчыне не вылазіў з-пад кажуха.
Бяскрыўдныя сваркі Баслычыхі з Ігарам, з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі і з ім заўсёды забаўлялі; жанчына ўносіла ў іх суровае лясное жыццё нейкую хатнюю атмасферу, па якой, напэўна, кожны сумаваў.
Пасля Ігар і Золатаў галіліся. Свяшчэнная працэдура. Але таксама забаўная. Ігар меў звычайную брытву савецкага вырабу. I як Аляксей Іванавіч яе ні напраўляў, не брала яна рыжаватай маладой поўсці. Перад галеннем ён часта жартаваў:
«Навум, завяззай мне канец тугім вузлом».
У Золатава брытва была адменная, нямецкая ці шведская. Але нават Брагінскаму не даваў ён сваёй брытвы, груба жартаваў:
«Дзве рэчы нельга давяраць самаму лепшаму сябру — брытвы і жонкі».
Ігар распаліў печку, нагрэў у кацялку вады і першы прымасціўся перад невялічкім люстэркам.
— Іду на галгофу.
— Вазьмі маю, — раптам прапанаваў Золатаў, здзівіўшы і Кіпеня, і Брагінскага, і Мана, які рэдка калі чаму здзіў ляўся.
Калі Золатаў пачаў галіцца сам, увайшоў камандзір узвода Мазоўка, дзяжурны па лагеры. Былы калгасны брыгадзір любіў армейскі парадак і заўсёды дакладваў бадзёра, гучна. А тут як бы вінавата пашкроб патыліцу:
— Таварыш камандзір, затрыманы невядомы… у самім лагеры ўжо…
Ман устрапянуўся: у лагер прабраўся чужы чалавек? Чэпэ!
— А паставыя твае што рабілі? Спалі?
— Чорт яго знае, як ён прабраўся. Без дакументаў, але з пісталетам… Во «вальтэр» бельгійскі… — не без шкадавання перадаў камандзіру пісталет.
— Вясёленькая гісторыя! — выгукнуў Ігар. — Так ён мог і ў нашу зямлянку ўваліцца, пакуль мы спалі.
— Дык і спытаў у Ляўшына… той каля прыбіральні яго сустрэў… Дзе, кажа, ваш камандзір?
Ман мацюкнуўся.
— Начальніка каравула — пад арышт!
— Кажа, з Мінска, падпольшчык…
Золатаў застыў з брытвай.
— Падпольшчык? — і тут жа сцёр са шчакі мыла, склаў брытву, вочы яго загарэліся, што ў лаўца, які пачуў здабычу. — Ну, во ён, не прымусіў сябе доўга чакаць. Хіба не казаў я, што з’явіцца?
Хто з’явіцца? Адкуль з’явіцца? Нічога ён такога не казаў. Праўда, пасля радыёграмы Панамарэнкі гаварылі пра яго людзей: ніводзін з трох не вярнуўся, не перадаў звестку. I хоць Ман аспрэчваў сцвярджэнне штаба, што немцам удалося сапраўднае падполле замяніць правакацыйным, ён мусіў пагадзіцца, што становішча ў горадзе складанае, і згадзіўся на тое, каб правесці разведку сваімі людзьмі — былымі мінчанамі.
— Сюды яго! — грымнуў Золатаў, адчуўшы сябе гаспадаром становішча — прываліла яго непасрэдная справа, знаёмая, любімая, па якой сумаваў.