Выбрать главу

Хутка надзеў гімнасцёрку, падперазаў партупею з кабурой на папрузе. Прайшоўся па зямлянцы як бы ўпрысядку, пацёр калені. Следам за ім паспешліва прывялі сябе ў форму астатнія. Толькі Аляксей Іванавіч не ўзброіўся, яго пісталет, які ён звычайна насіў у кішэні, ляжаў пад падушкай.

— Цікава, што за птушка да нас заляцела? — Золатаў ізноў пацёр калені. — Думаю, не верабей.

Забыліся на галенне, на суп, які пачаў кіпець на буржуйцы. Глядзелі на дзверы. Адчыніліся яны, і па насціле ў зямлянку спусціўся каржакаваты малады чалавек са шчаціністай барадой — колькі дзён не галіўся. Вочы яго ўзбуджана блішчэлі, Ігару здалося — радасна, Золатаву — падазрона, так яны ўпачатку гараць у кожнага злачынцы, бо кожны з іх падрыхтаваўся да лжывых паказанняў і ўпэўнены, што яны неабвяргальныя, вочы ў іх патухаюць тады, калі «прыціскаеш да сцяны», і тып такі вымушаны даваць праўдзівыя паказанні.

Шабовіч павітаўся гучна і радасна.

— Добры дзень, таварышы камандзіры! — і памкнуў-

ся павітацца за руку, але гэтага жэсту яго не ўбачылі. Адзін

барадаты адказаў:

— Добры дзень, калі не жартуеш.

Вядома ж, чаму гэта яны павінны вітацца з ім, не ведаючы, хто ён, адкуль.

— Я — Шабовіч, Станіслаў Антонавіч. З Мінска. Член падпольнай арганізацыі.

Золатаў ажно крактануў ад задавальнення — знаёмы прыём, колькі разоў чуў: «Я — стары бальшавік».

Ману таксама не спадабалася такое самаўпэўнекае прадстаўленне — быццам дакументы паклаў на стол. Падпольшчык павінен ведаць, што такое прадстаўленне на вайке, у сітуацыі, у якой ён апынуўся, мала што значыць. I камандзір задаў пытанне, якое, здавалася яму, хоць штосьці магло прасвятліць ці ва ўсялякім разе падказаць гэтаму дзіваку, калі ён наш чалавек, што не з таго трэба пачынаць:

— Як вы знайшлі нас?

— А мяне правёў хлапчук… тутэйшы. Ён тут усе хады знае.

Запунцавеўся і закашляўся Брагінскі: ахова лагера абавязак начальніка штаба.

— А хлопчыка дзе вы знайшлі?

— О, гэта доўгая гісторыя!

— I што вы прынеслі нам? — спытаў Золатаў.

Шабовіч разгубіўся, нават азірнуўся: а што ён павінен быў прынесці?

— Нічога не прынёс. Пісталет. Мяне арыштавала СД. Я ўцёк у першую ж ноч. У горадзе татальная аблава. Заставацца там немагчыма было. I мы пайшлі…

Золатаў зноў крэкнуў і рэзка нахіліўся, быццам яго ўдарыла ў жывот. Не, радаснае хваляванне ўдарыла ў балючае месца — у радыкулярнае спляценне, так б’е пры стрэсе. Падумаў:

«Выдае сябе — тэрміналогіяй: татальная!»

— Хто — мы?

— Я і… мая жонка… падпольшчыца Аксана Каваленка. Ды я па парадку раскажу вам, калі маеце час. Гісторыя доўгая.

— Расказваць табе, хлопча, прыйдзецца незалежна ад таго, маем мы час ці не, — заўважыў Ман, падняўшыся са свайго тапчана. Ён зняў з печы каструлю з супам, які весела булькаў і напаўняў зямлянку апетытным пахам падсмажанага з цыбуляй сала. Снеданне адкладвалася.

Шабовіч галодна пракаўтнуў сліну.

— Дык я па парадку раскажу? — спытаў дазволу.

— Само сабою разумеецца, па парадку, — згадзіўся Аляксей Іванавіч.

— Парадак буду вызначаць я! — катэгарычна заявіў Золатаў.

Шабовіч у самым пачатку вырашыў, што камандзір атрада — вось гэты, адзеты ў армейскую форму чалавек, і звяртаўся пераважна да Золатава, хоць душа яго цягнулася да равесніка — да Ігара; здавалася, што гэты бялявы бязвусы хлапчына зразумее яго хутчэй, чым хто.

Які ж парадак прапануе камандзір?

Золатаў сеў да стала, дастаў з планшэткі блакнот, карандаш.

«Як следчы», — падумаў Шабовіч, хоць ніколі са следчым не сустракаўся, ведаў іх па кнігах, па кіно. Азірнуўся, на што сесці — нылі ногі. Але садзіцца яму не прапаноўвалі. Гэта крыўдзіла. Ён разумеў, як нялёгка яму паверыць, аднак не сумняваўся, што, калі выслухаюць яго шчырую споведзь, не могуць не паверыць. Але сесці прапаноўваюць нават выяўленым злачынцам.

Парадак заключаўся ў тым, што «следчы» сказаў:

— Слухаем вас.

Трохі звязвала, што мусіў расказваць стоячы, пераступаючы з нагі на нагу. Але, можа, гэта дало расказу тэмп, дынамізм, і ён хутка забыўся на сваё становішча. З імпэтам, з гонарам за сяброў расказваў пра сваю падпольную групу, назваў па ходу імёны ўсіх дзевяці чалавек, чыё сапраўднае імя, чыю падпольную клічку. Прозвішчы абыходзіў. Калі прадстаўляўся, назваў сваю ды Аксаніну і кіраўніка свайго, Піліпа Стануліна, назваў поўнасцю. Кіраўнікі Цэнтра ўсе ішлі пад клічкамі, ды акрамя Кулагіна і Клюшава, які аказаўся правакатарам, іншых прозвішчаў ён не ведаў. Ведаў людзей іншых груп, напрыклад, іх, бальнічныя, былі ў трох розных групах, але пра іх паведаміў між іншым, «для фону», без імёнаў, без іх аперацый, хоць некаторыя з гэтых аперацый былі вядомы не толькі яму, падпольшчыку, — усяму насельніцтву. Пра дзейнасць сваёй групы расказваў падрабязна — пра дыверсіі, пра ліквідацыю рэдактара, пра збор характарыстык на служачых управы, чым займаўся Іван, пра збор разведдадзеных аб правозе на фронт нямецкіх часцей.