— I каму перадаваліся гэтыя дадзеныя?
— Піліп быў звязаны з армейскай групай, яна мела рацыю.
— У горадзе? — зацікаўлена ўскінуў галаву Золатаў.
— Не знаю, можа, і ў горадзе.
«З армейскай ці з нашай?» — падумаў Золатаў. Яму не давала спакою група Новікава, яго калегі, маёра ўпраўлення контрразведкі, якую выкінулі з таго ж самалёта, толькі ў другім раёне, на поўдзень ад Мінска, некуды ў пухавіцкія лясы. Якаў Міхайлавіч думаў пра Новікава ўвесь час з бояззю, што Новікаў прабраўся ў горад і вядзе перадачы адтуль. Такая ўдача таварыша, якой па логіцы трэба радавацца, для Золатава была вельмі непажаданай, яна закрэслівала б яго радыёграмы аб немагчымасці прабрацца ў Мінск, аб правале яго разведчыкаў. Тое, што нямецкі агент — а ён не сумняваўся, што Шабовіч агент — так лёгка прайшоў у лагер, Золатаў звязваў з правалам свайго чалавека лейтэнанта Кротава, якога пасылаў адгэтуль. Выдаў лейтэнанцік планы, усе дыслакацыі, усіх людзей. Можа быць, што гэты падасланы з мэтай забіць яго, Золатава. Не, хутчэй за ўсё, каб выдаць атрад. А можа, задума ворага больш хітрая.
Золатаў раскрыў блакнот.
— Прозвішчы членаў вашай арганізацыі.
I тут у Шабовіча як бы адбылося кароткае замыканне. Спачатку расказ цёк без супраціўлення, свабодна; праўда, калі падмяняў прозвішчы клічкамі, адчуваў некаторую няшчырасць перад гэтымі людзьмі, якім вырашыў расказваць усю праўду, разумеючы, што толькі праўда можа пераканаць іх. I раптам — прозвішчы. Для запісу. А іх ніхто нідзе не запісваў. Усе разам. Была ў іх свая клятва, групавая, яны, канешне, не палілі рукі на агні, не распісваліся крывёю, але па-брацку дамовіліся: ні ворагу, ні маці роднай, ні пад катаваннем, ні на сяброўскай гулянцы не называць прозвішчы сваіх людзей, ва ўсялякім разе так, каб камусьці прыйшло ў галаву: ёсць група, арганізацыя. А чым займаецца тайная арганізацыя ў акупіраваным горадзе — пра гэта дзіця здагадаецца; пра падпольшчыкаў мяшчане шэпчуцца — хто з асуджэннем, хто з захапленнем.
Вопытны следчы адразу злавіў гэтую замінку.
«Цямніць, сволач. Ды я цябе наскрозь бачу».
Мільганула ў Шабовіча жаданне выдумаць прозвішчы сяброў, хоць трэць ён ужо назваў. Але тут жа адкінуў гэты намер. Няпраўда вылазіць, што шыла з мяшка. Пачнеш сачыняць прозвішчы — запнешся і страціш давер. Назваць прозвішчы знаёмых, не звязаных з падполлем? Але ж гэты блакнотны лісток можа стаць калі-небудзь сур’ёзным дакументам.
— Станулін Піліп Іванавіч, Ткачук Іван Рыгоравіч…
— Характарыстыкі. Узрост. Паходжанне. Дзе працуе. Прыкметы. Асаблівасці характару.
— А навошта? Вы будзеце правяраць? Здолееце?
— Трэба будзе — праверым! — голас чалавека, якога Шабовіч палічыў камандзірам, рабіўся ўсё больш суровым, пракурорскім.
Гэта адчуў і Ман, які ведаў падобныя прыёмы. I асудзіў: неразумны метад, хлопец можа замкнуцца і не сказаць усёй праўды. Безумоўна, проста так, па адным самапрадстаўленні, без роспыту, нельга верыць, вораг хітры, падкідваў ужо шпіёнаў. Але вопыт яго жыццёвы і чалавечая ўважлівасць настройвалі ў карысць гэтага маладога чалавека.
Аляксей Іванавіч адкарэкціраваў метад допыту — падаў Шабовічу табурэтку.
— Ты сядай. У нагах праўды няма. Курыш? Дай яму, Ігар, закурыць. — Шабовіч сеў. Закурыць яму страшэнна захацелася — каб суняць хваляванне. А кісет з махоркай, якую раздабыў Міколка, забыў на гарышчы Ганнінай хаты. Прагна глядзеў, як Ігар адарваў шматок газеты, насыпаў махоркі, працягнуў яму:
— На, круці.
— Дзякуй. У мяне такое ўражанне, што я недзе бачыў цябе. Не на з’ездзе камсамола?
— Камсамолец? — спытаў Ман.
— Канешне, камсамолец.
Золатаў скрывіўся.
— Дык што ж цябе прывяло да нас? — накіроўваў допыт Ман.
— Арышт. СД нас арыштавала. Але я па парадку…
— Толькі па парадку, — не параіў — патрабаваў камандзір.
Трое слухалі яго з незвычайнай уважлівасцю, з шчырым жаданнем зразумець, што за чалавек да іх з’явіўся, нечакана, падазроным шляхам. Чацвёрты, Золатаў, — з адзінай мэтай: на чым яго злавіць. Людзі на допыце заўсёды спатыкаюцца, ва ўсялякім разе, маючы вопытнае вока і вуха, можна ўбачыць і пачуць, дзе яны гавораць праўду, а дзе пачынаюць сачыняць, каб выгарадзіць сябе ці кагось блізкага.