Выбрать главу

… — Чакай. Каго арыштавалі?

Шабовіч сказаў.

Золатаў глянуў у блакнот.

— Хацяновіча і Чурсіка вы не называлі.

— Дык яны ж не падпольшчыкі. Хацяновіча мы хацелі ўцягнуць, электрык управы мог бы і паслухаць што трэба і зрабіць. А Чурсік паліцэйскі. На ім мы паставілі крыж.

— Што значыцца крыж?

— Што нашым чалавекам ён не стане. Але ў яго доўгі язык, гуляючы, мы выцягвалі з яго патрэбныя звесткі. Ад нас ён не скрываў. Баец самааховы — Іван, фельчар бальніцы — я. Лічыў нас сваімі людзьмі.

— Сваімі?

— Ну, як сваімі… у галаву яму не прыходзіла, што мы падпольшчыкі.

— I часта вы гулялі ў гэтага Чурсіка?

— Не часта, але здаралася.

Золатаў хмыкнуў, не стрымаўся ад уедлівай заўвагі:

— Прыемна вы час праводзілі… з паліцэйскімі…

— Таварыш камандзір! Вы не ўяўляеце асаблівасці падпольнай работы. Нам прыходзіцца выкарыстоўваць любыя метады. З ваўкамі жыць…

— Пакуль што я вам не таварыш.

— Я разумею.

«Усё ты, сволач, разумееш, толькі ягнёнкам прыкідваешся», — падумаў Золатаў. А Ман падумаў не лепшым чынам пра самога Золатава: «Тапорна працуе чэкіст. Не ўлічвае, што іншай магчымасці праверыць, хто гэты чалавек, у нас няма. Толькі адно — паверыць ці не паверыць у тое, што ён раскажа».

Аляксею Іванавічу хацелася паверыць.

— Прадаўжайце, Шабовіч, — сказаў камандзір, робячы націск на прозвішчы. Калі хлопец недурны, то павінен акрыліцца гэтым — што паверылі ў яго прозвішча. Ман стараўся хоць як падтрымаць яго і знізіць пракурорскі тон начальніка асобага аддзела.

Па турме пытанні ўзнікалі ва ўсіх. У Брагінскага — чаму яўрэяў адбіралі асобна?

— Іх расстралялі ў тую ж ноч. Не сумняваюся.

Капітан, і без таго бледны, пабялеў.

Ман спытаў, колькі ўсяго было арыштаваных.

Шабовіч шчыра прызнаўся, што назваць лічбу не можа, але, напэўна, не менш двухсот.

— Дзеці былі? — спытаў Ігар.

— Дзяцей не было. I жанчын нямнога.

А Золатава зацікавіў адзін чалавек — Бяспалы.

— Вы ўпэўнены, што пазналі ў ім аднаго з кіраўнікоў падполля?

Шабовіч задумаўся, прыгадваючы, як ён сказаў пра Клюшава. Не, не казаў ён, што Клюшаў кіраўнік.

— Станулін сказаў нам, што гэта чалавек з Цэнтра, юрыст.

— I ён вучыў вас рабіць дакументы?

— Вучыў.

— З веданнем справы?

— Прафесійна.

— I вы рабілі дакументы па яго рэцэпце?

— Я дакументамі не займаўся. У мяне быў легальны пашпарт.

— Нямецкі?

— Не, савецкі. З нямецкім штампам. I пропуск начны.

— За што такія прывілеі?

— Я ж фельчар.

Золатаў падумаў: добра фашысты рыхтуюць сваіх агентаў, легенды на іх. А яго групе наркаматаўскія кручкатворы пашпарты выдалі ліпавыя — нямецкія, і легенды ў тых, хто пайшоў у Мінск, ды і ў яго таксама, былі прымітыўныя ў параўнанні з легендай гэтага Шабовіча.

«Праверу, які ён фельчар. У шпіталі. Ці зробіць перавязкі, ці назаве лякарствы?»

Золатаву хацелася аб’яднаць правакатара Клюшава з Кавалёвым, у здраду якога не вераць разяваты Дзядзюля і Ман, але, мяркуючы па радыёграме, верыць Панамарэнка. Радыёграма, што Кавалёў — Клюшаў — Бяспалы, пацвердзіла б думку ў штабе і ў яго наркамаце аб правакатарскім характары ўсяго падполля. Асабіста яго гэта не здзіўляе. Колькі іх засталося, недабітых ворагаў, ды і многія з тых, каго яны ўзялі, у пачатку вайны выслізнулі. Пры эвакуацыі турмаў сотні ўцякалі. Гэта ў яго хапіла розуму ліквідаваць групу, якую вёў з Мінска ў Магілёў, калі зразумеў, што не давядзе. Ды і навошта даводзіць?

Гэты шпіён хоць і добра падрыхтаваны, але наіўйы, не разумее, што сваім блытаным расказам пацвярджае даўнія цвёрдыя перакананні яго, Золатава, наконт усяго падполля; не верыў у яго яшчэ ў Маскве, партызаны — справа іншая, многія атрады сцэментаваны работнікамі НКУС. Вось і ён навёў парадак у гэтага загадкавага маўчуна Мана. Без яго яны разявілі б раты перад такім Шабовічам.

Гестапа добра ведае псіхалогію «падпольшчыкаў»: пасадзілі арыштаваных у машыны і — паказвайце кватэры сваіх. I паказвалі, можна не сумнявацца.

— I многа вы паказалі кватэр сваіх таварышаў?

— Я? Ніводнай.

— Хвала. Хвала.

I прагучала ў гэтым «хвала» такая іронія, што ў Шабовіча ад крыўды заняло дыханне.

Ён абвёў затуманеным позіркам усіх камандзіраў: няўжо ніхто яму не верыць? Не, у старэйшага, барадатага, добрыя спагадлівыя вочы. Не можа ён не верыць! I спакойны добразычлівы загад:

— Прадаўжайце, Шабовіч.

Але калі ён расказаў, як піхнуў з кузава вартавога, скочыў на яго так, што хруснулі коеці, і схаваўся ў двары таго дома, куды пайшлі афіцэры, камандзір у форме сарваўся са сваёй канапы і прайшоўся вакол печкі ледзьве не ўпрысядку, так робяць ад вялікай радасці, але тут жа застагнаў, схваціўся за паясніцу.