Сапраўды Золатаву ўдарыла ў спляценне радасная эмоцыя, выходзіць, радасць б’е, як страх, які ён перажываў намнога часцей; праўда, біла і ў сэрца і ў паясніцу, калі біў ён, страляў, але то была не радасць, таму пачуццю назвы няма, там скачок узвышэння над ахвярай, прага помсты таму, хто прымушаў яго ўніжацца да катавання, змешваўся з брыдкай згрызотай сумлення, з тайным страхам перад магчымасцю самому апынуцца ў становішчы падследнага. А ён добра ведаў, што тады ніводзін з яго калег не пашкадуе яго, як нікога з былых саслужыўцаў, хто зламаўся, не пашкадаваў ён.
— Вы не верыце ў праўдападобнасць майго вызвалення?
— Пастарайцеся, каб мы паверылі, — зноў іронія.
— Мне самому не верыцца, што ўдалося так… Я яшчэ там падумаў, што, мабыць, СД трэба было, каб нехта з нас уцёк. Можа, мы з Іванам. Яны сачылі за намі. Бо адкуль у іх фатаграфіі? У турме не фатаграфавалі. Я раскажу, як да Чурсіка прыйшлі паліцэйскія і паказалі размножаныя фота. I на іх — Іван і я.
Золатаў устрапянуўся. Тут не да іроніі. Гэта нешта новае. Новы паварот, нечаканы. Падследны сам выдае сябе. Але навошта?
Маёр пашукаў у памяці аналагаў. Усё было: прызнаваліся, каяліся. Але каб у самым пачатку нехта рабіў падобны ход — такога не ўспомнілася. Недаацаніў, выходзіць, ён гэтую залётную птушку. Тып непамерна больш складаны, чым кожны нават з тых, што білі сябе ў грудзі: «Я — стары бальшавік».
Гэты ў грудзі не б’е і нават не збіраецца. Гэты прызнаецца, што яму далі магчымасць уцячы. Але з якой мэтай робіцца такое прызнанне — во задачка, якую яму, чэкісту, належыць рашыць. На дапамогу Мана і нават Брагінскага спадзявацца няма чаго. Развесілі вушы. Вераць.
— А навошта гестапа трэба было выпускаць вас? Як вы думаеце?
— Чорт іх знае. Як прыманку — прымітыўна. Добра СД ведае, што мы не такія наіўныя. Думаю, што правакацыя замышлялася больш складаная. Але якая?
— Гестапа ўмее, — заўважыў Ігар.
— Між іншым, каб вы ведалі. У Мінску няма гестапа. Немцы з пачатку вайны размежавалі свае службы. Гестапа — тайная палітычная паліцыя — дзейнічае ў самой Германіі. На акупіраваных тэрыторыях гэтую работу выконвае СД — аддзел палітычнай контрразведкі, «вафен СС» — войск СС. Так у іх пераплецена…
Гэтым Шабовіч канчаткова загубіў сябе перад Золатавым.
«Бач, які дасведчаны, падлюга!»
Сам ён быў невысокай адукацыі, рабіў ва ўпраўленні ўнутранай бяспекі. Ім чыталі лекцыі аб структуры нямецкіх органаў, але ён не ўнікаў у яе — здалося залішне складанай і непатрэбнай для практычнай работы. Зацікавіўся ўсім гэтым, калі назначылі камандзірам спецгрупы, але часу на падрыхтоўку заставалася мала, трэба было асвоіць многія практычныя абавязкі, напрыклад, тыя ж скачкі з парашутам, вывучэнне зброі, сваёй і варожай, прозвішчы мінчан, з якімі можна было б паспрабаваць устанавіць сувязь, метады канспірацыі. Ды мала чаго! Словам, не датэорыі было, званні афіцэраў СС не ўсе запомніў, «штурмаў» гэтых. Тое, што арыштаваны як бы тыцкнуў яму, разведчыку, яго няведанне таго, што, разумеў, абавязаны быў ведаць, моцна закранула і ўзлавала. Але гэтую ўспышку ён патушыў. Даймала іншае: з якой мэтай шпіён так лёгка прызнаецца ў сваіх ведах? Як усе людзі яго складу, Золатаў быў высокай думкі пра свае разумовыя здольнасці, і яго проста даводзіла да шаленства, што не можа ён разгадаць хітрыя хады гэтага шчанюка, які выдае сябе за радавога падпольшчыка. Малады ж яшчэ, гад, для вопытнага разведчыка. Мусіў, тоячыся ад самога сябе, прызнаць, што немцы рыхтуюць сваіх агентаў лепш, чым рыхтавалі яго, а тым болын радавых яго групы.
«Ашаламіць яго пытаннем — якую школу скончыў? Не, рана. Трэба даслухаць да канца яго казку для дурняў».
Між тым у Аляксея Іванавіча думка ішла зусім у іншым напрамку: ён пахваліў хлопца за дасведчанасць, за веданне ворага. Скончыцца ўсё добра, стане Шабовіч байцом атрада — няхай перадасць свае веды партызанам, ворага трэба вывучаць.
Магчыма, у занятага «рашэннем задачы» Золатава, парвалася нітка Шабовічавага расказу.
— Стоп! Да каго вы пайшлі?
— Да Чурсіка. Да паліцэйскага. У каторага арыштавалі нас.
Золатаў зноў сарваўся з тапчана і прайшоў вакол печкі, але не прысядаючы, толькі расціраючы паясніцу. З рота яго выбулькнуў кароткі дзіўны гук — не то рогат, не то стогн болю.
Спыніўся перад Шабовічам.
— I што вас павяло туды?
— Разважыў: толькі там, у доме паліцая, мяне не будуць шукаць. I адзецца трэба. Я ж застаўся ў адным пінжачку. Адубеў. А галоўнае — Аксану папярэдзіць. Толькі жонка паліцая магла схадзіць у бальніцу, не выклікаючы падазрэнні…