Выбрать главу

Золатаў павярнуўся да Мана:

— Глядзі, Аляксей Іванавіч, любуйся: які стратэг і тактык. Геніяльна! Ніколі не прыдумаў бы.

— А што? Лагічна, — сказаў Брагінскі.

— А я што кажу? I я кажу: вельмі лагічна.

Не, не ўхваленне выказваў чалавек, якога Шабовіч лічыў камандзірам, — уедлівы здзек, хоць і прыкрыты знешнім спакоем. Трэба дурнем быць, каб не зразумець гэтага. Крыўдна да болю. Але Шабовіч захоўваў разважлівасць, якой навучыла падпольнае жыццё.

«А я паверыў бы на іх месцы?» — падумаў ён. Магчыма, і паверыў бы. Здаецца, два маладыя хлопцы вераць. А старэйшыя?.. У іх вопыт. Камандзір крыўдна не верыць, здзекліва. Барадаты панура маўчыць. Зрэдку, праўда, у яго добра загараюцца вочы. Нялёгка будзе прымусіць гэтых людзей паверыць яму. У нейкі момант іранічна пасміхнуўся над сваім становішчам.

«Хто я такі для іх? Бяспашпартны бадзяга».

Лежачы на гарышчы ў Ганны ў мінулую ноч, ды і ў папярэднія ночы, ён прыкідваў, як трэба расказваць у атрадзе, каб паверылі яму. Меў намер аб прабыванні ў Чурсіка расказаць з гумарам — хто каго трымаў пад арыштам. Сапраўды сітуацыя забаўная. Але пасля ўедлівай заўвагі «следчага», яму раптам здалася ўся гісторыя з Чурсікам больш непраўдападобкай, чым нават уцёкі з машыны ад эсэсаўцаў. Падумаў, што, напэўна, і сам ён прыняў бы падобную прыгоду з недаверам ці ва ўсялякім разе з пытаннямі, на якія, калі яны з’явяцца, няпроста будзе адказаць. Таму прабыванне ў Чурсіка ён «праскочыў» — ні дранікаў, ні карцёжнай гульні. Толькі паліцэйскія, бо меў неасцярожнасць раней сказаць пра фота, прыход Хрысціны і чаканне ночы на гарышчы. Але і гэта выклікала ўедлівую ўсмешку Якава Міхайлавіча, так да яго звярнуўся малады кучаравы вайсковец, і новае ўедлівае пытанне:

— Навошта ж было трымаць яго пад пісталетам? Такі надзейны друг!

— Чаму вы лічыце — надзейны? Паліцай. А паліцай — што сабака, невядома, калі схопіць за лытку.

— Што ж вы з ім так нюхаліся?

— У карты? Гульня. На карысць справе. Я ж казаў: Чурсік многа балбатаў. Напрыклад, ён выдаў нам вераснёўскую акцыю.

— Што за акцыя?

— Гэткая ж татальная аблава.

— I ваша група ўцалела? — спытаў Ман.

Золатаў ухваліў яго пытанне, падміргнуўшы, — крыўдна для Шабовіча.

— Аднаго арыштавалі. Чыгуначніка Масюкевіча. Станулін змяніў кватэру і месца працы. I прозвішча, пашпарт.

I тут раптам Шабовіч спахапіўся:

«А навошта я выдаю такія звесткі?»

Яны не вераць яму — гэта зразумела. Навошта ў такім разе яму выкладваць усё? Ёсць дзейнасць падпольшчыкаў, якую ім, партызанам, зразумець немагчыма. Ім дзіўна. Іх шмат што здзіўляе з таго, што ён расказвае.

На самай справе ўсё было глыбей: недавер да яго патроху размываў поўны давер да іх, ва ўсялякім разе да гэтага, які вядзе допыт, з яго адкрытай падазронасцю, што мае справу з ворагам. Чаму думаць менавіта так, а не інакш — зыходзячы з таго, што перад табой сумленны савецкі чалавек? Безумоўна, ворагаў народа было многа. Колькі іх арыштоўвалі! Але ж вайна паказала, што дзевяноста пяць працэнтаў, калі не болып, шчырыя савецкія патрыёты. «Дык чаму ж ты не даеш мне месца ў гэтай абсалютнай большасці? — думаў Шабовіч. — Табе ж было б лягчэй дайсці да праўды».

Асудзіўшы сябе, што выдаў імёны людзей сваёй групы, Шабовіч вырашыў: болын ніякіх імёнаў, ніякіх адрасоў людзей, што памагалі яму. Асабліва вясковых, недалёкіх, бо могуць пачаць правяраць вось такім метадам, зрабіў чалавек добрую справу, а яго будуць дапытваць з падазронасцю.

Каго гэта пацешыць у ваенны час?

Цётка і дзядзька, як і сама вёска Цнянка, з расказу выпалі, хоць Золатаў чамусьці вельмі зацікавіўся, дзе ж Шабовіч сустрэўся са сваёй жонкай.

— У полі? Пад Паперняй, — мясцовасці Золатаў не ведаў, і назва вёскі яму мала што сказала, але ён лагічна ўсумніўся, што ў цёмную асеннюю ноч можна так лёгка сустрэцца ў полі двум чалавекам, якія не маюць ніякіх сігналаў, нават запалак. Не словамі, а позіркам, у якім была і перасцярога хлопцу, выказаў сумненне і Ман, які добра ведаў, на якой адлегласці Паперня ад Мінска.

Падрабязна, з дэталямі, Шабовіч расказаў, як раніў паліцай Аксану і як ён забіў таго паліцая. Гэта выслухалі ўважліва, без сумніцельных ухмылак, вярнуўшы Шабовічу надзею, што і тут яму паможа Аксана, як памагала неаднойчы ў горадзе, — яе раненне прымусіць камандзіраў паверыць яму.

— Дзе гэта адбылося? — спытаў Ман.

— Не знаю, — адказаў Шабовіч.