Выбрать главу

— Расказваў Дзядзюля… з’явіўся ў іх вось такі хлапчына… з Маладзечна. Столькі нагаварыў пра свае ўчынкі… Герой! Хоць тут жа вешай яму Залатую З. орку. Праверылі — нямала пацвердзілася: былі такія дыверсіі. А потым шэпча ён Дзядзюлю: «Камандзір, зрабі мне такую міну, каб я змог даехаць з ёй да Берліна. Гахну я гэтага гада Гітлера». Тут Цімоху і цюкнула. Лёгка ўстанавілі, што хлопец хворы, увесь горад яго ведаў. Вайна нарадзіла асобыя тыпы псіхічных захворванняў. Некаторыя з гэтых няшчасных добраахвотна ідуць на смерць. Адны — каб праславіцца, другія — не разумеючы небяспекі, трэція…

Золатаў выслухаў камандзіра са скептычнай усмешкай: загадкавы чалавек Ман — усяму шукае апраўданне, нават паліцэйскім, учора некаторых вывеў з-цад куль, пашкадаваў. Паўтарыў не аднаму Брагінскаму — усім!

— Наіўныя вы людзі. Шчасце ваша, што сярод вас вопытны чэкіст, а то ачмурыў бы вас гэты «казачнік». Няўжо не бачыце, што гэта за птушка! М-да, не кожны на гэта здольны. Тут трэба нюх мець. Нюх! Падрыхтаваны ён грунтоўна. Не дурні рыхтавалі. Вы дрэнна ведаеце прыёмы фашысцкай разведкі.

Наіўны малады камісар гатовы быў паверыць, што сапраўды вопытны чэкіст мае асаблівы нюх. Але Ман ведаў гэты «нюх», выпрабаваў на ўласнай шкуры, і, каб не ўзарвацца ад нахабнай самаўпэўненасці асабіста, сцяўся і старанна еёрбаў з драўлянай міскі халодны суп; цыбуляй ад супу ўжо не пахла — пахла бярозай; усяму атраду ён выразаў асінавыя лыжкі і міскі, сабе — бярозавую, не любіў горкага паху асіны, бяроза пахне хлебам.

— На ноч пасадзім яго ў «радыёрубку», рацыю перанясём сюды, — сказаў Золатаў, здзівіўшы і Мана, і Кіпеня, і Брагінскага. На якія ахвяры ідзе камандзір спецатрада! Над рацыяй ён дрыжэў, як над самай каштоўнай уласнасцю. Рацыя, разумеў, бадай, адзін Ман, была для Золатава той усемагутнай зброяй, на якой трымаецца не толысі яго аўтарытэт начальніка асобага аддзела, але і яго ўлада над камандзірам, над камісарам. Свае радыёграмы ён не паказвае. Тыя, што датычацца дзейнасці атрада, адрасаваныя ў партызанскі штаб, яны сачыняюць калектыўна, але невядома, наколькі дакладна яны шыфруюцца, робяць гэта двое — ён, Золатаў, і радыст, і ніхто іх не можа пракантраляваць. Рэдка знаёміць Золатаў іх і з адказамі Цэнтра, яго, золатаўскага, наркаматаўскага. Для іх прызначаюцца радыёграмы штаба, шыфры якіх перадаў Дзядзюля. Апошняя такая радыёграма «Усім атрадам Мінскай зоны» — аб Мінскім падполлі. Яго, Мана, яна занепакоіла паспешлівай абагуленасцю, а Золатава ўзрадавала, ён гаварыў пра яе так, быццам ведае пра падполле ўсё. А што ён ведае? Роўна нічога. Паслухаў разважанні Дзядзюлі, яго здагадкі, сумненні.

Пад «радыёрубку» Золатаў прымусіў спецыяльна зрубіць хаціну накшталт лазні, бо пад зямлёй не той эфект работы рацыі, ды і сыра ў зямлянцы для такой тонкай і дарагой апаратуры. У доміку гэтым было адзінае акенца, закратаванае, дубовыя дзверы, цагляная печка, і начаваў там радыст, хоць на гэты аб’ект і склад боепрыпасаў ставіўся асобны вартавы — акрамя тых, што ахоўвалі лагер.

— Ну, што — падумаў?

— А што мне думаць? Я расказаў усю праўду.

— Усю ці не ўсю — гэта мы пабачым. Пачнём з таго, як арыштавала вас гестапа, — Золатаў знарок назваў орган, якога не існавала ў Мінску, каб выклікаць арыштаванага на спрэчку — няхай да канца выявіць сваю дасведчанасць у структуры фашысцкіх органаў. Але цяпер Шабовічу было ўсё роўна — гестапа ці СД, якая розніца, яшчэ там, у камандзірскай зямлянцы, ён прыйшоў да думкі, што лепш не ўнікаць у дэталі, не паказваць сваю дасведчанасць, лепш прыкідвацца прастачком.

— Давай характарыстыкі «карцёжнікаў».

Але змораны, галодны Шабовіч расказваў нехаця, «жаваў», прапускаў шмат што з таго, што расказваў у першы раз, ды і прастаком пачаў прыкідвацца. Не пачуўшы эпізодаў, характарыстык, якія запомніліся, Золатаў радаваўся сваёй інтуіцыі: усе адбываецца гэтак жа, як многа разоў у яго багатай практыцы — падследны пачынае выкручвацца і канчаткова заблытваецца. I хоць у адказ на яго пытанні падпольшчык дакладна аднаўляў прапушчанае, гэта ніколькі не ўплывала на пераконанні следчага. Па сутнасці, уся ўвага Золатава і была занята тым, што ён вылаўліваў разыходжанні ў першых паказаннях і цяперашніх, ад пытанняў амаль адмовіўся, разважыўшы, што чым больш арыштаваны наблытае, тым лягчэй яму будзе пераканаць суддзяў — Мана, камісара і нават Брагінскага. Добра працавалася, калі не трэба было пераконваць начальства, наадварот, яно папракала яго за лішнюю гуманнасць. Залаты час быў! Цяпер ён рабіў адно: спыняў падследчага, хоць той і без таго гаварыў, што гуму цягнуў, — каб запісаць яго паказанні, асабліва дакладна запісаць разыходжанні з тым, што чулі «лапухі». Ён прымусіць яго падпісаць пратакол допыту — няхай пачытаюць.