Выбрать главу

Кухарка прынесла абед затрыманаму — камандзір загадаў.

Раней Матрона адносілася з павагай да Золатава — маёр! вышэй за капітана. Але пасля гісторыі з венграм страціла гэтую павагу. Вельмі ж нядобра начальнік дапытваў яе — усіх сваякоў да трэцяга калена перабраў. Цяпер жанчына знарок, падкрэслена, прыкідваючыся прастачкай, казала яму ты. Золатава гэта злавала, ніхто не адважваўся казаць яму ты, сам Ман — на вы.

— На, накармі чалавека! А то будзеш пра ўнукаў дапытвацца.

— Ты лічыш яго чалавекам?

— А хто ж я? — наіўна здзівіўся Шабовіч.

— Фашыст.

I знясілены хлопец не стрымаўся:

— Сам ты фашыст!

Але калі пайшла Баслычыха, пасміхнуўшыся з такой сутычкі, Золатаў пахадзіў па зямлянцы, не перадаўшы вязню кацялок з кашай, пасвістаў задумліва, спыніўся над ахвярай сваёй, зноў уважліва разгледзеў яго белую макушку ў развале рыжых валасоў.

— Дык хто я?

— Прабачце, я не хацеў. Нервы. Але ж я не фашыст. Няўжо цяжка паверыць? Я разумею, што праверыць немагчыма. Але я дакажу…

— А як жа — дакажаш!

Золатаў падняў руку над яго галавой і… раптам напрактыкаваным ударам, рабром далоні, як тапаром, секануў па шыі, напятай ад схіленай галавы.

Шабовіч зваліўся з калодкі, на якой сядзеў, што падкошаны, страціў прытомнасць.

Золатаў наском бота паварушыў яго цела. Пастаяў над ім мінут пяць. Нарэшце хлопец расплюшчыў памутнелыя вочы.

— Што ж гэта ты такі слабак? Ад слоў падаеш. Школу якую кончыў?

Шабовіч не адказваў.

— Паднімайся. Абедай. У нас людзі добрыя. Бачыш, як пашкадавала цябе кухарка. Набірайся сіл. I думай. Думай!

Пры другім прыходзе Золатава падпольшчык адмовіўся гаварыць.

— Я буду адказваць толькі ў прысутнасці ўсіх камандзіраў.

— Бач, сволач, унюхаў слабіну! Не, будзеш ты ў мяне гаварыць, калі мне трэба, — і даў кулаком пад дыхавіцу так, што Шабовіч зноў страціў прытомнасць.

Ачуняў — звінела ў галаве, балеў жывот.

Іншы чалавек — змрочны асілак з расплюшчаным, як у баксёра носам перавёў яго з зямлянкі ў прыгожую, утульную хаціну. Там прыемна пахла смалой і цёплай печкай. Застаўшыся адзін, Шабовіч пакутліва асэнсоўваў сітуацыю, у якую трапіў. У зямлянцы прыгадаў расказы пра тое, што немцы ствараюць правакацыйныя атрады з паліцэйскіх, якія тэрарызуюць насельніцтва, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух, запалохаць людзей: хто пажадаў бы ўступаць у такія атрады? Праўда, Станулін аспрэчваў такія легенды. Але ці мог інжынер ведаць тайныя планы фашысцкага камандавання? Не бывае дыму без агня. Калі хадзілі чуткі, значыцца, і атрады такія маглі быць.

Дык ці не трапіў ён у правакацыйны атрад? Але Ганніны і Міколкавы адносіны да атрада аспрэчвалі такую сумную здагадку. Хоць… Хто так спаласаваў попу хлопчыку? Не гэты акуратна паголены, з ціхім голасам камандзір, які так дасканала валодае фашысцкімі прыёмамі допыту — так б’е ў жыццёвыя вузлы, што ўміг траціш прытомнасць? Ён, фельчар, колькі вучыў анатомію, хваробы, нідзе не вычытаў, не пачуў ад выкладчыкаў, не бачыў у кіно такіх удараў і быў упэўыены, што ў Савецкім Саюзе прыёмам такім вучаць хіба, можа, пагранічнікаў, больш нікога, бо нікому яны не патрэбныя. У нас гуманныя следчыя органы, гуманная армія — усё гуманнае.

Аднак калі яго пераводзілі ў дамок, сустрэлася група партызан, з цікавасцю агледзелі, сказалі ўслед:

— Шпіён. У лагер з мінамі прабраўся. Да склада лез.

Так маглі сказаць толькі сапраўдныя партызаны. I яму хацелася закрычаць ім: «Таварышы дарагія! Ніякі я не шпіён! I ніякіх мін у мяне не было! Адзін пісталет». Але крыкнуць не мог — кожны крок аддаваўся ў жываце пакутлівым болем.

Пасля чуў галасы партызан, седзячы ў доме. Нехта мацюкнуў Гітлера, шчыра, пакручаста. Нехта насвістваў «Кацюшу». Успаміналі ўчарашні рэйд — як ганялі паліцаяў.

Не, вельмі падобна, што размовы гэтыя падладжаны спецыяльна для яго; у фальшывым спектаклі прабіўся б і фальшывы голас. Не, атрад сапраўдны, толькі хіба навучаны горкім вопытам — падкідвалі ім шпіёнаў. Гэта зусім натуральна. А калі ён сярод сваіх, то трэба ўсё стрываць, любыя пакуты, але даказаць, хто ён у сапраўднасці. Свае не могуць не паверыць у яго шчырасць, калі ў яго паказаннях не прагучыць і крупінка няпраўды. Праўда праб’ецца!

I Шабовіч акрыяў духам.

Але калі зноў прыйшоў следчы, яго пачало ванітаваць. Слабасць зневажала. А Золатава парадавала такая рэакцыя на яго з’яўленне. Знаёмая рэакцыя, з яе часта пачыналіся патрэбныя паказанні, пачыналася падзенне.