Золатаў перасадзіў падследчага з канапы за трохногі стол, на якім нядаўна стаяла рацыя, паклаў перад ім пакамечаны вучнёўскі сшытак і агрызак карандаша, а сам хадзіў вакол, доўга не задаючы ніякіх пытанняў. Хадзіў, насвістваў мелодыю песні «Броня крепка, и танки наши быстры…».
А Шабовіч чакаў чарговага ўдару, стараўся адгадаць, куды, у якое месца ён будзе нанесены, і пакутаваў, што перажывае жывёльны страх, ніколі такога не перажываў, напружваўся ўвесь, уціскаў галаву.
— Якую школу канчаў?
— Савецкую.
— Слухай… якое табе прозвішча там далі? Шабовіч? Будзеш Шабовіч пакуль… Але давай дамовімся: не будзем прыкідвацца дурнямі, ні ты, ні я. Мы з табой сур’ёзныя людзі. Ты сур’ёзны разведчык, я сур’ёзны контрразведчык. Ты добра знаеш, пра якую школу пытаю. Гульня павінна ісці на роўных.
— Кончыў яшчэ Аршанскі медтэхнікум. Можна праверыць. Недалёка.
— Ты здольны яшчэ здзекавацца з мяне? Недалё-ё-ка! Тваім начальнікам недалёка. Мне пакуль што далёка. Трапіў бы ты мне да вайны — праверыў бы я не толькі Оршу. Добра, дапусцім, я веру, што ты фельчар Шабовіч. Чаму ж ты не ў Чырвонай Арміі? А?
— Мы эвакуіравалі хворых. Адаслалі эшалон, а самі не паспелі. Хто ведаў, што немцы так хутка будуць у Мінску.
— Тысячы людзей пехатой пайшлі. Я да Магілёва ішоў. А ты, значыцца, не паспеў. Дык калі цябе завербавалі? Магу паверыць, што не да вайны. У якую школу накіравалі? У Варшаўскую? У Барысаўскую?
— Клянуся вам: я падпольшчык. Не верыце — звяжыцеся з атрадам Дзядзюлі. Ён ведае Аксану… я ж казаў… Яна хадзіла туды. Адтуль мы з’ездзім па Аксану.
— Адтуль? Вунь як! Не, мы з’ездзім адгэтуль… Адгэтуль! Вось карандаш… напішы. Сачыненне на вольную тэму. Не трэба расказаў, хто куды ішоў, у каго страляў — гэта мы запомнілі. Прозвішчы падпольшчыкаў, адрасы. Назвы вёсак. Дзе Аксана твая засталася. Адкуль дзед з канём… Усёк?
Не падумаў Золатаў, што зноў насцярожыў арыштаванага, які было трохі расслабіўся, — патрабаваннем адрасоў падпольшчыкаў, якіх ён назваў. Навошта яму адрасы? Безумоўна, усе яго сябры, хто застаўся на волі, памянялі свае кватэры за гэтыя дні, але ўсё роўна ён не мае права называць старыя адрасы; гэта першы запавет іх клятвы.
— Я хачу пагаварыць з камісарам.
— А па шыі ты яшчэ не хочаш?
Шабовіч прыгнуўся.
— Я тут камісар. Над усімі камісарамі камісар.
«Аднак арэшак. Нічога, раскусвалі не такія. Трашчалі, толькі шкарлупкі ляцелі».
Прыгадаў выпадак чатырохгадовай даўнасці. Доўга біўся з адным пісьменнікам. Упарты быў, усё адмаўляў, усе абвінавачванні. А даў яму паперу: пішы. Напісаў. Сачыніў, што збіраліся яны на кватэры Пятра Глебкі і дамаўляліся, як забіць Варашылава, калі той прыедзе на манеўры. Яўна спадзяваўся, што начальства следчага, яго, Золатава начальства, палічыць гэта абсурдам і зверне ўвагу на метады следства. Наіўны чалавек! Сам падпісаў сабе смяротны прыгавор. За нацдэмаўскую дзейнасць мог бы атрымаць тэрмін, за тэрарыстычную — мера адна, вышэйшая.
Паглядзім, што гэты напіша. Некаторыя на паперы, застаўшыся адзін на адзін, раскрываюцца глыбей, чым на любым допыце. Трэба толькі ўмець чытаць такія паказанні, нават калі ў іх абсалютная лухта ці такое: «Пайшоў ты, яжоўскі пёс!..» Было і такое. Няхай нешта падобнае прачытае Ман, можа, прасвятлеюць яго мазгі. «Народнічак! Паліцэйскіх шкадаваў. За паліцэйскіх у цябе спытаюць, Аляксей Іванавіч. Пасля. А будзеш перашкаджаць мне выбіваць ісціну з гэтага правакатара — радыёстанцыя ў маіх руках».
Золатава абурыла папярэджанне Мана, каб да падпольшчыка — ніякіх фізічных уздзеянняў. Аляксею Іванавічу сказала Баслычыха, што хлопец звяў, і выказала сваё меркаванне: «Ён б’е яго».
У Золатава свярбела рука, калі ён хадзіў вакол падследнага, колькі разоў прымяраў новы ўдар. Але стрымаўся, мусіў лічыцца з загадам камандзіра.
8
У Мана быў свой план высвятлення асобы падпольшчыка. Атрымаўшы падтрымку камісара, ён за вячэрай выказаў гэты план у звыклай манеры — пра важныя справы паведамляць як бы між іншым.
— Заўтра павязём падпольшчыка да Цімоха. Ён мае сувязь з Мінскам. Хлопец кажа, што жонка яго — сувязная атрада. Дзядзюлі прасцей устанавіць, хто ён.
Золатаў што з ланцуга сарваўся. Падскочыў, пасінеў ажно, закрычаў, чаго не дазваляў сабе раней:
— Ты што — не давяраеш мне? Вопытнаму чэкісту? Я даўно заўважаю! — і сурова пагразіў пальцам. — Распусцілі соплі. Хутка цалавацца з немцамі будзеце. Партызаны, такую вашу!.. Думаеце, на вас няма савецкай улады? Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?