Хто-хто, а Ман так не думаў, добра ведаў магутнасць і ўсюдыіснасць органаў. Больш таго, не вельмі верыў Золатаву, што група яго выкінута з мэтай пранікнення ў Мінск, лічыў, што ў НКУС — глабальная задача: ва ўсе атрады заслаць сваіх людзей. Інакш работы органаў бяспекі ў ваенны час не ўяўляў.
Таму Аляксей Іванавіч не ўжыў сваю камандзірскую ўладу і не асадзіў асабіста.
У сварку з ім палез Ігар:
— Што вы нас палохаеце? Брыдка слухаць!
— Можа, табе брыдка ад маёй прысутнасці? Атаманчыкамі хочаце быць? Махноўцамі?
— Якраз у вас махноўскія замашкі — ні з кім не лічыцца. Усім камандаваць хочаце. Забываецеся, што партызаны не армія — народны рух.
— Даеш анархію, значыцца? Раскрываешся, камісар! Хоць куды больш! Я даўно раскусіў цябе, малакасоса, што няспелы арэх. Гаўнюк ты, а не камісар! Размазня! Падпявала!
— Таварышы, таварышы, ну з-за чаго вы завяліся? — прасіў міратворца Брагінскі. — Байцы пачуюць — сорамка будзе.
Ман памаўчаў, паназіраў за начальнікам асобага аддзела, як карак у таго наліваўся сінюшнай чырванню. Адчуў, што і ў яго звініць у вушах. Спалохаўся злосці сваёй, бо ведаў, што ў такім стане нястрыманыя людзі хапаюцца за пісталеты. Страшным здалося гэтае жаданне — падняць зброю на свайго. Урэшце, чорт з ім, які ён чалавек, важна, што ён свой, калі ў гэтым няма сумнення, то даваць волю гневу нельга, бо яна можа перарасці ў нянавісцк. А ненавідзець ёсць каго — акупантаў, здраднікаў.
Ман спакойна спыніў сварку.
— Не гарачыся, Ігарок. Ды і вы, Якаў Міхайлавіч… З-за чаго сыр-бор? Паедзем самі. З табой, Ігар. Параімся з Цімохам. У яго светлая галава. Калі ён ведае гэтага хлопца, калі праўда Аксана яго сувязная, — сам прыедзе па іх. Сваіх людзей не пакіне.
— Каровам хвасты ўмее круціць ваш Дзядзюля, а не разведку весці, тым болыы контрразведку. Прымітыў сялянскі!
Ігар зноў кінуўся ў бой — у абарону праслаўленага камандзіра. Але Ман суняў яго з бацышўскай строгасцю:
— Май павагу да старэйшых! Не навучыла цябе камсамольская школа!
Золатаў верыў толькі аднаму чалавеку — свайму намесніку па спецгрупе лейтэнанту Іванову, з якім разам працаваў некалькі гадоў. Ператварыў яго ў свайго целаахоўніка, нікуды не адпускаў, не даваў небяспечных заданняў, а самае небяспечнае з іх — паход у Мінск. Трое не вярнуліся. Заставаўся адзін, каго ён мог паслаць, — малаадукаваны і маланавучаны міліцыянер Стралінскі, вучыў яго, але не верыў, што ён здольны выканаць такое адказнае заданне — прынесці дадзеныя аб становішчы ў горадзе. А ў апошняй радыёграме Цэнтр зноў напамінаў, што звестак такіх ад сваёй групы чакае сам Цанава. Зноў прасіў людзей для Мінска ў Мана, але той і слухаць не захацеў: на верную смерць ён людзей не пасылае.
Пойдзе Стралінскі і… не вернецца, як не вярнуліся тыя трое. I застанецца ён з двума — з Івановым і радыстам Башлыковым. Але радыст прыгодны толькі для сваёй справы: студэнцік, мамчын сынок. Такі не заслоніць, не кінецца выручаць свайго камандзіра. Надзея на Іванова. Але ж і ўсе асобыя заданні можна ўскласці на аднаго Іванова. I Золатаў у той жа вечар даў свайму намесніку такое заданне: раніцою злавіць дзе-небудзь ля бліжэйшай вёскі пацана, падростка гадоў чатырнаццаці.
Іваноў ніколі не задаваў пытанняў: навошта? для якой патрэбы? чаму? Пакорлівае маўклівае падначаленне: «Слухаюся, таварыш маёр». Зрэдку, калі не разумеў, гладзіў свой расплюснуты нос.
— Да выезду камандзіра і камісара ў лагер хлопчыка не прыводзіць.
— Слухаюся, Якаў Міхайлавіч.
Такі трохі фамільярны зварот Іваноў дазваляў сабе ў тых выпадках, калі здагадваўся, што начальнік давярае яму тое, пра што больш не ведае ніводная душа — ні таварышы па рабоце, ні вышэйшае начальства.
Камандзір і камісар з невялікай групай партызан выехалі на світанні.
Уначы пайшоў снег. Густы, сухі, ціхі, ён сыпаўся ўдзень, адзяючы елкі ў белае ўбранне. Лес набываў урачыста-святочны выгляд. I ад таго здаваўся вельмі мірным, прадвызначаным на радасць чалавеку.
За сябе Ман пакінуў начальніка штаба, што ўдарыла па самалюбстве Золатава. Брагінскага яшчэ ззечара зноў распаліла. Чалавек не можа падняцца з ложка, і яго — за камандзіра. Не давярае таварыш Ман. Нічога, прыйдзе час — мусіш даверыць. Але на гэты раз на камандзіра была не злосць, хутчэй асуджэнне яго недалёкасці. Радавыя партызаны і тыя разумеюць ролю і значэнне начальніка асобага аддзела — вітаюцца заўсёды больш паважліва, чым са сваім камандзірам, а з бязвусым камісарам увогуле панібрацтвуюць.
Золатаў хадзіў па апусцелым лагеры. Другая група партызан паехала на санях на раздабыткі харчу. Паслухаў Баслычыху, яе разважанні пра зіму.