«Якаў Міхайлавіч, вы не падумалі… Не падумалі. Вы новы чалавек. А Ман… ён ужо год камандуе атрадам. А атрад… ці зразумелі вы за такі кароткі час?.. гэта не толькі тыя людзі, што тут, у лесе, гэта і тыя, што ў вёсках. Яны кормяць нас, адзяюць, вядуць разведку… Аляксей Іванавіч — тутэйшы чалавек. Усіх ведае ён, усе ведаюць яго. А вас ніхто не ведае… прыйдзіце вы ў вёску… Хто вас ведае, Якаў Міхайлавіч?..»
А сам камандзір маўчаў. Твар застыў, аледзянелі вочы, не выпраменьвалі ні цяпла, ні іроніі, ні ўдзячнасці сваім маладым сябрам. Толькі, магчыма, у вуснах, што непрыгожа скрывіліся, хацела з’явіцца ўсмешка, але не нарадзілася, амярцвела.
Холад манаўскіх вачэй спалохаў Золатава: усё-такі за Манам семдзесят чалавек, а ў яго, Золатава, чацвёра засталося. Брагінскі і той не падтрымаў яго. Але адступаць ён не ўмеў, задумы заўсёды даводзіў да лагічнага, як яму здавалася, завяршэння. Адказаў Брагінскаму:
«Вось і добра. Начальнік штаба і будзе займацца забеспячэннем атрада. А чым жа яшчэ яму займацца? — і хмыкнуў: — Планіраваць аперацыі? Наступленне на фронце?»
Ціха, але з гневам пагразіў Кіпеню:
«У райком ты можаш ехаць. Але з такім камісарам ваяваць я не буду».
Аляксей Іванавіч падняўся з лаўкі, пацягнуўся ўгору, дастаў рукамі столь, скалупнуў наплыў смалы, панюхаў, задаволены ахнуў.
«Які пах! — і спакойна сказаў: — А навошта шумець? Давайце збяром партыйную групу, і яна скажа, каму камандаваць…»
Ігар засмяяўся: як проста! Мудрэц атаман! Золатаў папярхнуўся салам. Абдало яго халодным ліўнем. Зразумеў, што партызаны — не НКУС. Супраць партыйнай групы тут не выступіш. Як ён не падумаў?
Больш да гэтай тэмы не вярталіся. Але пазней дыпламат і міратворца Ігар аформіў рашэнне райкома аб назначэнні Золатава начальнікам асобага аддзела двух суседніх атрадаў.
Знешне ўсё ішло сваёй чаргой, але ўнутраную напружанасць кожны з чатырох адчуваў. Брагінскаму ўжо не рабіла асаблівай радасці апека Золатава, хоть ён па-ранейшаму быў уважлівы і ласкавы. А Ігар… Цяпер ён не адступаў ад Золатава не ад захопленасці вопытным чэкістам, а таму што з чэкісцкай пільнасцю сачыў за кожным крокам і не скрываў гэтага, нават адважыўся вымавіць за сеансы сувязі без яго. I Золатаў пракаўтнуў вымову ад хлапчука.
Толькі Аляксей Іванавіч ніводным, як кажуць, рухам, ніводным уздыхам не выдаваў свой душэўны стан.
…«Сучок. Брак», — і ўсё. Хамства Золатава — знішчэнне плода яго руплівай працы, — безумоўна, абурыла, але Аляксей Іванавіч і брывом не павёў. Спытаў пра галоўнае, пра тое, што аб’ядноўвае заўсёды:
«А што на франтах?»
Ігара засмуціла, што радыст не сказаў і пяці слоў аб становішчы ў Сталінградзе. Новы радыст, ці што? Але камандзір ведаў, чым жывуць людзі — Сталінградам.
— Давайце пагуляем у стратэгію. Няхай кожны з нас на нейкі момант уявіць сябе Галоўнакамандуючым. Што ён зрабіў бы? Дзе нанёс бы ўдар? У самым Сталінградзе? На Каўказе?
— Галоўнакамандуючы не гуляе, ён думае. Не кожнаму дадзена гэта — думаць так, як таварыш Сталін.
— Так думаць — безумоўна, не кожнаму. Але ў арміі ёсць паняцце: ваенная гульня. Мы яшчэ ў дваццатыя гады гулялі. Усе. Ад камбрыга да камандзіра ўзвода. На карце ствараліся сітуацыі, якія мелі месца на вайне. Брусілаўскі прарыў, абарона Царыцына, марш Тухачэўскага…
— Каго? — Золатаў зрабіў выгляд, што не пачуў.
— Паход на Варшаву ў дваццатым, — спакойна растлумачыў Ман. — Іншыя аперацыі. Мы ведалі іх вынік, але стратэгічнае, тактычнае рашэнне задачы — хто з нас, бязвусых камандуючых, ведаў? Аднак некаторыя, у тым ліку і я — верыце? — давалі такія нечаканыя рашэнні, — што камбрыг наш здзіўляўся. Мне гадзіннік падарыў. Во гэты! — дастаў з кішэні «цыбуліну» «Павел Бурэ», шчоўкнуў крышкай. — Во рэч! Дагэтуль ідзе.
— Стратэгі, — зняважліва хмыкнуў Золатаў. А Брагінскі ахвотна падхапіў гульню:
— Я ўдарыў бы тут, перад намі, на заходнім. Гітлер аслабіў тут сваю групу, кінуўшы сілы на поўдзень.
— Правільна, Навум! А мы ў дапамогу рэйкавы канцэрт арганізавалі б. I бог за нас, дорыць раннюю зіму, — задаволена, быццам наступленне пачалося ўжо, пацёр над печкай рукі Ігар.
— Ранняй зімы не будзе. Гэтая кругаверць ненадоўга.
— У бацькі атамана кажуха няма, — засмяяўся Ігар. — Улетку згарэла камандзірская зямлянка, і ў ёй пагарэла зімовае адзенне.
Золатаў узяў яшчэ адну міску, не новую, з якой елі ўжо.
Брагінскі сцяўся: калі ён зломіць і гэтую, што сказаць яму? На словы асуджэння — не хопіць адвагі. Але змаўчаць — здрадзіць другому чалавеку, камандзіру, якога паважаў больш.
Не, на гэты раз маёр узяў місачку па-ўзбекску, на пальцы, прымерыўся, як бы выпіў з яе.