— Іваноў — работнік органаў, мой намеснік.
Ман выштурхнуў з зямлянкі, дзе пахла крывёй і прывялай елкай, свайго гарачага камісара. Пад соснамі строга загадаў:
— Каб я не чуў такіх слоў! — а потым папрасіў: — Пры ім не гавары нічога падобнага. Не давай волю сваім эмоцыям. Нікога ты не застрэліш. А цябе застрэляць. А табе трэба жыць. Нам з табой трэба жыць, Ігарок, чалавек ты мой дарагі. А вакол ворагі, вакол фашысты… I ў нас не ўсё так проста, як табе здаецца.
Але раніцою Ігар зноў сутыкнуўся з Золатавым. Прапанаваў пахаваць іх у адной магіле, Брзгінскага і Шабовіча. Вот тут Золатаў злосна абурыўся. Крычаў, што гэта знявага камандзіра Чырвонай Арміі, камуніста, пагразіў, што выступіць перад партызанамі і давядзе… фактамі давядзе — у яго інтуіцыя, чуццё чэкіста, — хто такі чалавек, які напаў на вартавога; сапраўдны падпольшчык не стаў бы такім чынам уцякаць з атрада, пастараўся б даказаць, хто ён, з чым прыйшоў.
Аляксей Іванавіч панура маўчаў. Сурова маўчаў. Нават Золатаў не адважыўся аспрэчваць, калі камандзір загадаў атрадным цеслярам зрабіць дзве труны.
Брагінскага пахавалі ў цэнтры лагера каля камандзірскай зямлянкі. Самую доўгую і прачулую прамову сказаў Золатаў; развітваючыся, цалаваў нябожчыку лоб, рукі.
Грымеў салют.
Труна з целам Шабовіча доўга стаяла за ровам на прасецы на паваленых бярвеннях. Да яе — паказалі сляды — нават падыходзілі галодныя ваўкі; ды, відаць, блізкая страляніна спалохала іх. На пахаванні прысутнічалі Ігар, Баслычыха ды чацвёра партызан, што капалі магілу і апускалі ў яе труну. Камісара-атэіста да слёз расчуліла Матроніна малітва. Але паказаць байцам свае слёзы ён не меў права, адварочваўся, глядзеў у неба. Снег перастаў ісці, неба ачысцілася ад хмар і ззяла, што вымытае, мацнеў мароз. Неба дало адчуванне няспыннасці, дало прагу жыцця. Хаваў ён сяброў раней, хаваў блізкіх — не плакаў. А гэтага хлопца ён упершыню ўбачыў два дні назад. Чаму ж вочы наліліся слязамі? Ад малітвы? Не раскісай, камісар! Табе трэба ваяваць і… жыць. Успомніліся словы камандзіра.
«Нам з вамі трэба жыць, дарагі Аляксей Іванавіч. Для людзей…»
Зрабілі памінальны абед — па Брагінскім. Строгі камандзір, былы цвярозы ўпраўляючы спірттрэста, дырэктар завода, які з ашчаднасцю скупога гаспадара ахоўваў недатыкальны запас «гаручага» — для медыцынскіх патрэб, першы раз дазволіў партызанам выпіць.
Золатаў напіўся. Упершыню на людзях, не тоячыся. I зноў плакаў. Гэта ўражвае, калі плача мужчына. Яму спачувалі.
На другі дзень у яго балела галава, ён пахмяляўся. Пад вечар ужо, як бы ўспомніўшы, хоць у сапраўднасці гэта не выходзіла і з п’янай галавы (смерць Брагінскага перашкодзіла яму зрабіць гэта ў першы дзень, у адсутнасць камандзіра і камісара), Золатаў сказаў Ману:
— Дай фурманку, камандзір. Паеду забяру падпольшчыцу.
Аляксею Іванавічу што над вухам стрэлілі, ён не адразу паверыў пачутаму.
— Каго?
— Яго напарніцу.
— А вы ведаеце, дзе яна?
— Я ўсё ведаю.
— Дзе?
— Недалёка. Пад бокам у атрада. Работалі сінхронна. У Макрыцы. У Ганны Прыхач.
— У ка-го?
I сцяўся ўвесь — што спружына, каб не выдаць свайго здзіўлення.
Ганна Прыхач — яго сувязная. Яго. Асабіста. Не атрада. Пра гэта ведалі толькі Ігар і Матрона. Кухарка прыносіла ад Ганны звесткі пра дзейнасць акупацыйных улад у навакольных вёсках, пра паліцэйскіх, пра карныя часці. Сама Ганна ў атрад не прыходзіла. Але сынок яе, Міколка, высачыў неасцярожную Баслычыху і з’явіўся ў атрад: прыміце яго ў партызаны. Адаслалі назад пад аховай двух партызан. З’явіўся ў другі раз. Прыйшлося Аляксею Іванавічу самому адвозіць малога да маці. У сядле.
— Пра што задумаўся?
— Я сам паеду.
Золатаў абурана падхапіўся.
— Зноў не давяраеш? Зноў! Мне?!
— Я давяраю. Але я адказваю за тваё жыццё! Што мне скажа Цанава, калі я не ўпільную такога разведчыка?
— Не іранізуй.
— Я не іранізую. Якая можа быць іронія? Не да яе. -
— Вось іменна — не да іроніі. Але не думаю, што ў такой аперацыі неабходна прысутнасць нас двух.
— Неабходна!
Спыніліся за гародамі ў хмызняку. Золатаў не разумеў, навошта такая асцярожнасць, ведаў, што ў гэтай невялічкай вёсачцы, двароў на дваццаць, ніводнага паліцэйскага няма. Але на гэты раз вырашыў ва ўсім падпарадкоўвацца Ману, бо той ведае тут кожную сцяжыну і людзей, іх псіхалогію. Ды і не тое здзівіла, дзе спыніліся, а тое, як пайшоў камандзір, з якой упэўненасцю, ведае, выходзіць, дзе хата гэтай Ганны.