Выбрать главу

Гаспадыні дома не было. Сустрэў іх у двары Міколка — калоў дровы. Здзівіўся і ўзрадаваўся. Але камандзір даў яму знак — прыклаў палец да вуснаў, — і хлзпец ні словам, ні рухам не выдаў сваё знаёмства з партызанамі.

Ман спытаў:

— Дзе твая госця?

Міколка адказаў не адразу.

— Аксана.

— У хаце.

Увайшлі ў хату. Хлопец вачамі паказаў на бакоўку. Ман заглянуў туды. Спалохаў жанчыну. Яна сядзела без кофтачкі, пэўна, ёй нядаўна перавязалі плячо — закручана ў адбеленае палатно.

— Адзявайся. Паедзем.

— Куды.

— Да Стася твайго, — сказаў Золатаў, заглядваючы праз плячо Мана.

Камандзіру здалося, што асабіст ударыў яго ў патыліцу — так зазвінела ў галаве.

«Здзекуецца, падлюга! Да Стася… Не, яе ты ке адашлеш…»

— Ой, дзядзечка, родненькі! — па-сялянску, па-дзявочаму выявіла Аксана сваю радасць.

— Хадзіць можаш?

— Ды я скакаць магу, калі да Стася. А трэба — на жываце папаўзу. Міколка! Памажы мне адзецца!

Але ў левы рукаў не надзела ні кофтачкі, ні паліто — балела яшчэ. Аднак па хаце хадзіла ледзьве не прыскокам.

— Міколачка, брацік мой, дай я цябе пацалую. Мамку пацалуй і Міцьку. Скажы: кланяюся я ёй нізка, у ногі кланяюся.

Міколка шмаргнуў носам. Ды калі Золатаў выйшаў першы з хаты, Аляксей Іванавіч абняў хлопца, падбадзёрыў:

— Не бядуй, партызан. Трымай хвост трубой.

— Патрымаеш тут, калі даюць па хвасце.

— Хто?

— Хто?! Матка.

— Хіба маміны плескачы ў залік? Радуйся ім, дзівак. Вырасцеш — дзякаваць будзеш.

Але ўсё роўна хлопец што медаль атрымаў, калі камандзір ад свайго імя падзякаваў яму і маме.

— Да саней не ідзі, не трэба, каб убачылі, як ты праводзіш нас. У людзей доўгія языкі.

Прыехалі на двух санях. На першых — ён, Ман, сам за фурмана, Золатаў, целаахоўнік яго Іваноў, на другіх — двое партызан. Цяпер, калі ў сані села Аксана, Іванову прыйшлося перасесці, хоць зрабіў ён гэта неахвотна.

Нікога не здзівіла, калі камандзір развярнуў фурманку ў другі бок. Ехалі сюды — ледзьве перабраліся цераз не замерзлую яшчэ рэчку, намачылі сена, на якім сядзелі, ледзьве не набралі вады ў халявы, стоячы ў санях.

Паркі лепшых коней ішлі ўгалоп, выбіваючы падковамі не толькі не спрасаваны яшчэ снег, але і мёрзлую зямлю, яна ляцела фурману ў твар.

Ман стаяў на каленях у перадку і лейцамі сцябаў па конях, бясконца нокаў. Аксана сядзела побач, трымаючыся за яго. Золатаў — у задку.

Праз колькі часу фурман задніх коней, мясцовы партызан, здзівіўся:

— Куды яго нясе! Куды яго нясе! У Каменку. Там жа гарнізон! Ашалеў камандзір! — і інстынктыўна прытармазіў.

Але, ашалеў… Кокі віхрам уляцелі на вуліцу вялікага сяла. Быў сіні адвячорак. Сонца села за лес. Дыміліся коміны. На вуліцы з перападамі ўзгоркаў і лагчын каталіся на санках дзеці. Кінуліся ў двары з крыкам: «Партызаны!»

Ускочылі на цэнтральны ўзгорак, дзе стаялі школа і будынак сельсавета.

Ціха.

Ман паваліў Аксану на калючае змёрзлае ўжо сена, выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у бок школы, прытармазіўшы трохі коней.

Выскачылі з будынка паліцаі, трое, з вінтоўкамі. Кулі ціўкнулі над санямі. Золатаў стаў на калені, павярнуўся тварам назад, выхапіў пісталет і стрэліў у далёкіх ужо паліцэйскіх. Стрэліў тройчы.

I раптам Ман таксама паваліўся побач з Аксанай, перакуліўся на спіну і… моцна ўдарыў ботам Золатаву ў спіну. Той перакуліўся цераз нізкі задок саней. Узнімаліся на новы круты ўзгорак, і Золатаў пакаціўся па слізкай дарозе ўніз, пісталет яго паляцеў убок.

Аксана закрычала з жахам і абурэннем.

— Што вы зрабілі? Вы спіхнулі чалавека? Вы спіхнулі чалавека! Спыніце коней!

Ман павярнуўся на бок, моцна абхапіў жанчыну рукой, прыціснуў да сена, забыўшыся на яе раненае плячо.

— Маўчы! Гэта не чалавек! Гэта не чалавек! Ён забіў твайго Стася.

Аксана на міг змоўкла, потым закрычала:

— Стася няма? — асэнсаваўшы самае страшнае для яе паведамленне, сама сабе ціха адказала: — Стася няма. Стасічак, ррдненькі… Я адчувала… я адчувала… пазаўчора. Я задрамала, і мне ўдарыла ў сэрца. Як балела маё сэрца! — яна роспачліва заплакала.

— Паплач, дачка, паплач.

Аляксей Іванавіч падняўся на калені, лёгка тузануў лейцы, не сцёбнуў больш коней. Сказаў ім ласкава, як дзецям:

— Но, родненькія, но! Вось так, Золатаў, вось так. А як ты хацеў? Усіх караць?

Услухаўся ў вячэрнюю цішыню. Аўтаматныя стрэлы не прагучалі. Значыцца, задняя фурманка ў сяло не ўехала: разлікі яго апраўдаліся.

— Паплач, Аксанка, паплач. Я свае слёзы выплакаў. Но, родненькія, но. Не падвядзіце!