Выбрать главу

Аксана Паўлаўна спынілася, паставіла партфель на зямлю.

— Адпачні.

Яна ўявіла, што перажыў муж, і спалохалася за тую сітуацыю, якая шчасліва мінула.

— Ганебна знаеш што? Што я не здолеў нават абурыцца. Не, я сказаў яму: мне не ўсё роўна… нам, сябрам яго, вучням… і сям’і яго. I да яго такі дайшло. Ён павёў мяне да старшыні парткамісіі. Новы. Немалады. Можа, і вайны захапіў. Зацікавіўся, здаецца, па-сапраўднаму. Здзівіўся і абурыўся: дваццаць гадоў як чалавек рэабілітаваны, а ў партыі не аднаўляюць. Чаму? Сапраўды, чаму? Ніхто не ўзяў на сябе адказнасці. Во ў чым наша няшчасце. Павёў мяне старшыня да першага. Во дзе я яшчэ раз паверыў у партызанскае наша брацтва. Іван Яўцеевіч сам партызаніў. Адвёў я з ім душу. Весяльчак. Гумарыст. Расказваў, як яго Фёдараў… той, славуты… хацеў расстраляць. Прадстаўніка ЦК камсамола…

Ігар Арцёмавіч асекся: мімаволі падвёў да трагедыі Шабовіча. Спахапіўся.

— Пайшлі. Прагаладаўся я. Чым будзеш карміць?

Аксана Паўлаўна падняла цяжкі партфель.

— Твой ласунак. Каша грачнёвая.

— Няўжо з салам?

— З салам.

— Дзе ты крупы дастаеш? Я забыўся, калі бачыў грэчку на прылаўках.

— А я хабар бяру ад аднаго хворага толькі грэчкай, больш нічым, — засмяялася доктарка. — Ад старшыні райспажыўсаюза. Павел Іванавіч, грэчка будзе — гарантую сто гадоў жыцця. I што з Аляксеем Іванавічам?

— Выносяць на наступнае бюро. Памёр Ман камуністам — і будзе жыць камуністам. Хораша сказаў сакратар. Камуністамі мы паміралі і ў блакадным лесе, і на фронце, і ў Варкуце… Камуністамі павінны застацца…

У двары дома, драўлянага, угледжанага, іх сустрэла шасцігадовая ўнучка Стася. Хітрая лісічка. Кінулася на шыю.

— Дзядзюлечка прыехаў!

Выдумка дзядзькі Стася. Навучыў некалі свайго сына называць дзеда не дзядуля, а дзядзюля; камандзір брыгады Цімох Дзядзюля ў тыя гады быў частым госцем у іх доме. I Дзядзюля пасля смяяўся: «Быў адзін Дзядзюля, сталі два. А ты кажаш — радзее наша брыгада».

Малая атрымала новую ляльку і машыну, пабегла хваліцца падарункамі.

— Даканаеце вы мяне цацкамі. Усюды цацкі: у доме, у двары, на градах. Нашэсце нейкае.

— Няхай цешацца дзеці, у нас з табой не было.

— Пацехі ім на адну гадзіну, а пасля валяецца…

За абедам Ігар Арцёмавіч сказаў:

— Ксюта, паедзем у выходны на магілу Стася, даўно не былі.

Колькі разоў за іх доўгае сумеснае жыццё сказаў ён гэтыя словы, і кожны раз яны расчульвалі Аксану гэтак жа, як і тады, калі сказаў іх упершыню яшчэ ў партызанах, пасля блакады. «Аксана, з’ездзім на магілу Стася». Яна тады ледзьве не задыхнулася пад абвалам пачуццяў, вельмі складаных. Яны не былі яшчэ мужам і жонкай. Ман не адпусціў іх адных, даў для суправаджэння дзесятак лепшых коннікаў.

Памаўчаўшы, Аксана Паўлаўна паклала сваю руку на мужаву:

— Дзякую табе, Ігарок.

— Ну, што ты, — збянтэжыўся ён, так бянтэжыўся кожны раз.

Прыбраўшы са стала, сказала з гаспадарчай буднічнасцю:

— Ты адпачні, а я прапалю цыбулю. Дружная вясна ў гэтым годзе.

Ігар Арцёмавіч сеў на канапу, па-дзіцячаму падкурчыўшы босыя ногі, уключыў «Спідолу» і пад ціхую музыку непрыкметна заснуў.

Прачнуўся ад адчування, што на яго нехта глядзіць, чужы. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой лысага чалавека з маршчыністым тварам, але дзябёлага яшчэ ў паставе.

Заходзіла сонца. Біла ў вокны. I лысіна ў незнаёмага была ненатуральна ружовая.

Нейкі нядобры халадок штурхнуў у сэрца. Але ён папракнуў сябе:

«Што гэта ты, людзей пачаў баяцца?»

Спусціў ногі, пашукаў тапкі на падлозе, не адразу намацаў іх.

— Здароў, камісар, — фамільярна гукнуў незнаёмы.

— Добры дзень… вечар… але, ужо вечар, я заснуў…

— Пастарэў і ты. Не пазнаеш?

— Не пазнаю.

— Золатаў. Помніш?

«Золатаў!!! Сню я? Адкуль? З таго свету?»

Кроў ударыла ў патыліцу, зазвінела ў вушах. Моцна забалела галава. А сэрца… як адарвалася ад сасудаў і кідаецца ва ўсе бакі, балюча б’ецца аб сценкі грудной клеткі. Так нядоўга і да інфаркту. А другі трагічна канчаецца, ён добра гэта ведае, пражыў з урачом.

Ігар Арцёмавіч спалохаўся.

«Прэч, нячыстая сіла! Аксана! Аксана! Дзе ты? Хутчэй сюды! Уратуй мяне ад гэтага чалавека! Толькі ты, толькі ты можаш уратаваць».

Не, Аксану нельга клікаць! Аксана не павінна бачыць забойцу Стася!

Хацеў падняцца, але сілы не хапіла.

— Пастарэў ты. Няхай я… А ты дзетак вучыў… спакойная работа.