Ігар Арцёмавіч на нейкі момант апрытомнеў. Але ў яго адняло мову, паралізавала левую палавіну цела.
Прыехалі ўрачы «Хуткай». Аказвалі першую дапамогу. А ён лавіў Аксаніну руку і паказваў на яе пярсцёнак. На гэта звярнулі ўвагу.
— Ён хоча нешта сказаць, што звязана з вашым пярсцёнкам, Аксана Паўлаўна.
— Ігарок, родны мой? Што? Што табе мой пярсцёнак? Не магу зразумець.
Тады сказала спалоханая Стаська, якая зашылася было ў куток за шафу і плакала там:
— Дзядулечку забіў фантамас.
— Які фантамас? — і тут жа перад вачамі паўстаў лысы, што выйшаў з аўтобуса і ад позірку якога ёй стала нядобра. — Пра каго ты кажаш, Стасюлік?
— З дому выйшаў лысы такі, страшны…
— Золатаў! — крыкнула Аксана Паўлаўна, здзівіўшы калег. — Золатаў! Яго забіў Золатаў!
Магчыма, Ігар Арцёмавіч пачуў жончыны словы, бо выпусціў яе рукі і заплюшчыў вочы.
Праз два дні ў абласной газеце з’явіўся некралог: «Раптоўна памёр персанальны пенсіянер…»
I маладыя нават не чыталі скупыя радкі біяграфіі партызанскага камісара. I нікога не цікавіла прычына яго смерці: усе старыя паміраюць раптоўна.