Выбрать главу

Не, гэты корч не вывернеш — як ні пацей. Але які калун трзба, каб раскалоць яго? Быў такі «калун» у Золатава — ашаламіць чалавека нечаканым пытаннем.

— Аляксей Іванавіч, адкуль у цябе прозвішча такое — нямецкае?

— А ў мяне дзед — латышскі барон, — не міргнуўшы вокам, на поўным сур’ёзе адказаў Ман.

У Золатава п’яна ашклянелі вочы. Брагінскі насцярожана сцяўся, быццам на яго замахнуліся. Не разумеў капітан, навошта спатрэбілася камандзіру такая хлусня, небяскрыўдная гэта гульня на вайне ды яшчэ перад чалавекам, які прыляцеў са спецзаданнем і якому сам ён, камандзір, вызначыў абавязкі — начальнік асобага аддзела. Асобага! Вельмі добра кадравы камандзір ведаў, што такое асобы аддзел. Некалі ён таксама спытаў пра паходжанне камандзіравага прозвішча, палахліва, бадай, сарамліва. I Аляксей Іванавіч не без смяшкоў, аднак сур’ёзна расказаў. Прозвішча яго Манюк. Але калі служыў у пачатку дваццатых гадоў у Чырвонай Арміі і неяк, у адказ на чыёсьці пытанне, растлумачыў сэнс слова «манюк», камісар, латыш, інтэрнацыяналіст, аматар нямецкай літаратуры, у арыгінале чытаў, параіў скараціць немілагучнае беларускае слова, зрабіць з яго мілагучнае нямецкае, са значным сэнсам. Так і запісалі, у той час армія з’яўлялася заканадаўцам, партбілет выпісалі на Мана.

«У іх паўвёскі Манюкоў», — пацвердзіў Ігар.

Той праўдзівы расказ развесяліў Брагінскага: якіх дзівос не бывае! А гэтая вясёлая мана спалохала. Навошта такія дзіцячыя забаўкі? Навошта дражніць гусей?

А п’яны Ігар рагатаў з нечаканага жарту камандзіра.

— Дык ты, значыцца, з баронаў? Аляксей Іванавіч! Таварыш барон! А што! Гучыць! Напішам немцам ультыматум і падпішам: «Барон Ман». Няхай ламаюць галаву, адкуль у бальшавікоў барон.

Жарт камандзіра (расказалі і яму гісторыю гэтага прозвішча), Ігараў смех абразілі Золатава.

«За дурня лічыце? Пажывём — пабачым, хто з нас дурань».

2

«Замялі» іх у доме паліцэйскага Чурсіка. Яны гулялі ў карты, пакуль гаспадыня, надзіва маўклівая жанчына, смажыла на кухні сала. Гулялі весела, кідалі прымаўкі, пацягваючы прастуджанымі насамі — трое вугнявілі — апетытную духмянасць блізкай закускі. Найспраўнейшым майстрам на анекдоты і прымаўкі быў швагер Чурсіка — Мікола Хацяновіч. Уласна з-за гэтага электрыка ён, Стась Шабовіч, нямала прайграў тут марак, часам столькі, што пасля галадаў. Ад самога паліцэйскага павароту не чакаў, ведаў яго яшчэ да вайны — гад, з такім кашы не зварыш. Не, Мар’ян Чурсік таксама патрэбны кадр — з-за свайго доўгага языка; карысць можна атрымаць і з пены, калі з розумам сабраць яе. З-за гэтага Шабовіч яшчэ з мінулай зімы наведваўся ў яго дом, спачатку рэдка, а потым часцей і часцей. Спадабалася яму Хрысціна, жонка Чурсіка. Не, не як жанчына. Спадабалася маўклівасцю і тым, што разоў колькі ў яе вырывалася аеуджэнне Мар’яну, што той пайшоў у паліцыю. А ў разумнай сястры і брат не павінен быць дурнем. На брата, як кажуць, «загарэўся зуб», калі Хацяновіч прызнаўся, што электрычнасць ён наладжвае не толькі ў гарадской управе, але і ў іншых установах, у тым ліку і ў нямецкіх.

«Знаходка! — адразу ўхваліў Піліп Станулін, камандзір групы. — Падбівай клінні».

Але не так гэта проста было нават раскусіць гаваркога электрыка. Сыпаў прымаўкі, але ўсе яны — сухія, без «навару», не тое што пахвальба паліцэйскага: той, каб сцвердзіць, што ён шышка, выдае такія звестачкі, за якія падпольшчыкі дзякуюць. Напрыклад, вераснёўская татальная аблава. Шкада, што позна паліцай выбалбатаў, не ўсіх людзей удалося папярэдзіць. Але яго, Шабовіча, справа не толькі самародкі адкопваць, але збіраць і драбнюткія пясчынкі інфармацыі, і ён гэта ўмеў, яго Станулін нават перастаў браць на дыверсіі — каб захаваць для разведкі.

Нарэшце Хацяновіч, здаецца, скрануўся, як цяжкая крыга. Тыдні два назад, вяртаючыся ад Чурсіка, Стась пагаварыў з ім адкрытым тэкстам: у пошуках аднадумцаў ва ўмовах падполля заўсёды ёсць рызыка, без яе нікога не знойдзеш. Хацяновіч сказаў:

«Не цямні. Я даўно здагадаўся, што зяцю нашаму ты кампаньён толькі ў карты і што цікаўлю цябе я. Дзякую за добрую думку пра мяне. Калі выжывем, то нам жа доўга яшчэ жыць у сваёй краіне. А там падрахуюць, што ты зрабіў для перамогі».

Стась верыў людзям, якія думаюць пра будучае жыццё, а не толькі пра тое, каб сёння набіць чэрава. А сур’ёзныя думкі пра будучыню выводзяць чалавека на правільную дарогу.

Камандзір групы, здавалася Шыбовічу, нярэдка спяшаўся, ва ўсялякім разе цярплівасці яму не хапала. А тут ён не паспяшаўся. Вырашыў звязаць Хацяновіча з правераным членам групы байцом батальёна самааховы, які і ўправу ахоўваў, — Іванам Ткачуком.