Выбрать главу

Праваслаўе заставалася яшчэ колькасна большым, але саступала каталіцтву ў актыўнасці ды культурнасці. Яно толькі бараніла нутраную чысціню свайго жыцця, спрабавала захаваць лад старых традыцый. Каталіцтва ж набірала сілаў ды як рэлігія прывілеяваная рабілася ўзорам для пераймання вышэйшымі станамі.

Лінія міжканфесійнага[6] змагання пралягала праз двор вялікага князя, пазіцыя якога і задавала ёй напругу ды шмат чаго вызначала. Калі пры Вітаўце праваслаўныя князі мусілі стрымліваць свой пратэст (як бы ні абурала іх ваяўнічасць каталікоў), дык адразу па ягонай смерці, аб'яднаўшыся, яны абралі вялікім князем Свідрыгайлу Альгердавіча — сапраўднага ненавісніка ўсяго каталіцкага і польскага. Дайшло да вайны з Польшчаю, і праз два гады каталікі з падмогі палякаў зрабілі вялікім князем заўзятага паланафіла Жыгімонта Кейстутавіча, а Свідрыгайла ўзначаліў збройнае змаганне апазіцыі. І хоць Жыгімонт, шукаючы прыхільнасці праваслаўных, у 1432 годзе з Ягайлам, а ў 1434 самастойна выдаў прывілей аб наданні праваслаўным князям і баярам тых сама правоў, што мелі каталікі, але ўсё адно праз сваю прапольскую палітыку ён стаў ахвяраю змовы і быў забіты.

Новы манарх Казімір Ягайлавіч паставіўся да праваслаўных больш лаяльна. Спакойны і справядлівы гаспадар, разумны палітык, ён цвяроза ацэньваў становішча ў краіне ды імкнуўся не парушаць правоў і звычаяў бальшыні сваіх падданых. Але прызначэнне кіеўскім мітрапалітам у 1458 годзе Рыгора Балгарына ды пачатая ў выніку прапаганда царкоўнае вуніі зноў сапсавалі дачыненні паміж каталікамі і праваслаўнымі. Нашкодзіла згодзе рознаканфесійнага насельніцтва і забарона Казімірам Ягайлавічам у 1481 годзе будаваць ды рамантаваць праваслаўныя храмы ў Вільні і Віцебску. Гэтак праз дэкансалідацыю грамадства слабела Вялікае Княства знутры, а тым часам і яго вонкавае становішча пачало няўхільна пагаршацца.

Непаразуменні з Польшчай

У гады панавання вялікага князя Казіміра змяніліся ўзаемадачыненні Княства з Польшчаю. Вунія фактычна была разарваная самым абраннем яго на віленскі пасад. Дзве дзяржавы лучыла цяпер толькі асоба супольнага манарха. Перамовы пра ўзнаўленне вуніі паказалі, што палякі хочуць поўнай інкарпарацыі[7] Княства, а паслы апошняга згаджаюцца толькі на абарончы хаўрус — з гарантаваным захаваннем палітычнай індывідуальнасці кожнае краіны. Якое ж тут магло быць паразуменне? У дадатак Княства настойліва запатрабавала ад Польшчы вярнуць яму страчаныя яшчэ да Казіміра Ягайлавіча землі Падолля ды Валыні. Вільня нават пагражала Кракаву зброяй! Напруга нарастала і кожнае часіны магла павярнуцца вайною. Дайшло да таго, што варшаўскі намеснік І.Падося прыехаў у 1493 годзе ў Маскву з прапановаю дынастычнага шлюбу і ваеннага хаўрусу супраць дзяцей Казіміра Ягайлавіча!..

Варожасць Ордэна

Трывожна было і на мяжы з Ордэнам. Той здаўна выяўляў адкрытую варожасць да Вялікага Княства, а вось з Ноўгарадам Вялікім склаў 10-гадовае мірнае пагадненне.

Напады крымскіх татараў

З поўдня пачынаючы ад 1474 года на землі Княства пачалі наязджаць аб'яднаныя пад уладаю Гірэяў крымскія татары. З 1473 да 1482 года яны штогод пустошылі Падолле, Валынь, урываліся і на беларускае Палессе. Найбольш знішчальным быў паход 1482 года, калі з намовы маскоўскага вялікага князя Івана ІІІ арда Менглі-Гірэя наляцела на Падняпроўе, захапіла Кіеў і спаліла яго разам з замкам. Татары пабурылі і абрабавалі хрысціянскія бажніцы. Асабліва пацярпеў Пячорскі манастыр, у якім наезнікі[8] пазабівалі манашак, выграблі начынне, скарбы… А залатыя рэчы з Сафійскага сабору Менглі-Гірэй падараваў ініцыятару паходу — Івану ІІІ.

Адкуль галоўная небяспека?

Аднак найвялікшую трывогу выклікалі падзеі на ўсходніх межах Княства, дзе ўсё больш адкрытую варожасць дэманстравала Маскоўская дзяржава. Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ (1462–1505) падпарадкаваў Разань і Пскоў, затым падбіў Ноўгарад Вялікі і ў 1485 годзе нарэшце перамог апошняга канкурэнта Масквы — княства Цверскае. Маладая цэнтралізаваная дзяржава ўсутыч падышла да ўсходніх межаў Вялікага Княства. Парадніўшыся праз шлюб з Палеалогамі — уладарамі магутнае калісь Візантыйскае імперыі, Іван ІІІ прыняў за дзяржаўны герб арла візантыйскіх цэзараў і назваў сябе «государем всея Руси». Новы тытул сам па сабе пастуляваў кірунак далейшай экспансіі. Зрэшты, ідэю «адзінай Русі» маглі падказаць яму (прынамсі, пераканаць, што гэта рэальна) і шматлікія перабежнікі з Вялікага Княства Літоўскага.