Выбрать главу

Другі сон прыходзіў, здаецца, толькі аднойчы. Адзін толькі раз так бязлітасна ярка. Я ўбачыў наш мурожны луг з усімі яго кветкамі і матылямі, з усімі пахамі і песняй жаваранка над спякотнай цішынёй, з усёю травяною, зялёнаю ласкай для босых, заўсёды паколатых ног... Са сцішнаватай, ледзь празрыстай цемраддзю рачное глыбіні, у найглыбейшым падрэзе, дзе я — ужо не пастушок — пагладжваю, улагоджваю майго найбольшага язюка... Луг і рэчка, і той радасны гоман і смех — сіламі ўсіх ніжнебайдунскіх хлопчыкаў, хлопцаў, мужчын, — смех, ад якога я і прачнуўся на нарах, найшчаслівей заплаканы.

Вельмі мала знаёмыя са словамі «спорт», «рэкорд», «чэмпіён», мы не ведалі тады і слова «браканьер». Рыба была, і рыбу лавілі. Трохі сеткамі, трохі вудамі, трохі рукамі. Але рыба была. А сёння, калі яе і ахоўваюць, і глушаць амаль усенародна, — і лесхімгасаўцы, замест таго каб карчаваць тым толам лес, і мяшчане на персанальным транспарце, і некаторыя на ўсюдыходных «газіках», — калі яе і токам б'юць, і «тэлевізарам» ашукваюць, калі яе шкоднымі адыходамі дастаюць нават у такіх далёкіх лугах, як наш, — цяпер ужо і сетачкай на юшку налавіць — таксама браканьерства.

І мы не згодныя з гэтым. Тыя «мы», што сёння, у чэрвеньскі выходны дзень пяцьдзесят восьмага года, бродзім з таптухай. Дзе ў беразе, дзе на мяльчэйшым, у зеллі. Колькі нам трэба — дай бог вядро, ці хоць няпоўнае — на восем чалавек. Ды раз у год ці ў два гады, — так усё часу няма, каб спаткацца, як людзі.

Добра, канечне, любіць людзей маладых, каторыя варты гэтай любові. Аднак сустракацца з тымі, з кім сёе-тое перажыта, каторых усё менш ды менш, — гэта таксама добра.

Калі я пражыву і трыста трыццаць год, дык усё роўна буду з цёплым, высокім сумам успамінаць такія вечары, дзе чокаюцца не дзеля таго, каб напіцца, а каб смялей, шчырэй было сказаць, як мы рады сяброўскай сустрэчы, той сустрэчы, калі мы потым і заспяваем, ладна сышоўшыся не так галасамі, як для ўсіх нас зразумелым хваляваннем.

Наша вёска песенная здаўна. Мужчыны добра спяваюць. А больш дык правільна будзе сказаць: спявалі. Адны не павярталіся з франтоў, а хто вярнуўся, дык ужо і пастарэў. З тых асабліва, што на вайну пайшлі сямейнымі, пажылымі.

Хлопцы ў той вечар расказалі мне, што два з найлепшых ніжнебайдунскіх спевакоў, Уладзік Чыркун і Антось Навумовіч, летась увосень сабралі да плота ледзь што не ўвесь кірмашны натоўп. Ды не збіралі яны, а проста самі паселі, стаміўшыся, каля высокага тыну, на духмянай бясцветным рамонкам траве, на тым свабаднейшым на рынку месцы, дзе прадаюцца гаршкі, і заспявалі ціха і няспешна, для сябе.

Побач аціх спакваля перастук па гаршках ды збанках, торг спыніўся, і людзі сталі падыходзіць на песню. Спачатку мужчыны. Бліжэйшыя, пасля далейшыя. Хто на песню ішоў, а хто і на той збор, але, услухаўшыся, і сам заставаўся.

Што ж яны там спявалі? Што з тых песняў, якія ў розны час слухаў, а то спяваў і я? Можа, гэтую, горда-арліную:

...Зовет меня взглядом и криком своим И вымолвить хочет: «Давай улетим!..»

Ці, можа, гэтую — будзённую, зусім ужо сваю, вясковую, гарэзліва-вясёлую:

...А каб свінні паздыхалі і хата згарэла, як мне гэта прымачае жыццё надаела!..

Ці гэтую — журботна-задушэўную:

...Як хороше, як весело на білім світі жить! Чому ж у мене серденько І ние, и болить?..

Людзі стаялі, слухалі, і людзям было добра. То задумацца можна, то весела стане, то засумуецца. Так па-святочнаму, незвычайна.

Бо вось паселі гэтыя двух каля плота, адзін нават выцягнуў на траве кавялу. Гэта Ўладзік, што з Вялікай Айчыннай прыйшоў без нагі. Антосю ж яшчэ ў першую сусветную паадбівала пальцы на правай руцэ. Першаму будзе за шэсцьдзесят, і не ведаючы пазнаеш, а другому ўжо і на восьмы дзесятак трохі пайшло. Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады — тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра. І сумна і добра. Можа, нават і так, як бывала ў іх рэдка калі...

Як і нам цяпер, хлопцы, сябры мае, ужо таксама даўнія, не ўчарашнія партызаны.

МАЁР АСМАЛОЎСКІ

Вось так. А цяпер мне — думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?