Выбрать главу
Але ці быў у вас хоць міг адзін, Ахоплены павойным неспакоем, Калі жанчына, лепшая з жанчын, Вам уяўлялася гарынь-ракою; Калі яна свой ашчаджала час I хваляй паўставала немагчымай; Калі яна расказвала пра вас Не музыкай, не словам — а вачыма.
6 кастрычніка 1991
* * *
Хацеў бы я па вечарах 3 удумлівасцю лістападнай Па снах тваіх і валасах Жыццё далейшае разгадваць...
Мной неспазнаная яшчэ, — Паўз надпісы «Лянок» і «Мода», — Да плошчы Коласа цячэ Евангельская прахалода.
I я хацеў бы ў гэты міг, Як лепшую страфу, паднесці Да звонкіх валасоў тваіх Сэнс лістападны дабравесця.
Каб неспакойнае «ало» Згубіць у тэлефонным гудзе, Забыць пра тое, што было, I цешыцца з таго, што будзе.
Але ці мала што хацець Душа надумае ў змярканні, Калі праніклівая смерць Глядзіць спакойна на каханне;
Калі дыханне ў каўняры Спыняецца і мне даводзіць: «Смерць і каханне — дзве сястры Твае... і ты іх брат, выходзіць...»
I я згаджаюся, што брат, I рады гэтаму сваяцтву — Якіх яшчэ вялікіх страт 3 такімі сёстрамі баяцца!
Пакіне музыка мяне, Звядзе на струнную мякіну, — Яны ж і пры апошнім сне Мяне ніколі не пакінуць.
Дзве блізкія мае сястры, Але не па крыві — па страху; Яны спатоляць без пары Маю евангельскую прагу.
I ты — ім блізкая сястра... I нам пакінута надзея Ісці да Паўла і Пятра, Шлях пачынаючы з Мацвея.
14 кастрычніка 1991
* * *
X а ч у ўзыходзіць над м а г у У хвілю самую бязбожную. Я ў сэрцы кволасць берагу — Сваю саломінку апошнюю.
Я ведаю: не патану, Паверхні не згублю алмазнай, Адно — мой голас пойдзе дну Пра патаемнае расказваць.
Не буду замінаць яму, Няхай сабе распавядае, Што роспач не пазбыць таму, Хто па-сапраўднаму кахае;
Што па-над ястрабным х а ч у М а г у жураўнае не ўстане I праз персідскую парчу Цвяток радзімы не прагляне;
Што на саломінцы надлом Вясёлай ніткаю віецца I Апалонавым святлом На гэтым свеце марна грэцца;
Што застаецца — цішыня, I асака, і ноч рудая, Калі марудна цеплыня Кроў маладую пакідае.
20 кастрычніка 1991
* * *
Паэт сказаў: «Стамляецца метал... Святло стамляецца, і Апалон стамляецца, Арлы стамляюцца, вартуючы амфал, А хараство ніколі не стамляецца».
Я ўсцешаны, бо гэта зразумець Паспеў усё ж на трыццаць пятым годзе, Калі душа стамілася старэць I пачала паэзію знаходзіць.
Як у дзяцінстве, Божага Раства Салодкі лёд пакладзены на губы. Душа адчула холад хараства, Што пад калядныя прыходзіў бубны.
Шкадуючы далёкае, люблю Праседжваць ноч з суботы да нядзелі I назіраць, як просяцца ў зямлю Бяссмертнікі — сухія імартэлі.
Тады чужое робіцца сваім I цвет сухі, як толькі развіднее, Ужо не ахвяруючы нічым, Марозную сагрэе галілею...
3 апоўначы мне ўспамінаць да дня, П'янеючы ад акварэльнай скрухі, — Як да мяне прыходзіць чысціня I як яна мае цалуе рукі, —
I просіць расказаць пра хараство... Я новых таямніц не адкрываю, Нібыта свой чытаю гараскоп, Калі сурдзінным шэптам паўтараю
Вядомае: «Стамляецца метал... Святло стамляецца, і Апалон стамляецца, Арлы стамляюцца, вартуючы амфал, А хараство ніколі не стамляецца».
28 кастрычніка 1991
* * *