Выбрать главу
Мне шчасце дадзена магчымае I з ім такое адкрыццё, — Што толькі з гэтаю жанчынаю Спазнаю поўнае жыццё;
Што толькі з ёю мне адкрыюцца Глыбіні, цёмныя дасюль, I думкі чысцінёю ўмыюцца, I стане светла адусюль...
I толькі гэтак жыць мне хочацца, — 3 вясёлым страхам цераз край! Няхай душа мая заходзіцца I задыхаецца няхай;
Няхай пачуцці вінаватыя, Сваёй збаяўшыся віны, Папросяць радасці эладнае У вечна юнай даўніны...
У даўніны — не крык анафемны, А суцяшэнне для мяне: «Няма ні грэшных і ні праведных, А ёсць каханыя і не...
I што ж тут кепскага здараецца, Калі пад знакам адкрыцця, Жанчына любая з'яўляецца 3 чужога нейчага жыцця?!»
9 лістапада 1991
* * *
Я ведаю цябе ад хрызантэм I да радзімак, самых патаемных, — Ад чыстых ненапісаных паэм I да заўсёднай музыкі багемнай.
Ты — з глыбіні віёлавых садоў! I снежань упрыгожыўшы сабою, Не закрываешся ад халадоў Ні хустачкай і ні маёй журбою.
Як хрызантэма, мокне галава... Халодны дзень у кожную хвіліну Цалуе і не кіне цалаваць Твае пялёсткі, лісце і сцябліну.
Непаслухмяная, — ты йдзеш туды, Дзе нават мілаваннем не сагрэцца; Дзе чысціня кастальскае вады Бярэцца ў лёд і ў лёдзе застаецца.
Я ведаю, што хараству твайму Не падабае выгляд местачковы, Ды каб лягчэй перацярпець зіму — Хоць паўтары за мной такія словы:
Да хаты Майсюковай Іду я па сняжку У хустачцы пуховай, У белым кажушку.
25 лістапада 1991
* * *
Мы дажылі да першае зімы, Да першай радасці марознай, — Пакуль яшчэ крывёй сагрэты мы Артэрыяльнай і вянознай.
Да старасці, як да князёўства нам, Далёкі шлях — дай, Божа, ногі; На золата і срэбра нашым снам Яшчэ хапае добрай змогі.
Усё ў нас ёсць. Каханы гэты год Свяціў нам свечкай венецыйнай. Нас не палохае валютны лёд У магазінах камерцыйных.
Мы ведаем, што не пакрыўдзіць лёс; Што нас агорне, не пакіне Парнаскі снег, а першы наш мароз Падорыць белыя вяргіні...
У школьны ранак мы дзяцей сваіх, Пацалаваўшы, выпраўляем I недаедзены сняданак іх Мы даядаем, дапіваем;
I Блок-дзіця нам асвятляе твар, I засмучаюць нас харыты, Якім не падабаецца пясняр Акіянічнай Кармэнсіты...
Ты ў горадзе, і мой раўнівы зрок Эпохі блытае, няйначай — Я не хачу, каб у трамваі Блок Цябе, прыгожую, убачыў.
У рэўнасці маёй жыве сакрэт, 3 якім — не трэба славы большай. Я не хачу, каб любы мой паэт Табою павялічыў боль свой.
10 снежня 1991
* * *
Адкрыюся эндакрынолагу: «Яна ў маё нырнула цела I ў горле залатою голкаю Спынілася і зазвінела.
Я дыхаю арганнай шчырасцю — Яе дыханнем каталіцкім, Ды на аптэчную нішчымніцу Усё ж я змушаны маліцца.
Дзе лекі тыя, што вясёлкаю Гаюча ў жылах разальюцца, Мяне пакінуць з гэтай голкаю I не дадуць мне задыхнуцца?
Дзе тое простае і вечнае, Што, узышоўшы бальзамінам, Жанчыну любую вылечвае, Як пацалункам, успамінам?
Што прадчуваннем слова новага Мяне і ў старасці азорыць...» Не чую я эндакрынолага, А ён нічога й не гаворыць.
Ен апранае футру штучную, Ідзе з Траецкага прадмесця Сюды — дзе ззяе ў ноч аптэчную Кафэ «Сем пятніц» на праспекце.
4 студзеня 1992
* * *
У стомленасці ёсць тваё імя. Стамляючыся, ноч тваю сустрэну... Ты кветкі сніш, якія сню і я — Лілею каралеўную й вербену.