Выбрать главу
Мяне ў Парыж ты правяла, у дым, Якім я дыхаў і якім я плакаў. Гітара тэлефонная аб тым Званіла, што няма журбы ніякай.
Цяпер я веру: сапраўды няма... Сівы скрыпач у Люксембургскім садзе Іграе пра вясёлае імя Са стомленасцю любай у паглядзе...
Я заблудзіўся ў радасці чужой, Я заблукаў на дарагой чужыне, Упэўнены: з апошняю струной Парыжскі дым у сэрцы не астыне.
Фантанныя я надламаў слупы, Каб не ўцякла скрыпічная саната, Каб монпарнаскі небадом сляпы Убачыў яснасць неба і Сената.
Адпачывай, нядзельны мой Сенат, Курантамі нагадвай, што заўсёды Каханых прыме Люксембургскі сад I да скрыпічнай прывядзе лагоды.
У той лагодзе я знайшоу яе — Хвіліну галубінага спакою. Мая душа не плача, а пяе, Бо стомлена не лёсам, а табою.
3 лютага 1992, Парыж
* * *
Ты праплывай заўсёды нада мной I ў ружу завівай маё дыханне, Здзіўляй мяне парнаскаю цаной, Стамляй парнаскім хваляваннем.
I з таямніц, незразумелых мне, Адкрый мне тую таямніцу, Што ў гэтым хваляванні і цане Класічным мармурам іскрыцца.
О, не, не раскрывай яе да дна, А растлумач мне толькі тое — Калі мая каханая адна, Што робіцца з яе душою?
Здагадка забірае мой спакой, Бо ў той здагадцы навіна благая: Каханая парой такой 3 маёй паэзіі знікае.
Ты ў мармур апранаеш малады Яе зыход. I я бездапаможны! У вусны мармуровыя тады Яе цалуе кожны падарожны...
Скажы, што ўсё не так, што ўсё' не так, Што я здушыў сябе маною. Накрэслі мне супакаення знак I заставайся нада мною.
15 сакавіка 1992
* * *
Я прачытаў: адзін мастак, Што золатам пісаў дыханне, Тлумачыў жоўтае, як знак Найпранікнёнага кахання.
Раней падумаў бы: мана, Бо жоўты ж колер на разлуку I ў жоўтай радасці няма Ні кроплі радаснай, ні гуку.
Але цяпер са мною ты, Твой цвет вядомы мне і колер — Ен поўны сонечнай вады, Якой не высахнуць ніколі.
I я паверыў мастаку, У лёс ягоны самагубны, Што звон магільнага пяску Дадаў у колер непадкупны.
Мастак той ведаў, што лягчэй Магчыма жыць, але ці трэба? I з пастарскіх яго вачэй, Нібы з турмы, глядзела неба.
Спакоем кінуты і сном, Ад самагубства раіў шчыра Лячыцца хлебам і віном I правансальскім жоўтым сырам.
Тут і ўзышла сляза твая Над патаемным нашым садам, Табе здалося, што і я Той карыстаюся парадай;
Табе здалося, што жыву Як не жыву — адно чакаю, Дзе б гэта скласці галаву Дзеля імгненнага адчаю, —
I самагубства па мяне, Як па даступную ахвяру, У канапляным лахмане Ідзе, падобнае на Мару...
Павер, павер — усё не так, А ў тым, што расказаў такое, Магчыма, вінен той мастак, Што закахаўся ў жоўты колер.
Прабач, каханая, цябе Сваёю кніжнаю трывогай Я напалохаў і цяпер — Я варты кары самай строгай.
Я ні душой, ні галавой Не адчуваю адцвітання, Бо адчуваю колер твой — Найпранікнёнага кахання.
А на яе — слязу тваю — Гляджу і цешуся нямала: Пяецца лёгка салаўю Там, дзе яна ўзышла-упала.
12 чэрвеня — 20 чэрвеня 1992
* * *
Каханая, мне трыццаць пяць — Век віртуознае ігры! I я хачу цябе кахаць, Струну выводзячы з імглы...
Твае мужчыны, што былі, Мае жанчыны, што былі, — У незваротнасць адплылі, У незваротнасць адплылі.
Хвіліны лепшыя мае — Калі, заўсёды малады, Мой госць пяшчотны спазнае Твае галіны і плады.